Працу экскаватара на месцы будоўлі новага аб’екта грамадскага прызначэння на Савецкай плошчы прыпынілі. Туды прыедуць археолагі, каб правесці раскопкі знойдзеных прадметаў. Пра гэта выданню Sputnik сказаў супрацоўнік інстытута Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Андрэй Вайцяховіч.

Каля дома Мураўёва прыпынілі будаўніцтва. З-за чаго?
Праца экскаватара. Крыніца: сацсеткі Руслана Кулевіча.

«У культурным пласце знайшлі прадметы меркавана XV стагоддзя. Гэта скураныя, драўляныя прадметы, кафля і іншыя. Усё гэта патрабуе ўважлівага вывучэння. Яны знаходзіліся ў пласце так званага перагноя, шматлікія добра захаваліся», — сказаў Андрэй Вайцяховіч.

Група археолагаў павінна прыехаць у Гродна ў перыяд з 19 па 25 верасня. Капаць катлаван пакуль забаранілі. Да гэтага часу земляныя працы адбываліся ў рэжыме археалагічнага нагляду. Яму капалі з дапамогай экскаватара, а за працэсам назіраў адзін спецыяліст.

У якім выпадку адбываюцца археалагічныя даследванні

Археалагічныя даследванні ініцыююць калі падчас працы выявяць культурныя гістарычныя пласты. Паводле беларускага заканадаўства на аб’ектах, дзе раней знаходзіліся дамы са скляпеннямі, трэба праводзіць археалагічны нагляд.

Што будуюць на гэтым месцы

У ліпені 2022 года ўчастак выкупіў Станіслаў Сямашка, уласнік дома Мураўёва і апарт-атэля на Калючынскай. Па ўмовах аўкцыёну тут мусіць з’явіцца аб’ект грамадскага прызначэння. Будынак мусіць быць 2-павярховы з мансардай. Неабходна ўлічыць знешні выгляд і канфігурацыю страчанай забудовы, якая тут была раней.

На таргі прыйшло трое ўдзельнікаў. Участак дастаўся Сямашку за 30 000 рублёў пры пачатковай суме ў 20 000 рублёў. Пераможца аўкцыёну абавязаны, сярод іншага, пакрыць ЖКГ страты за заняцце ўчастка і знос пліткі ў памеры 15 175 рублёў.

Каля дома Мураўёва прыпынілі будаўніцтва. З-за чаго?
Праект будынка на Савецкай. Фота: NewGrodno.by

Праект будучага будынка размясцілі на банерах на плоце вакол будаўнічай пляцоўкі. Левая частка новага будынка, якая выходзіць на Савецкую, будзе знешне падобнай да страчанага аб’ёма канца XIX ст. Правая, насупраць турмы, будзе з элементамі «мадэрна», панарамнымі вокнамі і часткова празрыстым дахам.

Чытайце таксама: Захаваць немагчыма знішчыць. Што не так з будоўляй каля дома Мураўёва і чаму раскопкі там былі неабходныя