Беларускія кінааматары так і не змаглі паглядзець на вялікім экране новага «Бэтмена». У пракат не выйшлі таксама чаканыя «Морбіўс» з сусвету Sony/Marvel і «Фантастычныя пачвары. Таямніцы Дамблдора» з «поттарыяны». Hrodna.life праверыў, што замест іх прапануюць глядзець у кінатэатрах Гродна.

За сакавік адмянілі 10 новых фільмаў

З 1 сакавіка ўжо адменена 10 кінапрэм'ер у Расіі і Беларусі. Прычына — вайна, якую Расія вядзе супраць Украіны. З-за яе буйныя заходнія кінакампаніі - Universal, Sony Pictures, Warner Bros., Walt Disney і Paramount — адмовіліся ад пракату сваіх фільмаў у Расіі.

Morbius Морбиус
Кадр з фільма «Морбіўс». Крыніца: kinopoisk.ru

«Беларускі кінапракат завязаны на расійскі. Гэта такая даўняя яшчэ савецкая традыцыя. Украіна — у яе самастойны рынак кінапракату, у іх ёсць самастойныя кампаніі, якія займаюцца арганізацыяй кінапаказаў, ёсць дыстрыб’ютары аўтарскіх правоў. У нас самастойных дыстрыб’ютараў няма. І мы ўсе дамаўляемся з кампаніямі, якія размешчаны ў Маскве», — тлумачыць у размове з Hrodna.life беларускі кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі.

Даходы кінатэатраў залежаць ад галівудскага кіно

У Расіі да канца лета гэтага года зачыняцца да 40% кінатэатраў, калі ў краіну не вернуцца галівудскія фільмы. Пра гэта заявіў дырэктар па краінах СНД кампаніі па вымярэнні і аналітыцы медыя «Comscore» Раман Ісаеў у інтэрв'ю выданню «Бюлетэнь кінапракатчыка».

Гэтую думку падтрымлівае Тарналіцкі:

«Паводле статыстыкі, якую дае „Бюлетэнь кінапракатчыка“, для расійскіх кінатэатраў асноўны прыбытак, дзесьці 75%, дае менавіта амерыканскі кантэнт: галівудскае кіно, буйнабюджэтныя фільмы. Паколькі яны сыходзяць, зарабляць гэтыя кінатэатры проста не змогуць. У мяне адчуванне, што яны будуць неяк перабудоўвацца ў след, напэўна, за кантэнт-палітыкай Расіі».

Ісаеў у інтэрв'ю разглядае два сцэнарыі забароны на выпуск фільмаў у Расіі: да траўня і да канца лета. Пра варыянт, калі галівудскае кіно наогул не вернецца, ён нават не хоча думаць. У любым выпадку, адмена вялікіх прэм’ер і адток гледачоў прымусяць павышаць цэны на білеты, лічыць Ісаеў.

Асацыяцыя ўласнікаў кінатэатраў, якая аб’ядноўвае больш за 700 кінатэатраў Расіі настроена больш песімістычна. У сваёй заяве яна кажа пра небяспеку ліквідацыі ўсёй галіны кінапаказа і прадугледжвае страты да 80% выручкі.

Замест «Морбіўса» пакажуць «Брат». Што можна паглядзець яшчэ

Змены ў афішах кінатэатраў пачаліся ў Расіі яшчэ ў сакавіку. Альтэрнатывай галівудскім рэлізам павінны стаць расійскія прэм’еры і кінахіты мінулых гадоў, савецкая і замежная класіка, а таксама блокбастары Балівуда, паўднёвакарэйскія фільмы, стужкі з Лацінскай Амерыкі і іншых краін, расказалі кіраўнікі кінасетак у інтэрв'ю РБК.

У Беларусі 30 сакавіка не выйшаў у пракат «Морбіўс». 6 красавіка мусіў выйсці ў пракат фільм «Фантастычныя пачвары. Таямніцы Дамблдора», але гэтага не адбылося. Не будзе і запланаванага на красавік «Сонік у кіно 2». Затое гродзенскія кінатэатры, як дзяржаўныя, так і адзіны прыватны кінатэатр MOOON, услед за Расіяй прапануюць ад 7 красавіка паглядзець фільм 1997 года «Брат» Аляксея Балабанава. Праз тыдзень пакажуць другую частку — «Брат 2».

брат 1997 повторный прокат
Кадр з фільма «Брат». Крыніца: kinopoisk.ru

Зараз у дзяржаўных кінатэатрах Гродна, акрамя «Брата» можна паглядзець іспанска-французскі хорар «Бабуля», мексіканскі фільм жахаў «Апошняе прышэсце д’ябла», камедыю «Усё, усюды і адразу», драму «Гары Хафт: Апошні бой», французскі дэтэктыў «Мегрэ і таямнічая дзяўчына», некалькі дзіцячых мультфільмаў і расійскую камедыю «Мая жудасная сястра». Некаторыя фільм паказваюць яшчэ з мінулага года.

Паўторна ў афішы гродзенскіх кінатэатраў далі камедыю 2020 года «Коп на драйве», фільм жахаў таго ж года «Кандзіша. Дэман Смерці», баявік 2021 года «Целаахоўнік жонкі кілера» і дзіцячы мультфільм «Згубленцы і таямніца чароўнай піраміды».

У адзіным прыватным кінатэатры горада «Silver Screen» да нядаўняга часу паказвалі «Смерць на Ніле» і «Чалавек-павук. Няма шляху дамоў», а зараз яшчэ круцяць «Анчартед: на картах не значыцца» з Томам Холандам. З новых фільмаў з’явіўся, напрыклад, «Раман служанкі».

Чаго не пабачым у бліжэйшыя месяцы

На травень і чэрвень 2022 запланаваны прэм’еры кінакоміксаў «Доктар Стрэндж у мульцісусвеце вар’яцтва» (Marvel) і «Ліга супергадаванцаў» (DC), дыснееўскі «Баз Лайтар», новы «Свет Юрскага перыяду» і чарговыя «Міньёны». Калі сітуацыя не зменіцца, то іх у Расіі і Беларусі паказваць не будуць.

Каб закрыць пустку, у Расіі плануюць у паўторны пракат у траўні «Брэсцкую крэпасць» (2010) і дзве часткі бандыцкага фільма «Бумер» (2003 і 2006). З расійскіх навінак будзе фантастычная камедыя «Батан і супербаба».

Прэм’еры не з’явяцца нават у інтэрнэце

Некаторыя кампаніі распаўсюдзілі абмежаванні на прэм’еры не толькі на паказы ў кіно. WarnerMedia наогул спыніла ліцэнзаванне новага кантэнту ў Расіі. Гэта тычыца кантэнту ад брэндаў HBO, The CW, WarnerBros., DC ды іншых. Гэта значыць, што новае кіно нельга будзе паглядзець не толькі ў кінатэатры, але і на стрымінгах.

Падпісчыкі сэрвіса «Кинопоиск», які належыць Яндэксу, ужо з гэтым сутыкнуліся. Напрыклад, у серыялах тэлеканала CW перасталі выходзіць новыя серыі. На старонках серыялаў з’явіліся пазнакі: «Новые серии выйдут позже». Тое ж чакаецца і з лічбавымі рэлізамі кінапрэм'ер.