Гісторык Мечыслаў Супрон прадставіў у сваім блогу праект адбудовы страчанага квартала ў раёне вуліцы Замкавай у Гродне. Над гэтым праектам ён разам з калегам Сяргеем Шчукіным працаваў год. Грошы на праект былі сабраныя праз краўдфандынг. Публікуем запіс з блога цалкам.

Што ўяўляў сабой гэты квартал?

Квартал знаходзіўся ва ўсходняй частцы вуліцы Замкавай у непасрэднай блізасці да галоўнай гарадской плошчы — Рынка. Перад Другой сусветнай вайной гэта быў густа населены раён з трыма вуліцамі і шчыльнай забудовай.

Квартал вуліц Замкавай, Збройнай і Падзамча (Манастырскай). Аэрафотаздымак 1915 г. з калекцыі Ф. Варашыльскага
Галоўная вулачка квартала, што злучала вуліцу Замкавую і Збройную з Раства-Багародзіцкім манастыром, з’яўлялася адной з найстарэйшых вулічных артэрый горада. Многія даследчыкі перакананыя, што яна сфарміравалася ўздоўж сярэднявечных абарончых валоў, што засцерагалі горад ад нападаў Тэўтонскага ордэна.

На працягу доўгага часу існавання гэтая вуліца мела шмат назваў: Царкоўная, Метрапалітанская, Партыкулярная, Падзамча, Манастырская, Кляштарная, Фабрычная. У сваёй працы мы ўжылі варыянт назвы вуліцы канца XVIII — другой паловы ХІХ ст. —  «Падзамча».

Вул. Замкавая і Падзамча (Кляштарная). Фотаздымак міжваеннага часу
Вул. Замкавая і Падзамча (Кляштарная). Фотаздымак міжваеннага часу
Па сутнасці, гэтая тэрыторыя з’яўляецца самым сэрцам гістарычнага цэнтра Гродна. Тут размяшчаліся: камяніца-ратуша Явароўскага другой паловы XVII ст. (і яна ж камяніца Тызенгаўза XVIII ст.); адныя з самых старых месцаў грамадскага харчавання ў горадзе — карчма Рагоўскага і шынкі Лейбовіча і Рубіновіча XVIII ст.; камяніца дамініканаў XVIII ст.; дом-дворык Румеляў ХІХ ст., у якім жыў знакаміты мастак Напалеон Орда, а таксама нарадзіўся і вырас генерал дывізіі Вольска Польскага Юліуш Румель; яўрэйская малітоўня другой паловы ХІХ ст. і інш.

Што гэтая тэрыторыя ўяўляе сабой цяпер?

Цяпер на гэтым месцы — вялізная пустка, з краю якой стаіць Палац культуры тэкстыльшчыкаў. Яго будаўніцтва было завершана ў 1959 г. Пасярэдзіне гэтай пусткі знаходзіцца масіўны Дом быту, узведзены напрыканцы 1960-х гг. Дзеля ўзвядзення гэтага аб’ёму былі зруйнаваны адразу некалькі гістарычных будынкаў XVIII — пачатку ХХ ст., а таксама цалкам сцертая з планіроўкі горада вуліца Падзамча, ад якой пасля вайны захавалася некалькі дамоў.


Чытайце таксама: Якім будзе абноўлены Дом быту ў Гродне

Вуліца Замкавая. Фотаздымак 2019 г. А.Саенкі
Вуліца Замкавая. Фотаздымак 2019 г. А. Саенкі
На сённяшні дзень гэта мала прывабнае месца як для жыхароў, так і турыстаў. Але сітуацыя можа выправіцца ў лепшы бок: у 2017 г. участак плошчай 0,15 га на вул. Замкавай за Палацам культуры тэкстыльшчыкаў прадалі з аўкцыёну для будаўніцтва гандлёва-офіснага будынка. Інвестарамі выступіла фірма «ДТ-Груп». У студзені 2019 г. былі апублікаваны праекты гэтага будынка, які сваімі абрысамі павінен паўтараць тры страчаныя камяніцы другой паловы XVIII ст. Цягам кастрычніка-лістапада 2019 г. на гэтым месцы былі праведзены археалагічныя работы, у ходзе якіх былі выяўлены падмуркі трох дамоў XVII — XVIII ст. Няма сумневу, што рэалізацыя гэтай інвестыцыі будзе спрыяць павелічэнню прывабнасці і іміджу нашага горада.

Што зрабіць для таго, каб адрадзіць гэтую частку горада?

Па-першае, мы прапаноўваем дэмантаваць Дом быту. Хоць гэты будынак, на нашу думку, з’яўляецца цікавым прыкладам савецкага мадэрнізму, аднак ён узводзіўся без уліку архітэктурнага асяроддзя. Знаходзячыся ў самым сэрцы гістарычнага цэнтру Гродна, Дом быту моцна псуе ансамбль вуліцы Замкавай, парушаючы яе цэласнасць. Нават у рэканструяваным выглядзе гэты аб’ём не будзе дазваляць рацыянальна выкарыстоўваць самую каштоўную частку гарадской прасторы.

Дом быту засланіў від на Раства-Багародзіцкі манастыр XVIII ст., змяніўшы агульную панараму гістарычнага цэнтра
Дом быту засланіў від на Раства-Багародзіцкі манастыр XVIII ст., змяніўшы агульную панараму гістарычнага цэнтра
Па-другое, вызваленае ад Дома быту месца гарадскія ўлады змогуць выставіць на аўкцыён і прадаць адразу некалькім інвестарам. На гэтай лакацыі можна будзе аднавіць як мінімум сем страчаных гістарычных будынкаў і адрадзіць вуліцу Падзамча.

Па-трэцяе, нават калі не зносіць Дом быту, на плошчы гэтага страчанага квартала можна адбудаваць з дзясятак аб’ектаў.

Несумненна, згаданая частка горада разам з Старым і Новым замкамі, пажарнай вежай і сінагогай, з’яўляюцца самымі наведвальнымі месцамі для турыстаў. Адбудова страчанай гістарычнай забудовы ўсходняй часткі вуліцы Замкавай і зніклых вуліц Падзамча і Збройнай будзе спрыяць развіццю турызму ў горадзе, а на турыстычнай карце горада можа з’явіцца адразу некалькі новых важных кропак.

Чым унікальны наш праект?

У нашай працы мы сабралі ўсю магчымую бібліяграфічную інфармацыю па гэтай частцы горада, увялі ў навуковы зварот дзясяткі невядомых раней архіўных крыніц, сістэматызавалі фотаграфічныя матэрыялы і зрабілі максімальна дакладную графічную рэканструкцыю 22 аб’ектаў. Для кожнага з гэтых аб’ектаў мы напісалі гістарычную даведку. Па сутнасці, наш праект з’яўляецца грунтоўнай падасновай для рэгенерацыі цэлага квартала ў гістарычным цэнтры Гродна. Акрамя таго, ён дапаможа прыцягнуць увагу патэнцыйных інвестараў, якія пажадаюць укласці грошы ў будаўніцтва новых гандлёва-офісных і гастранамічных аб’ектаў.

Гэтую працу мы накіруем у гродзенскі гарадскі і абласны выканаўчыя камітэты, а таксама яна будзе даступна для патэнцыйных інвестараў. Толькі ў супрацы мы зробім усё магчымае, каб гэты праект рэалізаваўся!

Падтрымайце нашу чарговую ідэю!

Цяпер мы збіраем сродкі для рэалізацыі іншага, не менш значнага для нашага горада праекта па рэгенерацыі гродзенскага Школьнага двара ў раёне Вялікай харальнай сінагогі. У першай палове ХХ ст. Школьны двор быў густанаселеным гарадскім кварталам з шчыльнай забудовай. Цяпер ён уяўляе сабой вялізную пустку ў гістарычным цэнтры Гродна. У нашым праекце будзе сістэматызавана ўся магчымая інфармацыя па гісторыі гэтага квартала, а таксама будуць створаны графічныя мадэлі страчаных будынкаў. Дадзены праект будзе садзейнічаць адбудове і рэгенерацыі гэтага ўнікальнага месца. Просім усіх ахвотных падтрымаць!


Глядзі ўвесь праект «Гісторыка-архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні страчанай гістарычнай забудовы квартала вуліцы Падзамча, Збройнай і ўсходняй часткі вуліцы Замкавай у Гродне».


Чытайце таксама:

За захаванне спадчыны Гродна: Мечыслаў Супрон атрымаў прэмію Ядкоўскага — 2019

Што было на месцы драмтэатра? Глядзі віртуальную рэканструкцыю кляштара бернардынак

«Калі б я быў мэрам». Мечыслаў марыць аб «жывым» Новым Свеце, дарослых дрэвах і вялікай дзіцячай пляцоўцы