Найлепш прэзентуе змест новай кнігі меркаванне бывалага рыбака, узятае за эпіграф: “Навошта выдумваць, калі і ад праўды сківіца вісне”. Пачатак зімы, паводле Яўгена Бяласіна, самы час “на тэорыю, каву і абмен байкамі”. Ён запрашае 21 снежня на творчую сустрэчу і прэзентацыю “Шчупакабры” ў Гродне. Апроч рыбацкіх гісторый пісьменнік прадставіць таксама кнігу вершаў, апавяданняў і перакладаў “На пераломе”, што выйшла год таму, а таксама іншыя свае творы.

shchupakabra

ЧЫТАЦЬ ФРАГМЕНТ КНІГІ Ў PDF

На сустрэчы аўтар распавядзе аб выжыванні на прыродзе, аб рыбацкіх трафеях і ўловах, спосабах рабіць снасці і лавіць рыбу. Таксама пра асноўную карысць ад рыбалкі і прыроды – магчымасць адчуваць тонус жыцця і пражыць даўжэй.

podpisyi

Месцамі дзеяў кнігі сталі Зяльвянка, Нёман, Свіцязь, Прыпяць, Лясная – дзясяткі рэк і вадаёмаў радзімы і замежжа. “Шчупакабру” можна акрэсліць як новае слова, прамоўленае нашым земляком у роднай літаратуры.

Некалькі апошніх раздзелаў кнігі напісаны па матывах журналісцкіх публікацый аўтара, за каторыя Яўген прызнаны лепшым сярод журналістаў, што пішуць на экалагічныя тэмы ў Беларусі (2015).

Разам са “Шчупакабрай” Яўген Бяласін прадставіць гарадзенцам  кнігу, што вышла год раней. Гэта зборнік вершаў, апавяданняў і перакладаў “На пераломе”. Сам аўтар называе яго “Творам на 5 моў і 35 гадоў .”

na-peralome

У ім, поруч з перакладамі, змешчаны арыгіналы класічных твораў нямецкай і беларускай паэзіі. Кніга мае і аўтарскія вершы на некалькіх мовах, а таксама эксперыментальныя тэксты, мікратэксты і нават словы як літаратурныя творы. Зборнік  “На пераломе”, такім чынам, спалучае жывапіс фарбаў, фота і моў.

Гэты візіт Яўгена Бяласіна ў Гродна не першы. Пісьменнік ужо быў госцем курсаў “Мова нанова” і прадстаўляў тут кнігу “Подземелья Бреста, крепости и…”, а таксама разважаў з чытачамі пра таямніцы, што могуць хаваць падзямеллі Гродна. Кнігі Яўгена таксама ўвесь час можна знайсці ў нашым горадзе. Яны прадаюцца ў “Рыбацкай краме” (БЛК, 16), кнігарнях  сістэмы “Белкніга” і ў этнакраме “Цудоўня”.

Сустрэча з аўтарам “Шчупакабры”  пройдзе 21 снежня ў 18.00 па адрасе Будзёнага, 48а, офіс 63. Уваход вольны.