«Аказія ЖЗМВ» — так называецца апавяданне, якое гродзенка адправіла на літаратурны конкурс да 100-годдзя аб’яднання «Маладняк». Адправіла - і стала адной з пераможцаў. Скарот «ЖЗМВ» азначае «жанчына з меднымі валасамі», а само апавяданне падобнае да гульні, дзе лёс гераіні вырашае чытачка ці чытач ды ігральны кубік. Пра тое, што пішацца і што не пішацца, што дапамагае і замінае ў пісьменніцтве і пры чым тут увогуле Гродна, Кацярына Дабкене расказала Telegram-каналу «Тётя Ира разрешила». Hrodna.life пераказвае гэту гісторыю.

«Калі пісаць, то па-беларуску»

Усё пачалося з таго, што ў дзядулі была бяссонніца. Можа, яму гэта і не падабалася, а малой Кацярыне — падабалася.

«Я вельмі любіла прыходзіць да яго ўначы, каб ён пачытаў мне штосьці. Ён часта цытаваў некалькі радкоў з верша і прапаноўваў мне закончыць. Ці прыдумляў гульні са словамі. Напэўна, гэта дзядуля прышчапіў мне цікавасць [да пісьменніцтва].

Я заўсёды пісала нешта для сябе. Спачатку, як усе дзяўчынкі, штосьці такое дзіцячае. Вельмі падабаліся творчыя заданні ў школе, вершы пісала. Але ставілася да гэтага больш як да забавы і гульні. Не надта лічыла, што ў мяне атрымліваецца».

У студэнцкія гады Кацярына працягвала пісаць — па-руску і па-англійску. «Па-беларуску было менш. Наогул, у мяне не было беларускамоўнага асяроддзя. Але пасля падзей 2020 вырашыла: калі пісаць, то па-беларуску».

Ад вершаў хоку да постмадэрнісцкай прозы

«Шмат людзей у маім асяроддзі пішуць, бо хочуць пераасэнсаваць траўму. Мне здаецца, гэта вельмі персанальна для кожнага. Хтосьці перажывае, пакуль піша. Я зараз сама звязана з пісьмовымі практыкамі, з псіхалагічным аспектам пісання. Разумею, як гэта працуе. Але ў мяне — інакш. Я магу напісаць нешта для паляпшэння эмацыйнага стану, але разумею, што творам гэта не стане», — тлумачыць Кацярына свае падыходы да пісьма.

Паводле яе, напісаць мастацкі твор можна, калі падзеі ўжо перажытыя, асэнсаваныя і засталіся ў мінулым. Праз тое яе беларускамоўнае пісьменніцтва пачалося з хоку — кароткіх вершаваных эцюдаў і замалёвак: «Мне вельмі падабалася, як кладуцца словы. Нібыта вышываеш і гэтыя словы ўкладаюцца неяк». Цэлы месяц выкладала на сваіх старонках па адным вершы.

Ноч напаўзае
шаўкавістай вужакай.
Налью малака. 
...
На галіне гіль.
Ахвяроўвае чырвань
Небу. Белы сьнег. 
...
Вар'ят - араты
Дарма сее косьці й кроў
бо ўзыдзе праўда. 

Ускочыла ў апошні вагон

«Цікавасць да беларускай літаратуры з’явілася пасля нараджэння дзіцяці, бо ў нас шмат крутых дзіцячых кніг, — кажа Кацярына. — Так і пачалося — сачыла за Ганнай Янкута, Марыяй Мартысевіч». Сама таксама пісала — для сябе. Калі з’явілася аб’ява пра конкурс — проста адправіла.

Конкурс быў абвешчаны для маладых пісьменнікаў і пра сябе адзначыла, што гэта апошні вагон, бо мне 35. Даслала на ўдачу, ні на што не разлічвала. [Перамогай] уражана вельмі была, неверагодна".

Гэта не першы літаратурны конкурс для Кацярыны Дабкене. «Раней, гадоў дзесяць таму, я працавала ў медычным універсітэце ў Гродне. Там быў літаратурны клуб „Катарсіс“, дзе таксама ладзілі конкурсы. Атрымлівала ўзнагароды там, а потым была ў журы». Кіруе літаратурным клубам у медуніверсітэце Віктар Варанец. Ён і стаў першым рэдактарам конкурснага твора.

Чытайце таксама: Таямніца Фары Вітаўта і гарматы на дне Нёмана: гродзенскія скарбы Віктара Варанца абмеркавалі ў падкасце «Гаворыць Гродна»

«Увогуле, Віктару Іванавічу [Варанцу] я вельмі ўдзячная, бо ён першым пабачыў тэкст. Папрасіла яго парэдагаваць, паглядзець, ці ўсё там добра, бо дагэтуль не пісала такія аб’ёмныя тэксты па-беларуску».

Трывіяльны сюжэт і нечаканая развязка

У аснове апавядання «Аказія ЖЗМВ» — нечаканае пачуццё, што абудзіў у жанчыне выпадковы знаёмец.

«Не магу сказаць, што нешта тут ад мяне з пункту гледжання сюжэту. У мяне шмат сябровак, з якімі мы разважаем пра жыццё, пра сталенне. То вобраз гераіні зборны. Мне здаецца, там зміксаваны мае пачуцці, стаўленне да часу, да ролі жанчыны».

«Трывіяльны» сюжэт, па словах Кацярыны, выбірала адмыслова: «Тут такая з’ява — інтрыжка. Часцей за ўсё жанчына кідаецца ў такія адносіны, бо адчувае, што страчвае маладосць — нешта такога кшталту. Але для мне асноўная рэч — у гэтым кубіку і ў выбары. Увесь псіхалагізм у гэтым».

Што да ўласных адносін да сюжэта, то веры ў шанец на шчаслівую развязку Кацярына не бачыць.

«Не веру, што нешта можа атрымацца добра. Для мяне гэта апавяданне — спроба паказаць сабе ды іншым жанчынам, што ёсць розныя выйсці, розныя шляхі развіцця падзей. Што можна выбіраць. Не лёс дыктуе табе, што рабіць. Гэта такая з падвойным дном гісторыя для мяне. Я б хацела, каб яна была вельмі феміністычнай, каб давала жанчыне выбар».

У выбары назвы, па словах аўтаркі, найперш кіравалася тым, што «падабаецца, як гэта гучыць — ЖЗМВ». Па-другое, каб кожная магла плюс-мінус з ёй атаясамлівацца, каб было лягчэй «увайсці ў яе боты і пражыць гісторыю разам з ёй».

Прачытаць апавяданне анлайн можна ў часопісе «Дзеяслоў», на паперы — у зборніку «Вымярэнне свабоды».

Комплекс самазванкі - пра цяжкасць сумяшчаць пісьменніцтва з жыццём

Зараз Кацярына піша ў асноўным апавяданні і марыць калі-небудзь іх выдаць. «Я б хацела нейкі канцэптуальны зборнік зрабіць, з гульнёй. Люблю такое, каб было не проста чытво, а паламаць галаву было над чым. На раман пакуль не адчуваю ў сабе моцы. Можа аповесць — максімум».

Каханне і выбар прынеслі перамогу. Як Кацярына Дабкене стала найлепшай маладой пісьменніцай Беларусі

Аб тым, як спалучаць пісьмо са штодзённым жыццём, Кацярына разважае са зразумелым жанчынам болем: «Пісьмо замінае жыць нармальна. Заўсёдны комплекс самазванкі. Я і кінуць не магу, і супакоіцца не магу. Гэта такая вайна — і бой, і радасць. Аб чым я мару зараз — каб быў на гэта час. Бо пакуль — па астатачным прынцыпе — сям’я, праца … А пісьмо — калі-небудзь, можа быць. Але калі сядаю — я вельмі шчаслівая і ўсё атрымліваецца».

Гродна ў тэкстах — паміж радкоў

Гродна — мой родны горад. Я там нарадзілася, вучылася і правяла ўсё жыццё. Жыла ў розных раёнах, амаль заўсёды блізка да цэнтра. Дзядуля і бабуля мае з Праспекта Касманаўтаў. І калі мы з сяброўкай казалі, што пойдзем гуляць на двор, то гэта было і Свярдлова, і Савецкая плошча, і Ажэшкі, і Кірава, і Леніна — усе гэтыя вуліцы, увесь стары горад. Калі мне прыйшлося з’ехаць на Болдзіна, а пасля на Янкі Купалы, я вельмі пакутавала, што так далёка ад цэнтра.

У тэкстах Кацярына ніколі не называе месца падзеяў.

«Тапаграфічна там Гродна няма, ён не вызначаны. Няма такога, каб нешта адбывалася на канкрэтным месцы, кшталту плошчы Савецкай. Але калі пішу, то ўяўляю менавіта Гродна — свой горад, ён у галаве. Ва ўражаннях, ва ўяўленнях — ён заўжды».

Чытайце таксама: Гродна — горад шпіёнаў, скарбашукальнікаў і рамантыкаў? Адказы ў падкасце «Гаворыць Гродна»