Знешні выгляд навабуда. Сваімі памерамі будынак будзе пераўзыходзіць сінагогу — архітэктурную дамінанту Школьнага двара.

Нядаўна ў Гродне пачалася рэканструкцыя гістарычнага будынка на месцы былога яўрэйскага квартала па адрасе Вялікая Траецкая, 47. У выніку «рэканструкцыі» ён павялічыцца амаль у дзесяць разоў, а ў гістарычным цэнтры горада вырасце чарговы бетонны гмах, піша nn.by.

Падчас будаўнічых прац будзе знішчаны вялізны пласт культурнага слою ХІІ—ХІХ стст. (калісьці тут быў старажытны дзядзінец) разам з падмуркамі сямі камяніц сярэдзіны ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, якія стаялі на гэтым месцы. Напэўна, самым каштоўным будынкам сярод іх была малітоўня цэха мяснікоў. Гэта быў адзін з сямі яўрэйскіх храмаў Школьнага двара. Як нам удалося высветліць, пяць з гэтых храмаў былі пабудаваны (у некаторых выпадках перабудаваны) адным архітэктарам і ўяўлялі сабой адзіны архітэктурны комплекс, аналагаў якому на тэрыторыі нашай краіны проста не было!

На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Сінагога мяснікоў, сінагога адстаўных салдат, харальная сінагога… Яўрэйскія храмы Школьнага двара ўтваралі адзіны комплекс, аналагаў якому на тэрыторыі нашай краіны не існавала.

Што такое Школьны двор?

Школьнымі дварамі ў нашым краі спрадвеку называлі гарадскія яўрэйскія кварталы, дзе звычайна побач з галоўнай сінагогай кампактна размяшчаліся малітоўні, або «школы». Часцей за ўсё пад гэтай назвай разумеліся асобныя будынкі або памяшканні, дзе яўрэі супольна маліліся і атрымлівалі рэлігійную адукацыю (у гістарычных дакументах — «малельныя школы»). У гарадах існавалі нават спецыяльныя малітоўні для асобных рамесных аб’яднанняў і прафесій: фурманаў, мяснікоў, вадавозаў, краўцоў, шкляроў, пільшчыкаў, падмайстраў і нават адстаўных салдат.


Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны


Чым быў унікальны гродзенскі Школьны двор?

Яўрэйскі квартал у Гродне пачаў фарміравацца ў 16 ст. каля Вялікай харальнай сінагогі, будынак якой у змененым выглядзе захаваўся да нашага часу. У цяперашні час храм лічыцца адным з найстарэйшых дзейных сінагог у Еўропе!

На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Вялікая харальная сінагога і Школьны двор. Фота пачатку ХХ ст.

Да першай паловы ХІХ ст. гродзенскі Школьны двор быў раёнам хаатычнай драўлянай забудовы паміж вуліцамі Крывой і Школьнай Жыдоўскай, дзе з-за высокай шчыльнасці насельніцтва часта здараліся пажары. Найбольш моцны пажар адбыўся ў 1837 г., калі згарэла некалькі дзясяткаў дамоў. На знішчаным пажарам месцы ў 1838 г. губернскія ўлады вырашылі зрабіць гандлёвую плошчу, якая цягам ХІХ—ХХ стагоддзяў называлася «Школьны двор», «Рыбная плошча», а потым «Мясны рынак». Тут было шмат драўляных крамак, дзе звычайна гандлявалі прадуктамі жывёльнага паходжання і хлебам.

Падчас вялікага пажару, які адбыўся летам 1899 г., Школьны двор выгарэў амаль дашчэнту. Агнём былі знішчаны фактычна ўсе малітоўні і прытулак для хворых, а таксама моцна пашкоджаны будынак сінагогі. Адбудова квартала стала надзвычай важнай справай для ўсёй яўрэйскай грамады горада. Сінагогу, прытулак, а таксама тры малітоўныя школы было вырашана адбудаваць комплексна. Для гэтай мэты быў запрошаны самы круты і модны на той час у горадзе архітэктар — Майсей Зельманавіч Любіч, які да гэтага часу паспеў збудаваць у Гродне як мінімум тры малітоўныя школы, сярод якіх — будынак школы цэху мяснікоў ля галоўнай сінагогі.

На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Школьны двор. Фотаздымак міжваеннага часу. З усіх будынкаў, што мы бачым на першым плане, захавалася толькі сінагога.

Самы модны гродзенскі архітэктар

Майсей Любіч валодаў прыватнай праектнай арганізацыяй — тэхнічнай канторай, у якой выконваліся праекты будынкаў. Ён быў сынам чальца гарадской управы Зельмана Любіча і, відаць, меў добрую адукацыю і неблагія сувязі.


Каля сінагогі ў Гродне выявілі падмуркі малітоўнай школы «Хеўрэ Алшых»


Цягам некалькіх гадоў па праекце Любіча ў навамодным маўрытанскім стылі былі перабудаваныя галоўная сінагога, будынак школы хасідаў і Кляўз, і з нуля ўзведзеныя школы Хеўра-Алшых і цэха мяснікоў. На будынак новага прытулку для хворых, відаць, не хапіла грошай. Галоўнай мастацкай асаблівасцю, які аб’ядноўваў гэты комплекс з пяці яўрэйскіх храмаў, з’яўлялася багатае дэкараванне вонкавых сцен рустам і ўпрыгожванне вокнаў ліштвамі, фланкаванне фасадаў квадратнымі вежамі з кілепадобнымі завяршэннямі.

На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Школа Хеўра-Алшых. Праектны план 1900 года. Аўтар — М. Любіч. Паводле інфармацыі hrodna.life, «Хеўрэ» або «хеўра» у перакладзе — брацтва (аб’яднанне), «Алших» — хутчэй за ўсё прозвішча равіна (адміністратара, мецэната) малітоўні.
На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Графічная рэканструкцыя фасаду малітоўнай школы цэха мяснікоў аўтарства М. Любіча, на месцы якой будзе ўзведзены новы аб’ём з шкла і бетону.
На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Незрэалізаваны праект прытулку для хворых.

Любіч упершыню засвяціўся ў якасці архітэктара пасля таго, як у выніку веснавога пажару 1885 г. згарэла палова Гродна. Горад пачаў адбудоўвацца вельмі імкліва, і такія прафесіі, як архітэктары і будаўнікі, былі аднымі з найбольш запатрабаваных. Самымі прыкметнымі праектамі М. Любіча ў гэты час з’яўляюцца дом купца Мураўёва на Параднай плошчы, воданапорная вежа і дом купцоў Франкаў на Саборнай вуліцы. Пасля рэалізацыі гэтых аб’ектаў архітэктар набыў вядомасць. Галоўнымі кліентамі Любіча выступалі самыя заможныя жыхары Гродна.

На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Дом купца Мураўёва на цэнтральнай плошчы — самы адметны грамадскі будынак Гродна. Ён таксама ўзведзены па праекце М. Любіча.

Пра тое, наколькі паважаным быў чалавекам Майсей Любіч, сведчыць той факт, што ў 1891 г. гарадскі галава Гродна звярнуўся з просьбай да губернатара аб наданні яму ганаровага грамадзянства. Аднак міністэрства юстыцыі не дазволіла зрабіць гэтага, спасылаючыся на тое, што той не адпавядае патрабаванням аб наданні асабістага ганаровага грамадзянства. Нягледзячы на адмову, архітэктар актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада: ён з’яўляўся сябрам праўлення добраахвотнага пажарнага таварыства, а таксама сябрам таварыства па забеспячэнні беднага насельніцтва дровамі і іншымі прадметамі першай неабходнасці.

Што пабудуюць на тэрыторыі былога Школьнага двара?

Да нядаўняга часу ад былога Школьнага двара, не лічачы сінагогі і малітоўнай школы Кляўз, захаваўся апошні дом, празваны ў народзе «крывым» з-за характэрнай выгнутай формы фасаду. Ён некалькі год пуставаў і быў на грані зносу. У 2017 годзе ўласнік — чайны дом «ЧайКоффский» — вырашыў перабудаваць будынак пад гасцініцу з броварам і офісамі. У канцы 2018 года на аб’екце пачаліся падрыхтоўчыя працы.

На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Крывы дом. Апошні грамадскі будынак Школьнага двара. Фота 2009 года.

Найперш будаўнікі знеслі «крывы дом», пакінуўшы толькі яго фасадную частку. І толькі тады, нарэшце, на плоце перад будынкам быў вывешаны праектны план рэканструкцыі. Тое, што было прадстаўлена там у выглядзе малюнкаў, прывяло грамадства ў шок!

На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Знешні выгляд навабуда. Сваімі памерамі будынак будзе пераўзыходзіць сінагогу — архітэктурную дамінанту Школьнага двара.

Замест тыповай камянічкі неўзабаве там вырасце жалезабетонна-шкляная пачварная гаргара, якая сваімі памерамі будзе пераўзыходзіць будынак галоўнай сінагогі. Фактычна, сваім аб’ёмам гэты монстр «з’есць» палову тэрыторыі былога Школьнага двара і пахавае пад сабой падмуркі сямі камяніц канца ХІХ стагоддзя, сярод якіх адна з самых прыгожых — малітоўная школа мяснікоў аўтарства архітэктара М. Любіча!

І гэта прытым што ўвесь гэты комплекс вырасце пад самым бокам сінагогі — адной з самых галоўных атракцый для турыстаў у горадзе.

На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Будынак гродзенскай Вялікай харальнай сінагогі. У хуткім часе насупраць яе вырасце навабуд, які будзе пераўзыходзіць яе памерамі.

Да таго ж, гэты комплекс назаўсёды пахавае ідэю адраджэння і рэгенерацыі Школьнага двара. А ў выніку будаўніцтва пры адсутнасці археалагічных раскопак (а менавіта тут у ХІІ стагоддзі знаходзіўся гарадскі пасад) на сметнік будзе вывезена некалькі сотняў кубаметраў надзвычай каштоўнага для навукі культурнага слою. Варта сказаць, што цягам апошніх гадоў у горадзе фактычна не праводзіліся паўнавартасныя археалагічныя раскопкі. Усе будаўнічыя працы ў цэнтры праводзяцца пад наглядам археолагаў, якіх прысылае ў Гродна Акадэмія навук. Уся сутнасць іх працы заключаецца ў фотафіксацыі культурнага слоя і назіранні за тым, як будаўнічая тэхніка рые катлаваны і вывозіць грунт за горад. Зразумела, што ўсе каштоўныя артэфакты ў такіх умовах немагчыма заўважыць, і яны могуць патрапіць на гарадскі сметнік. Невядома, колькі артэфактаў мы страцілі ў выніку такіх «археалагічных наглядаў».


Кубачак кавы на Гварнай вуліцы: што рабіць з кварталам за сінагогай цяпер, калі ад дублёра Траецкай адмовіліся


На месцы страчанага непаўторнага квартала ў Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну
Археалагічны нагляд ля сцен сінагогі, 2018 г. У выніку пракладкі камунікацый былі часткова знішчаны падмуркі малітоўнай школы Хеўра-Алшых.

Атрымліваецца, улады дзеля невялікай для гарадскога бюджэту выгоды пайшлі насустрач інвестару, які знішчыць культурны пласт пасада і ўсе надзеі на рэгенерацыю квартала. У ідэале, на гэтай тэрыторыі можна было б правесці планавыя археалагічныя раскопкі і аднавіць знішчаныя малітоўныя дамы ў комплексе з сінагогай, што мела б непараўнальна большыя шансы стаць адным з самых прыгожых месцаў горада.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.