За 20 дзён гісторыку Мечыславу Супрону і праекціроўшчыку Сяргею Шчукіну ўдалося сабраць праз краўфандынг на ulej.by усю суму на праект адбудовы вуліц Кляштарнай і Замкавай у Гродне. Талака працягнецца яшчэ больш за месяц, таму далучыцца яшчэ можна. Пасля гэтага гродзенцы пачнуць ствараць эскізную мадэль праекта страчанага квартала.

«Літаральна за дзень нам удалося назбіраць 70% ад усёй сумы! Што я магу сказаць? Гэты горад — магічны! Ну, а мы марым зрабіць яго больш утульным і прыгожым. І ў нас, не сумняюся, усё атрымаецца! […] Усе 13 фундатараў будуць адзначаны ў выніковым праекце, які мы апублікуем. Дзякуй ім», — распавёў на сваёй старонцы Мечыслаў Супрон.

Забудова пустыроў у цэнтры ўсё яшчэ актуальная

Гістарычны цэнтр Гродна страціў значную частку забудовы ў выніку знішчэнняў Другой сусветнай вайны і пасляваеннай перапланіроўкі горада. Многія страты незваротныя. На месцы знішчаных у савецкія часы будынкаў з’явіліся новыя пабудовы, якія часта не ўпісваюцца ў навакольнае архітэктурнае асяроддзе. У адрозненні ад шэрагу еўрапейскіх гарадоў, у якіх фактычна з папялішча былі адноўлены гістарычныя цэнтры, у Гродне на месцы пустыроў, дзе некалі стаялі барочныя камяніцы, узводзіліся шэрыя хрушчоўкі.

Сёння, як паказвае практыка, пытанне забудовы пустыроў у гістарычным цэнтры не страціла актуальнасці. Замест паслядоўнай рэнавацыі і адбудовы страчанай архітэктуры, забудоўшчыкі працягваюць узводзіць новыя будынкі.

Вуліца замкавая. Уся бачна справа забудова страчаная.
Нядаўна гарадскія ўлады загаварылі аб зносе Дома быту на вул. Замкавай і будаўніцтве на гэтым месцы новых будынкаў. Дом быту быў пабудаваны ў пачатку 1960-х гадоў на месцы зруйнаванай забудовы вуліцы Кляшторнай. Гэты квартал, які прылягае да самай старажытнай вуліцы горада, мае вялікую турыстычную перспектыву. Таму Мечыслаў Супрон лічыць, што найлепшым варыянтам будзе менавіта аднаўленне страчанай забудовы.

Што прапануюць?

Мечыслаў Супрон і Сяргей Шчукін займаюцца стварэннем эскізнага праекта для навукова абгрунтаванай адбудовы квартала зніклай вуліцы Кляшторнай і ўсходняга боку вуліцы Замкавай. Зараз зроблена прыкладна 20% ад усёй працы. Усе мадэлі страчаных камяніц ствараюцца на аснове захаваных фотаздымкаў, планаў і інвентарных вопісаў.

«Пасля завяршэння праект будзе апублікаваны і прапанаваны гарадскім уладам у якасці найбольш правільнага, з нашага пункту бачання, варыянта рэгенерацыі гэтай часткі гістарычнага цэнтра», — кажа Мечыслаў.

Як паказвае практыка, падобны падыход апраўдвае высілкі. Прыклад — нядаўняе зацвярджэнне праекта трох камяніц на месцы зруйнаваных на вул. Замкавай па матывах графічнай рэканструкцыі забудовы, прапанаванай гродзенскімі гісторыкамі.

Для чаго патрэбны сродкі?

«Наша каманда вымушана займацца стварэннем праекта ў вольны ад асноўнай працы час, што істотна замаруджвае ўвесь працэс стварэння мадэлі. Акрамя таго, для напісання гістарычнай даведкі нам не хапае некаторых планаў і дакументаў, якія мы плануем замовіць у архіве за пэўную суму», — тлумачыць Мечыслаў Супрон.

Грамадская дапамога дазволіць скараціць не толькі тэрміны стварэння, але і павысіць навуковую базу праекта. Аўтары спадзяюцца, што знойдуцца інвестары, якія будуць мець жаданне і сродкі для рэалізацыі праекта.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life