Мы распыталі ў гродзенскіх кнігарнях, якія дзіцячыя кнігі карысталіся попытам летам. У спіс патрапілі беларускамоўныя і рускамоўныя кнігі, замежныя аўтары, народныя казкі і… хрэстаматыі.
Кнігарня “Бэбібук”
1. “Паляванне на ліса”, Свэн Нурдквіст
Серыя кніг шведскага пісьменніка Свэна Нурдквіста пра Пэтсана і Фіндуса традыцыйна знаходзіцца ў топе продажаў “Бэбібук”. Гісторыі пра бурклівага дзядка і коціка-гарэзу палюбіліся шматлікім маленькім гродзенцам. Гэта добрыя і вясёлыя гісторыі, вучаць сяброўству, узаемадапамозе, любові. Ілюстрацыі ў кнігах пацешныя, са мноствам дэталяў, дзеткі любяць іх разглядаць. Кнігі прадстаўлены на рускай і беларускай мовах, і іх тыражы вельмі хутка сканчаюцца.

2.“Груфала”, Джулія Дональдсан і Аксель Шэфлер
“Груфала” – сучасны “калабок” з цудоўнымі ілюстрацыямі. Вось ужо 10 гадоў гэтая кніга выдаецца на рускай мове з нязменным поспехам.

3. “Яблочки-пятки”, Анастасія Арлова
Маляўніча ілюстраваная кніга вершаў Анастасіі Арловай для самых маленькіх. Карыстальнікі пакідаюць на сайтах шмат добрых водгукаў пра кнігу.

4. “Сказки о мастерах и ремёслах”
Кніга з серыі “Караван казак” выдавецтва “Рэдкая птушка”. Тут сабраны казкі народаў свету пра самых розных майстроў і рамеснікаў, ад краўцоў і цесляроў да ювеліраў і чырванадрэўшчыкаў. У розных краінах яны называюцца па-рознаму, але заўсёды і ўсюды высока цэняцца сапраўднае майстэрства, умелыя рукі і адданасць справе. Легенды, прымаўкі і цікавыя факты з гісторыі вы знойдзеце ў каментарах да кожнай казкі.

5. “Дети стеклодува”, Марыя Грыпэ
“Дети стеклодува” – шведская казка, наскрозь працятая скандынаўскай міфалогіяй, яна напоўненая загадкавымі дэталямі, таямнічымі падрабязнасцямі і бясконцай колькасцю сэнсаў. Марыя Грыпэ – адно з найважнейшых імёнаў у гісторыі сусветнай літаратуры для дзяцей, яе кнігі атрымалі мноства літаратурных узнагарод і перакладзены на шматлікія мовы.

Кнігарня “Цудоўня
1. “Маленькі прынц”, Антуан дэ Сэнт-Экзюперы
Вядомая казка для дзяцей, якую варта перачытаць дарослым. Кніга напоўнена глыбіннымі і адначасова простымі сэнсамі, а цытатамі з “Маленькага прынца” размаўляе шмат людзей.

2. “Паляванне на ліса”, Свэн Нурдквіст

3. Чытанка для маленькіх
Кнігу склалі як аўтарскія, так і народныя творы. Чытачы знойдуць у ёй добра вядомыя “Каток – залаты лабок”, “Пшанічны каласок”, “Рукавічку”, а яшчэ аўтарскія казкі Янкі Брыля “Жыў-быў вожык”, “Страшная казка пра страшнага звера” Івана Бурсава ды іншыя. Таксама ў ёй надрукаваныя дзіцячыя вершы беларускіх класікаў і сучасных аўтараў.

4. “Хутчэй, Мама Му!”, Юя Вісландэр і Свэн Нурдквіст
Юя Вісландэр – вядомая шведская дзіцячая пісьменніца, сябра Шведскай дзіцячай акадэміі. Яе кнігі пра Маму Му і Крумкача былі перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало друкаваць па-беларуску серыю кніг пра Маму Му ў 2012 годзе.

5. “Караліна”, Ніл Гэйман
“Караліна” — дзіцячая аповесць, напісаная ў 2002 годзе брытанскім пісьменнікам Нілам Гэйманам. Кніга атрымала шаснаццаць прэстыжных літаратурных прэміяў, у тым ліку прэмію Х’юга за лепшую аповесць, прэмію Брэма Стокера за лепшы твор для маладых чытачоў і прэмію Локуса за лепшую аповесць для падлеткаў. “Караліна” перакладзеная на 30 моваў, па ўсім свеце прададзена болей за мільён асобнікаў гэтай кнігі.
Па сюжэце кнігі дзяўчынка Караліна Джонс трапляе ў іншы сусвет, у якім яна сустракае падобныя, але і дзіўнавата адрозныя ад сапраўдных свой дом, сваіх маці і бацьку. Цудоўнае падарожжа хутка ператвараецца ў змаганне за права застацца сабой, за права жыць, за магчымасць выратаваць сваіх бацькоў, за шанец вярнуцца. І разлічваць у гэтай барацьбе можна толькі на сябе.

Кнігарня “Праметэй”
1. Серыя “Моя любимая книжка”
Гэта серыя тонкіх недарагіх дзіцячых кніжак з маляўнічымі ілюстрацыямі, сярод якіх ёсць і кітайскія, і беларускія казкі, і аўтарскія апавяданні для дзяцей.

2. Серыя “Библиотека начальной школы”
У серыі выйшлі апавяданні і аповесці для малодшага школьнага ўзросту рускіх, беларускіх ды іншых аўтараў.

3. Серыя “Хрэстаматыя для пазакласнага чытання”
Серыя “Хрэстаматыя для пазакласнага чытання” – гэта зборнікі вершаў, казак, аповесцяў і апавяданняў з асноўнага спісу пазакласнага чытання вучняў 1-5 класаў агульнаадукацыйнай школы. Усе творы падзеленыя па жанрах і прызначаны для самастойна чытання і чытання ў школе.

4. Серыя “У свеце казак”
У серыі выйшлі казкі розных народаў для самых маленькіх.

5. Серыя “Книги – мои друзья”
Серыю рэкамендавана для дашкольнікаў, малодшых школьнікаў і іх бацькоў. У серыі выдадзены творы рускіх і замежных пісьменнікаў, казкі, быліны і міфы. Яркія каляровыя ілюстрацыі спадабаюцца і дзецям, і дарослым.



