Амаль месяц доўжыліся раскопкі на вуліцы Замкавай на месцы сквера за былым Палацам тэкстыльшчыкаў. Адзін са знойдзеных старадаўніх скляпоў плануюць захаваць і прыстасаваць пад кафэ.
На месцы сквера плануюць у 2020 годзе пабудаваць адміністрацыйна-гандлёвы комплекс з трох будынкаў. Яшчэ на стадыі праектавання забудоўшчык паабяцаў, што раскопкі будуць доўжыцца столькі, колькі спатрэбіцца археолагам, хоць тэрміны будаўніцтва абмежаваныя. Заказчык: ЗТАА «ДТ-груп» — інвестары з Літвы, якія ў Беларусі валодаюць сеткай піцэрый Pizza & Coffee і прыпынкавымі павільёнамі Z-маркет.
Смотрите, какую информацию о застройке на Замковой повесил инвестор
У раскопках на Замкавай была задзейнічана адмысловая экспедыцыя з гродзенскіх валанцёраў і старэйшага навуковага супрацоўніка НАН Леаніда Калядзінскага. Усімі працамі кіравала вядучы навуковы супрацоўнік, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Пачобут.
«Раскопкі далі нам дадатковы матэрыял пра культуру Гродна 17 стагоддзя, — адзначае Наталля Пачобут. — Быў знойдзены і больш ранні пласт, які адносіцца да 16 стагоддзя, але ён сур’ёзна пацярпеў у пажары. Мы мяркуем, што выяўленыя намі падвалы адносяцца да мяжы 17−18 стст. Меркавана там была вінарня. Захавалася шмат керамікі і посуду: збаны з ручкамі, гаршкі і многае іншае».Таксама падчас раскопак была знойдзена палавая плітка 19 стагоддзя са знакам майстра, які нагадвае масонскія сімвалы. Траплялася шмат манет розных перыядаў, таварныя пломбы 19−20 стст., прадметы побыту.
Зараз у скверы за былым Палацам тэкстыльшчыкаў да работ прыступаюць будаўнікі. Адміністрацыйна-гандлёвы комплекс павінны пабудаваць за год. Інвестар паабяцаў закансерваваць адзін са знойдзеных падвалаў, а старую цэглу ад іншых пабудоў выкарыстаць у афармленні будучага кафэ.
«Гэта ўжо вялізны крок для Гродна. Да гэтага ў такіх аб’ёмах ні адзін замовец не захоўваў старыя падвалы. Знойдзены намі падвал інвестар плануе выкарыстаць пад кафэ», — дадала Наталля Пачобут.
Даведка
Калісьці на месцы сквера на Замкавай размяшчаўся Дом рыбака — каменны аднапавярховы будынак 16 стагоддзя, дзе, па некаторых версіях, жыў кіраўнік гродзенскага цэха рыбакоў. У 1960-х усе будынкі ў гэтым раёне знеслі з-за будаўніцтва Дома быту. Вядома, што ў цэнтры Гродна будзе пабудавана не дакладная копія знесеных пабудоў, але вонкава будынкі будуць вельмі падобныя на тыя, якія там стаялі 100 гадоў таму.