Рэканструкцыю дома па вул. Малой Траецкай, 13 вядуць нетыповым для Гродна спосабам. Каб захаваць будынак яго вырашылі абкласці новымі цаглінамі. Рабочыя кажуць, што гэта адзін са спосабаў захавання старых пабудоў.

«Каб не парушаць архітэктуру горада, дом трэба захаваць. Але стан будынка быў жахлівы — сцены патрэсканыя, унутры ўсё перагнiла. Прасцей было разваліць і пабудаваць новы будынак, але вырашылі дом ратаваць.

Мы ставілі швейлеры — сцягвалі сцены. Пасля сталі абкладваць звонку чырвонай цэглай. Гэта не толькі ўцяпляльнік, яна яшчэ і ўтрымлівае аварыйныя сцены. Потым цэглу нават не будзе бачна — усё затынкуем", — распавёў адзін з рабочых.

Гісторык Мечыслаў Супрон распавёў, што ў такой рэканструкцыі ёсць як плюсы, так і мінусы.

«Прыбудоўваючы да існуючага аб’ёма шэраг цэглы, фактычна на новым падмурку, падрадчык захавае аўтэнтычныя сцены. Арыгінальны будынак застанецца амаль некранутым. Але скажаецца выгляд будынка. Аднак гісторыя з „рэканструкцыяй“ гістрарычных будынкаў, калі арыгінальная пабудова руйнуйцца, а на яе месцы ўзводзіцца навароб, паказвае, што гэты прыклад — не самы горшы».

Так дом выглядаў у красавiку:

Пра дом № 13 да нашых дзён не дайшло амаль ніякай інфармацыі - гэта шараговая забудова. Вядома, што ён быў пабудаваны ў 1875 годзе і знаходзіўся ў габрэйскім квартале. Са слоў працоўных, падчас даследвання яны нічога не знайшлі, бо тут яшчэ за савецкім часам праводзіўся рамонт. У будучыні ўладальнік плануе зрабіць тут гасцініцу або хостэл.