“Не прапаганда, а гістарычная праўда”. У Гродна прыехалі рэканструктары Войска Польскага

Салдат польскай арміі і паліцэйскі ў форме 1939 года шпацыравалі па цэнтры Гродна, як і 80 гадоў таму. Гэта былі ўдзельнікі групы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Беларусы ў Войску Польскім». Яны прыехалі ў Гродна 21 мая, прайшліся па вуліцах, зрабілі фатаграфіі і пагутарылі з гараджанамі.

Рэканструктары на чале з гісторыкам Ігарам Мельнікавым рэгулярна выязджаюць у розныя гарады Беларусі. У Гродна яны прыехалі на сустрэчу гісторыкаў, прысвечаную Корпусу Аховы Памежжа – польскай памежнай службе, якая ў міжваенны час працавала на мяжы з СССР.

Не толькі савецкая і царская эпоха

«Сёння ў Беларусі вельмі мала рэканструктараў, якія займаюцца міжваенным Войскам Польскім, – распавядае гісторык Ігар Мельнікаў. – Праблема ў тым, што людзі мала цікавяцца гісторыяй. Яны не ведаюць, што беларусы ў гэтым войску першымі змагаліся ў Другой сусветнай супраць нацыстаў. Пра гэта мала распавядалі, але цяпер гэтая інфармацыя паступова даходзіць да нас, асабліва да моладзі. І шмат людзей у сферы рэканструкцыі пачынае разумець, што насамрэч не толькі савецкая і царская эпоха пасуе Беларусі, але і так званая польская».

Патрэбны грошы і веды

Мельнікаў адзначае, што рэканструкцыя – хобі не з танных. Каб сабраць цэлы камплект адзення перыяду 1939 года трэба выдаць 350-500 еўра. Патрэбныя і веды.

«Я заўсёды кажу, што галоўнае, каб правільна апрануцца і абшыцца, не грошы, а веды. У дапамогу ідзе інфармацыя і фатаграфіі, якія дайшлі да нашых дзён. Больш за ўсё гэтага багацця ў Заходняй Беларусі. Гэта проста скарбніца інфармацыі для рэканструктараў і гісторыкаў».

Беларусы першымі прынялі ўдар нацыстаў

Даследчык дадае, што нават праз 80 гадоў у гэтым рэгіёне яшчэ можна знайсці шмат інфармацыі, у першую чаргу ад відавочцаў.

«Яны памятаюць, як выглядала форма тых салдат. У кагосьці бацькі былі ў Войску Польскім, – дадае Мельнікаў. – Але ёсць адна праблема: беларусы не да канца разумеюць, што гэта таксама наша гісторыя. Беларусы заўсёды змагаліся ў розных войсках. Напрыклад, на пачатак Другой сусветнай вайны ў Войску Польскім іх было каля 70 000. Нашы суайчыннікі першымі прынялі ўдар нацыстаў».

Гэта таксама гісторыя, якую павінны ведаць беларусы

У 2010 годзе Мельнікаў стварыў групу ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Беларусы ў Войску Польскім», якая часта выбіраецца на экскурсіі па былой савецка-польскай мяжы і на розныя фестывалі.

“Я ў першую чаргу гісторык, а рэканструкцыя гэта хобі. Але ўсе разам дае магчымасць данесці гістарычную праўду да людзей.
Калі ты апрануты ў мундзір і распавядаеш пра тыя ці іншыя падзеі, быццам з’яўляешся сведкам, гэтага дорага каштуе. Асабліва для тых людзей, якія нічога не ведаюць”.

Рэканструктары адзначаюць, што ў Гродна ім заўсёды прыемна прыязджаць. Яны ўспамінаюць, як гэты горад у верасні 1939 года нечакана для ўсіх трымаў абарону.

«У межах Другой Рэчы Паспалітай гэты горад аказаў сур’ёзнае супраціўленне Чырвонай Арміі, – распавядае Мельнікаў. – Самае цікавае, што з пачаткам вайны ў Гродне чакалі немцаў, але прыйшлі саветы. Тут была арганізавана сапраўдная абарона сіламі гараджан. Гэта таксама гісторыя і яе павінны ведаць беларусы. Сёлета 80 гадоў пачатку Другой сусветнай. Сваёй рэканструкцыяй мы паказваем тую частку гісторыі, пра якую доўга не казалі. І самае галоўнае: гэта не прапаганда Польшчы ці даваеннай Рэчы Паспалітай, гэта жаданне вярнуць гістарычную праўду”.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: