З 8 красавіка на тэрыторыі былога яўрэйскага квартала Школьны двор па вуліцы Вялікай Траецкай пачаўся археалагічны нагляд. Там праходзіць рэканструкцыя старога дома, які пасля будаўнічых работ вырасце ў некалькі разоў.

Дом на Вялікай Траецкай, вядомы як «крывы», некалькі гадоў пуставаў і быў на грані зносу. У 2017 годзе новы ўласнік — чайны дом «ЧайКоффский» у асобе Дзмітрыя Рыхліцкага — вырашыў перабудаваць будынак пад гасцініцу з броварам і офісамі. Ён адразу паведаміў грамадскасці, што на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі падчас земляных работ будзе праводзіцца археалагічны нагляд.

Гэта важна, бо ў выніку будаўніцтва новага аб’ёму могуць быць знішчаныя падмуркі сямі камяніц і сінагог. Мабыць, самым каштоўным будынкам, які тут калісьці знаходзіўся, была яўрэйская малітоўня цэха мяснікоў 19−20 стст.

Сітуацыя не задаволіла некаторых мясцовых краязнаўцаў і гісторыкаў. Сярод іх актыўна выступаў Мечыслаў Супрон, які напісаў зварот у Міністэрства культуры. Супрон лічыць, што новае будаўніцтва можа назаўсёды пахаваць ідэю адраджэння і рэгенерацыі Школьнага двара.

Знаходкі ёсць: на месцы страчанага яўрэйскага квартала ў Гродне працуюць археолагі 
Школьны двор. Фотаздымак міжваеннага часу. З усіх будынкаў, што мы бачым на першым плане, захавалася толькі харальная сінагога
Гісторык застаўся незадаволены адказам з Міністэрства культурыі. Ён адзначыў, што адзінае, чаго можна і трэба дамагацца зараз — правядзення нармальных археалагічных раскопак на месцы, а не археалагічнага нагляда.

«Працэс запушчаны і яго нельга спыніць. Я не задаволены адказам з Міністэрства культуры, гэта проста адпіска», — сказаў Мечыслаў Супрон.

Уласнік будынка Дзмітрый Рыхліцкі распавёў Hrodna.life, што перад будаўнічымі работамі ён прайшоў усе экспертызы і грамадскія абмеркаванні. Таксама ён прапанаваў Супрону выкупіць 15 сотак сваёй зямлі, каб той паказай, «як трэба рабіць».

Усё будзе ў справаздачы

Археалагічны нагляд на будаўнічай пляцоўцы пачаўся 8 красавіка, у той момант, калі пачаліся земляныя работы. На тэрыторыі аб’екта працуюць спецыялісты з Акадэміі Навук.

«Праводзім нагляд па 4-й форме — назіранне. Знаходкі ёсць, але пакуль нічога казаць не будзем. Уся інфармацыя будзе ў справаздачы, якую перадамо ў Акадэмію Навук», — распавялі Hrodna.life на аб’екце.

Сёння ад аднаго з самых шчыльных яўрэйскіх раёнаў старога Гродна засталіся толькі чатыры будынкі. Астатнія былі зруйнаваныя ў мірны пасляваенны час. Як выглядаў старадаўні квартал Школьны двор, можна паглядзець тут.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life