У Лідзе ўжо месяц ідуць зачысткі - хваля дайшла да «Конусу» і Лідскай ЖКГ. За няўзгоднены хрэсны ход аштрафавалі царкоўнага супрацоўніка. Суд асудзіў двух туркменскіх студэнтаў да 4,5 гадоў калоніі за арганізацыю незаконнай міграцыі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 25 верасня па 1 кастрычніка.

Затрыманне ў Лідзе

Міліцыя затрымала лідчаніна — за тое, што знаходзіўся ў Telegram-чатах, прызнаных экстрэмісцкімі. Ён перасылаў сябрам адтуль рэпосты і размяшчаў экстрэмісцкія матэрыялы ў сваіх сацсетках.

Затрыманы лідчанін.
Затрыманы лідчанін. Скрыншот: Hrodna.life

Сусветная асацыяцыя польскіх СМІ за мяжой узнагародзіла Анджэя Пачобута

Узнагароду «За свабоду слова» атрымаў журналіст і адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут, паведамляе «Беларуская служба Польскага радыё».

«Як вы добра ведаеце, гэтая статуэтка стаіць і чакае яго. Мы напісалі шмат зваротаў, заклікаў, пратэстаў і лістоў адносна Анджэя Пачобута. На дадзены момант ягонае становішча трагічнае, таму што, як Лукашэнку не ўдалося зламаць яго духоўна і ідэалагічна, так цяпер яго спрабуюць зламаць фізічна. Давайце пастаянна звяртацца да ўсяго свету па гэтай справе», — заклікала старшыня Сусветнай асацыяцыі польскіх СМІ за мяжой Тэрэса Сыгнарэк.

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут. Фота: «Свабода»

Новыя палітвязні

Аляксандр Юшкевіч з Гродна 26 верасня прызнаны палітвязнем.

Новыя «экстрэмісты»

Рукойць Аляксандр Іванавіч са Смаргоні 29 верасня папоўніў «спіс экстрэмістаў».

Гандбольны клуб з Гродна аштрафавалі за «адсутнасць малюнка» дзяржсцягу на форме брамнікаў

25 верасня прайшло пасяджэнне галоўнай судзейскай калегіі і судзейска-тэхнічнай камісіі Беларускай федэрацыі гандбола (БФГ). На ім, апроч іншага, вырашылі аштрафаваць гродзенскі клуб «Кронан», паведамляе «Зеркало».

Прычына санкцый — «адсутнасць выявы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь на футболках брамнікаў № 1 і № 16 каманды „Кронан“».

Гродзенскі клуб аштрафавалі на дзве базавыя велічыні - гэта значыць, на 74 рублі. Парушэнне супрацоўнікі Федэрацыі выявілі ў матчы «Кронана» з мінскім СКА, які адбыўся 23 верасня.

Паведамляецца, што пры новым парушэнні правілаў экіпіроўкі да клуба будуць ужытыя больш суровыя санкцыі.

За няўзгоднены хрэсны ход аштрафавалі царкоўнага супрацоўніка

Штраф у 740 рублёў атрымаў Мікалай Бондар, жыхар Бешанковічаў і памочнік благачыннага па будаўніцтве храма прарока Іллі. Ён шмат гадоў арганізоўваў хросныя хады на Віцебшчыне і не толькі. 15 верасня яго як арганізатара шэсця аштрафавалі ў судзе Бешанковіцкага раёна, паведамляе «Хрысціянская візія».

Летам гэтага года група з дзесяці чалавек прайшла шэсцем па сельскай дарозе ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Само мерапрыемства было ўзгоднена распараджэннем Гродзенскага аблвыканкама ад 28 чэрвеня 2023 года, але магчыма, удзельнікі парушылі маршрут ходу.

Суд асудзіў двух туркменскіх студэнтаў да 4,5 гадоў калоніі за арганізацыю незаконнай міграцыі

Суд Гродзенскага раёна асудзіў двух студэнтаў міжнароднага экалагічнага інстытута імя Сахарава з Туркменістана да 4,5 гадоў калоніі за арганізацыю незаконнай міграцыі (артыкул 371−1 КК), паведамляе «Медиазона.Беларусь» са спасылкай на выданне Turkmen.news.

Журналісты выдання апублікавалі фота ліста намесніка міністра адукацыі Аляксандра Бахановіча. Ён звярнуўся да кіраўнікоў ВНУ з просьбай «прыняць вычарпальныя меры прафілактыкі» ў дачыненні да студэнтаў з Туркменістана з-за «шматлікіх» выпадкаў іх затрыманняў у памежнай зоне.

У дадатку да ліста прыводзіцца некалькі прысудаў студэнтам з Туркменістана, абвінавачаным у арганізацыі незаконнай міграцыі.

12 траўня Гродзенская памежная група затрымала двух студэнтаў - Аламава Керыма і Аладжанава Сапагелдзі — за арганізацыю незаконнай міграцыі 10 грамадзян Егіпта. 18 жніўня суд Гродзенскага раёна асудзіў іх да 4,5 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 120 базавых велічынь кожнаму.

22 сакавіка памежнікі Лідскага раёна затрымалі студэнта МГЭІ Раджэпава Наўруза і васьмярых грамадзян Індыі. 5 ліпеня суд Шчучынскага раёна прысудзіў студэнта да 3 гадоў калоніі і штрафу ў 50 базавых велічынь.

У лісце Бахановіча прыводзіцца інфармацыя аб 28 адміністрацыйных справах у дачыненні да студэнтаў з Туркменістана за парушэнне памежнага рэжыму (артыкул 24.19 КаАП) і парушэнне заканадаўства аб працоўнай міграцыі (артыкул 24.35 КаАП).

Сілавікі правялі масавыя затрыманні ў Ваўкавыску

У Ваўкавыскім раёне адбылося як мінімум чатыры затрыманні. Пра гэта паведамілі сілавікі ў сваім Telegram-канале. Мяркуючы па кадрах затрымання, некаторых з затрыманых — супрацоўнікі мясцовых прадпрыемстваў. Некаторых затрымлівалі і дома. У РАУС аднаго з мужчын прывезлі голым па пояс.

Падчас другой хвалі затрыманняў забралі намесніка галоўнага ўрача санаторыя «Пралеска» — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Facebook і ўдзел у плане «Перамога». Таксама затрымалі двух супрацоўнікаў «Беллакт» і яшчэ аднаго жыхара Ваўкавыска. Усіх іх будуць судзіць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. А супрацоўніка «Беллакт» — яшчэ і за продаж парнаграфіі ў інтэрнэце.

Праваабаронцы: у Карэлічах затрымалі дзевяць чалавек

26 верасня ў Карэлічах Гродзенскай вобласці былі затрыманыя дзевяць чалавек. Ускосна гэта пацвярджаецца тым, што частка гэтых людзей не выходзіць на сувязь са сваякамі. Папярэдняй прычынай затрымання называюць «лайкі і рэакцыі ў мэсэнджарах і сацыяльных сетках».

Затрыманні ў Лідзе

Ліда стала адным з цэнтраў затрыманняў у верасні 2023 года. Пачалося ўсё з фестывалю LIDBEER, дзе 2 верасня затрымалі двух мужчын за крыкі «Жыве Беларусь!». Іх даставілі ў РАУС. Адзін з іх вярнуўся на фестываль і паведаміў, што другому прад’явілі арт.24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і штраф 500 рублёў. Пасля гэтага сілавікі пайшлі па мясцовых прадпрыемствах.

На мінулым тыдні затрыманні прайшлі на лідскім прадпрыемстве «Конус». Праваахоўнікі затрымалі некалькі супрацоўнікаў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Іншы канал паведаміў пра рэпрэсіі і звальненні ў Лідскай ЖКГ.

Спыталі экспертаў пра зачысткі ў рэгіёне.