Бітва памідорамі, «карнавал» і вечарына «Іўе-дэ-таматэйра» адбыліся ў Іўі 12 жніўня. Там правялі свята «Іўеўскі памідор» і Дзень горада, паведаміў «Іўеўскі край».

У Іўі на дзень горада кідаліся памідорамі і з’елі васьміметровы “бутэрброд”
Іўеўскі памідор — 2023. Крыніца: ivyenews.by

Выбралі Чырвоную каралеву і самы вялікі памідор

Тэатралізаванае шэсце ў карнавальных строях узначаліў Сіньёр Памідор і Памідорка на кабрыялеце. На конкурсе прыгажосці абралі Чырвоную каралеву. Таксама адбылася бітва памідорамі, працаваў рынак таматаў і абралі самы цяжкі памідор. Ён важыў 1,8 кг.

Стварылі «бутэрброд» даўжынёй амаль восем метраў

Арганізатары свята прыгатавалі памідорны бутэрброд даўжынёй 7,8 метраў. У 2022 годзе ён быў на 20 см карацейшы. Але насамрэч на фота бачна, што гэта быў не цэльны бутэрброд, а шмат асобных тостаў з маянэзам і памідорамі, выкладзеных у даўжыню.

Фестываль праводзяць пяць гадоў

Фестываль «Іўеўскі памідор» праводзяць у Іўі з 2018 года. Дзяржаўныя СМІ называюць гэтую імпрэзу «брэндавым святам».

Чытайце таксама: «Напіцца і забыцца», бытавуха і Саладуха. Што не так з гарадскімі святамі ў Гродне