Пасля працяглай міжнароднай паўзы аднавіўся чэмпіянат Беларусі па хакеі. У Гродне 22 снежня «Нёман» прымаў салігорскі «Шахцёр» і ўпэўнена абыграў свайго суперніка з лікам 6:1.
За час перапынку каманда Сяргея Пушкова так засумавала па гульні, што проста не пакінула шанцаў «Шахцёру».
Гродзенцам удалося хутка вызначыцца. Зрабілі яны гэта ў меншасці на 2-й хвіліне матчу. Адметна тое, што шайбу закінуў навабранец каманды Канстанцін Багданоўскі. Праз чатыры хвіліны дакладным кідком Коршунаў падвойвае перавагу «Нёмана». Больш вызначыцца гродзенцам у перыядзе не атрымалася.
Старт другога выйшаў вельмі добрым. За 1,5 хвіліны гульцы «Нёмана» здолелі закінуць тры шайбы ў вароты «Шахцёра». Вызначыліся Рэмезаў, Баярчук і Дарафееў. Таксама ў другім перыядзе на 29-й хвіліне Баярчуку ўдалося аформіць дубль.
У трэцяй дваццаціхвілінцы падапечныя Сяргея Пушкова шайбаў не закінулі, хоць момантаў для ўзяцця варот было дастаткова. Гол прэстыжу, а таксама кропку ў матчы, паставіў на 45-й хвіліне легіянер «Шахцёра» Робінсан.
«Нёман» — «Шахцёр» 6:1 (2:0, 4:0, 0:1)
01.15 1:0 — Багданоўскі (Гарбачэнка, — мен.)
05.08 2:0 — Коршунаў (Баярчук, Бадун)
22.12 3:0 — Рэмезаў (Жыдкіх, Лісічкін)
22.44 4:0 — Баярчук (Дадонаў)
23.34 5:0 — Дарафееў (Гарбачэнка, Лакканен)
29.54 6:0 — Баярчук
44.19 6:1 — Робінсан (Ляўша, Дзямкоў, — бол.)
Пасля перамогі над «Шахцёрам» «Нёман» працягнуў займаць другое месца ў турнірнай табліцы. У гродзенскай каманды ў актыве 65 ачкоў. На першым месцы ідзе «Юнацтва» — 71 ачко.
Ужо 24 снежня «Нёману» трэба будзе зноў сустрэцца з «Шахцёрам», на гэты раз гульня пройдзе ў Салігорску.