Гродзенцы сталі першымі гледачамі «Беларускіх ўікэндаў», кінапраекта з беларускамоўнай агучкай вядомых фільмаў, па-за межамі Мінска. З анімацыйнай стужкі «Маленькі прынц» і нашага горада пачалася падарожная гісторыя кіно, дзе гавораць па-беларуску, у рэгіёны. Паказаць ужо ёсць што — за час існавання праекта на роднай мове загучалі 20 фільмаў. Пры падтрымцы velсom і яго брэнда «Атлант Тэлекам» у Мінску за 4 апошніх месяцы зладзілі 14 паказаў, каторыя наведалі больш за 7,5 тысяч гледачоў.

Сто «Маленькіх прынцаў» застануцца ў Гродне

«Кожны раз на паказах у Мінску людзі цікавіліся, чаму фільмы па-беларуску ідуць толькі ў сталіцы, — распавёў кіраўнік праекта „Беларускія ўікэнды“ Андрэй Кім. — Таму мы вельмі радыя, што дзякуючы падтрымцы velсom і „Атлант Тэлекам“, партнёраў, што падзяляюць нашы каштоўнасці і падтрымліваюць беларускую мову, мы здолелі гэта зрабіць».

Каралеўскі прыём для "Маленькага прынца". Гродзенскі паказ фільма ў беларускамоўнай агучцы прайшоў з аншлагам
Андрэй Кім, аўтар ідэі і кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды»
Пачаць падарожжа з «Маленькага прынца» вырашылі не выпадкова. Такім чынам уганаравалі дзень народзінаў Антуана дэ Сэнт Экзюперы. Да пачатку паказаў сумесна з кампаніяй velсom арганізатары перавыдалі кнігу «Маленькі прынц» у перакладзе Ніны Мацяш з арыгінальнымі малюнкамі аўтара. Набыць асобнік з новага тыражу можна было перад сеансам. Яшчэ сотню кніжак перадалі для школьных бібліятэк горада.

Упершыню на вялікіх экранах і па-беларуску

Стужка не проста пераказвае гісторыю з кнігі. Мультфільм распавядае гісторыю сяброўства дзяўчынкі і пастарэлага лётчыка з аповесці Экзюперы. Перапляценне двух сюжэтаў ператварае мультфільм у цікавую і захапляльную гісторыю.

Каралеўскі прыём для "Маленькага прынца". Гродзенскі паказ фільма ў беларускамоўнай агучцы прайшоў з аншлагам

«Ён вас не расчаруе. Гэта цудоўны мульцік з цудоўнай агучкай. Вы самі адчуеце, што ён варты, каб правесці з ім вечар выходнага дня», — адзначыла Ірына Карэліна з кампаніі velсom.

Паглядзець фільм гродзенцы прыходзілі цэлымі сем’ямі. І не толькі таму, што нельга адпускаць дзяцей адных на вечаровы сеанс. Для многіх дарослых сама магчымасць паглядзець фільм у беларускай агучцы на вялікім экране стала падобнай да спраўджанай казкі - у беларускім кінапракаце такога яшчэ не было.

«Гэта сапраўды дзіўна. Можа, раней думка такая нікому не прыходзіла ў галаву, ці людзі, што за гэта браліся, не даводзілі справу да канца. А мы былі ўпартыя, змаглі атрымаць падтрымку і вывесці фільмы ў пракат. Да нас стужкі з беларускамоўнай агучкай былі толькі тэлевізійнымі ці аматарскімі», — кажа Андрэй Кім.

Каралеўскі прыём для "Маленькага прынца". Гродзенскі паказ фільма ў беларускамоўнай агучцы прайшоў з аншлагам

Праўда, абмяжоўвацца толькі паказамі па ўікэндах арганізатары не збіраюцца. Пасля пракату фільмы ў беларускай агучцы абяцаюць заліць на серверы «Атлант Тэлекам», каб паглядзець іх змаглі нават дома, незалежна ад месца жыхарства, усе прыхільнікі мовы — як у найменшых вёсачках Беларусі так і за мяжой. На думку арганізатараў, гэта таксама будзе запатрабавана, на тое паказвае прагляд трэйлераў, што ўжо зараз сягае за паўтары мільёны.

Да зорак з «Чырвонай зоркі»

Паказ стужкі прайшоў у «самым лепшым, гістарычным і атмасферным кінатэатры Гродна, дзе кожны глядач адчувае сябе VIP», лічыць Андрэй Кім. Атрымалася нават сімвалічна — можна было адчуць сябе жыхаром зоркі, амаль як Маленькі прынц. Вольных месцаў у залі не засталося. Ахвотных патрапіць з «Зоркі» да зораў аказалася нямала.

Каралеўскі прыём для "Маленькага прынца". Гродзенскі паказ фільма ў беларускамоўнай агучцы прайшоў з аншлагам

З гэтай нагоды арганізатары разам з «Гроднааблкінавідэапракатам» вырашылі паўтарыць паказ «Маленькага прынца» і ў наступны ўікэнд — з пятніцы 4-га да нядзелі 6-га жніўня.

«З нашага пункту гледжання, шчаслівыя тыя людзі, якія адначасова займаюцца тым, ува што вераць, і могуць такім чынам зарабляць грошы. Наш праект „Беларускія ўікенды“ такі. Нам не трэба выбіраць паміж асветніцтвам і камерцыяй. Прасоўванне беларускай мовы і культуры ў Беларусі можа быць камерцыйна паспяховым», — лічыць Андрэй Кім.

Надалей супраца з гродзенскім кінапракатам мае працягвацца, а праводзіць паказы фільмаў у беларускай агучцы арганізатары плануюць прынамсі раз на месяц.

Інтэракцыя вітаецца

Падчас паказу кожны з гледачоў атрымаў ліст, каб скласці з яго самалёцік. Пасля прагляду арганізавалі флэш-моб па іх запуску да сцэны (на першым здымку публікацыі). Адзін з самалётаў выпадковым чынам выбралі, каб падарыць яго ўладальніку кніжку пра Маленькага прынца. А каб надаўжэй запомніць падзею, у фае кінатэатра можна было зрабіць фотаздымак з самалётам і лісам.

Працягваць інтэракцыю з камандай можна і надалей. Меркаванні і водгукі гледачоў «Беларускіх ўікэндаў» вельмі важныя для іх. Таму ахвотных распавесці пра свае ўражанні ў сацсетках просяць пазначаць допісы хэштэгам #belweekend, каб іх можна было знайсці і пачытаць. Дапаможа праекту і тое, што гледачы запоўняць анкету на сайце kinakong.by/poll і канечне, запросяць сяброў на наступныя паказы. Калі ёсць жаданне падтрымаць праект фінансава, можна скарыстацца з магчымасцяў краўдфандынгу на talaka.by/kino.