Як 100 гадоў таму: каманда WKS Grodno стартавала ў польскай Рэтра Лізе

У Польшчы 6 красавіка стартаваў чэмпіянат пад назвай Рэтра Ліга. У ім удзельнічае пяць адроджаных каманд з міжваеннага перыяду. Сярод іх і WKS Grodno – каманда, якая існавала да 1939 года ў Гродне. У яе ўваходзілі як вайскоўцы 76 палка імя Людвіка Нарбута, так і звычайныя гараджане, якія праяўлялі сябе на футбольным полі.

За адраджэнне гродзенскай каманды ў 2018 годзе ўзялася група польскіх рэканструктараў з Казяніцкага таварыства гістарычнай рэканструкцыі. Каманда WKS Grodno ў міжваенны час была адной з самых моцных у Беластоцкай акрузе.

У Казяніцах (Kozienice, мястэчка паміж Варшавай і Люблінам) аматары галоўным чынам займаюцца рэканструкцыяй 76 пяхотнага палка імя Людвіка Нарбута, які ў міжваенны час базаваўся ў Гродне. У клубе рэканструктараў ёсць спартыўны аддзел, дзякуючы якому і з’явілася ідэя адрадзіць вайсковую каманду з Гродна.

Футбалісты, якія выступаюць за гродзенскую каманду, стартавалі ў чэмпіянаце з перамогі над WKS Śmigły Wilno – 5:0. Як паведамляе echodnia.eu, вынік у гульні быў не самым важным. У гэты дзень заўзятары і футбалісты змаглі перажыць атмасферу 1919 года. Гульцы, якія ўдзельнічаюць у «рэтра» матчах, гуляюць у такой форме, як і сто гадоў таму. Мячы і буцы гульцоў таксама адпавядаюць таму перыяду. Заўзятары таксама прыйшлі на матч у строях з міжваеннай эпохі.

Больш пра Рэтра Лігу можна прачытаць на афіцыйнай старонцы ў Facebook.

Даведка

У Гродне футбол мае даўнія традыцыі, яны бяруць пачатак у 1911-1912 гадах, калі ў горадзе з’явілася Таварыства садзейнічання фізічнаму развіццю. Да 1913 году былі створаны дзве футбольныя каманды. Другое нараджэнне гродзенскі футбол адзначыў пасля Першай сусветнай вайны ў 1920 годзе. Першай пасляваеннай камандай стаў клуб трэцяга пяхотнага палка легіёнаў «Тшэцяк». Яшчэ з розніцай у год былі ўтвораны каманды «КС Крэсовія» і «ВКС 76 ПП» – «Ваенны спартыўны клуб 76-га пяхотнага палка». А далей пачынаецца «эпідэмія» футбола: з’яўляюцца каманды асобных вайсковых частак, гімназій, нацыянальных арганізацый. Напрыклад, у Гродне ўтварылася адразу некалькі яўрэйскіх каманд: «Макабі», «Хасманея», «Крафт».

«ВКС 76 ПП» пасля стаў прадстаўляць увесь гродзенскі гарнізон. Большасць яе «штыкоў» былі вайскоўцамі. Праўда, у камандзе гулялі яшчэ і гродзенскія студэнты ды некалькі рабочых. Вайсковыя футбалісты выступалі ў зялёна-чырвонай форме. Прэзідэнтам клуба быў палкоўнік Журакоўскі, кіраваў футбольнай секцыяй паручнік Даўгяла.

Як 100 гадоў таму: каманда WKS Grodno стартавала ў польскай Рэтра Лізе 
У 1934 годзе паўстаў новы гродзенскі клуб WKS Grodno – дзве сур’ёзныя дружыны “Крэсовія” і “76 пп” аб’ядналіся. Гэтая каманда неўзабаве стала безумоўным лідарам Беластоцкага ваяводства. Гродзенцы заваявалі восем з адзінаццаці магчымых тытулаў чэмпіёна акругі. Адзін з сакрэтаў перамог заключаўся ў тым, што за каманду выступалі знакамітыя футбалісты, якія траплялі ў Гродзенскі гарнізон для праходжання ваеннай службы, напрыклад Ежы Хассельбуш з «Варшавянкі», член зборнай каманды Польшчы паўабаронца «Гарбарні» (Кракаў) Адам Халішка, нападнікі Леон Габрысяк, Казімір Скшыпчак, Дыяс, Буга, Цыган, Капчэўскі, паўабаронца Стэмпінскі, абаронца Кешкоўскі, брамнік Мінеўскі. Былі ў складзе каманды і знакамітыя гродзенцы – браты Адамчыкі і Мельнікавы.

Каманда WKS Grodno перастала існаваць у верасні 1939 года. Многія футбалісты адправіліся на вайну і не вярнуліся, а хтосьці застаўся ў Гродне і працягнуў гуляць у футбол пры саветах.

Як 100 гадоў таму: каманда WKS Grodno стартавала ў польскай Рэтра Лізе 

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: