Да 8 кастрычніка ў Гродне можна наведаць фестываль кароткаметражнага кіно MANHATTAN SHORT Film Festival. Там можна паглядзець 10 фільмаў з васьмі краінаў на тэму складанасцяў, якія чалавек стварыў сабе сам. Стужкі паказваюць у кінатэатры Mooon у гандлёва-забаўляльным комплексе Triniti.

Манхэтанскі кінафестываль зноў у Гродне. Дзе і што паказваюць сёлета?
Кінатэатр Mooon, у якім пакажуць фільмы. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Манхэтанскі фестываль кароткаметражнага кіно праводзяць у Беларусі ўжо 15-ы раз. Праграма складаецца з 10 фільмаў па 8−14 хвілін кожны. Цана білетаў: ад 19 да 38 рублёў. Агульны час прагляду фільмаў амаль 2,5 гадзіны.

У мінулыя гады Манхэтанскі фестываль праходзіў у Гродне ў кінатэатры «Чырвоная зорка», але сёлета яго ў афішы дзяржаўнага кінатэатра няма.

Якія фільмы паказваюць на фестывалі

Складанасці, якія чалавек стварыў сабе сам — галоўная тэма сёлетняга фестывалю. Напрыклад, чалавек апынуўся ў машыне, якая кіруецца голасам, і не ўлічыў, што заікаецца — фільм «Галасавы памочнік». Як гэта — набыць сваю першую чадары (накідка ў ісламе) і назаўжды закрыць твар ад свету — фільм «Жоўты». Двое ў падлодцы на вялікай глыбіні і няпростае рашэнне — фільм «Змрок». Або плытка, якая прайграе ўспаміны — фільм «Плытка».

Чытайце таксама: Дырэктар гродзенскіх кінатэатраў, які судзіся з Hrodna.life, узначаліў «Беларусьфільм»

Гледачы самі абіраюць найлепшы фільм

Гледачы змогуць абраць сярод 10 фіналістаў найлепшы фільм і найлепшага актора. Пераможцаў аб’явяць на сайце manhattanshort 9 кастрычніка. У Беларусі вынікі галасавання апублікуюць у сацыяльных сетках фестывалю ў Беларусі. Усе кароткаметражныя фільмы-фіналісты аўтаматычна атрымоўваюць кваліфікацыю на «Оскар».