«Бывае, разкладзеш яе, прыціснеш шклом і дзівішся: божа, няўжо гэта я зрабіў?» Станіслаў Муліца больш за чвэрць веку робіць цуды з паперы. Яго выцінанкі трапілі ў музеі Беларусі і Еўропы, іх захоўваюць у прыватных калекцыях па ўсім свеце. Сёлета казачныя ўзоры гродзенскага майстра ўпрыгожылі каляндар Нrodna.life.

Як выцінанкі лечаць, колькі нажніц патрэбна сапраўднаму майстру і ці шмат часу патрабуюць выцінанкі, даведалася карэспандэнтка Hrodna.life

«Рука вядзе няведама куды»

«Няма такога, што я раблю гэта штодня. Я чакаю натхнення. Яно можа прыйсці праз год ці праз два. Можа нават праз тры гады. І ўжо як яно прыходзіць, то не магу спыніцца. Рэжу, рэжу, малюю, і гэта не дае мне спакою. Часам рука вядзе мяне няведама куды. Яна сама нешта робіць». Так апісвае таямніцу нараджэння папяровых карунак Станіслаў Муліца.

Выцінанка — від традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта ажурны ўзор, выразаны з белай ці каляровай паперы. Выцінанкі бываюць геаметрычнымі, расліннымі, ці нават сюжэтнымі, з выявамі людзей ці жывёл. У Беларусі выцінанка была найбольш распаўсюджана ў ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў. Выкарыстоўвалася для ўпрыгожання жытла, як аздоба інтэр'ера ці яго асобных элементаў да святаў і ўрачыстасцяў.

Выцінанкі ён памятае з дзяцінства. Папяровыя фіранкі на вокнах, абклады на абразах, узоры на сценах і мэблі былі папулярныя пасля вайны ў вёсцы. Жанчыны рабілі іх, каб упрыгожыць хату на Раство ці Вялікдзень. Выкарыстоўвалі паперу, бо яна была танная. Бывала, што ўзоры выразалі нават з газеты.

майстар Станіслаў Муліца робіць выцінанкі
Снежаньская старонка каляндара Hrodna.life. Коні - адзін з улюбёных сюжэтаў майстра. Яны прыйшлі ў выцінанкі Станіслава Муліцы з дзяцінства: «Калі жыў на вёсцы, вельмі шкадаваў конікаў. Цэлы дзень яны мусілі працаваць, не пакідаць баразну, пераходзілі ад аднаго гаспадара да другога»

Майстар захапіўся выцінанкаю ўжо ў сталым веку. Узгадвае, як аднойчы ягоны сябар і настаўнік, мастак Алесь Аўчыннікаў, даў паглядзець кніжку пра польскую выцінанку.

«Я прыйшоў дадому, разгарнуў і… папросту эмацыйны выбух! Я бяру нажніцы, кавалак паперы і пачынаю рэзаць. Спачатку копіі, а потым ўсё, што ў галаву прыйшло. А назаўтра — бягом да сябра, каб паказаць, што атрымалася».

Ужо праз год у Станіслава Муліцы адбылася першая персанальная выстава.

На вереснёўскай старонцы — птушка Птушкі часта сустракаюцца на выцінанках Станіслава Муліцы. Сімвалізуюць духоўнасць і надзею на адраджэнне. Гэтая выцінанка складаная тым, што ў ёй вельмі шмат дробных дэталяў.

Нажніцы для манікюру і для авечак

Свае выцінанкі гродзенец робіць са звычайнай каляровай паперы, што можна набыць у краме з канцтаварамі. А вось нажніц у Станіслава больш за дзясятак. Розных памераў: ад малых манікюрных да гаспадарчых. Ёсць нават нажніцы для стрыжкі авечак.

майстар Станіслаў Муліца робіць выцінанкі
Вялікія нажніцы для стрыжкі авец майстар выкарыстоўвае ў асноўным для буйных дэталяў, калі робіць рэканструкцыі выцінанак паводле старых фота. Здымак з асабістага архіва Станіслава Муліцы

«Часам кладуся спаць, заплюшчваю вочы — і бачу ўзоры, ды такія цікавыя, нязвыклыя, што нават не здолею выхапіць з памяці. І гэта вельмі мяне стрэсуе», — расказвае Станіслаў.

Для складаных выцінанак майстар робіць эскізы. Але часам нешта ідзе не так, і тады пачынаецца імправізацыя.

«Не вельмі турбуюся, калі штосьці неспадзявана адрэжу. Можна ў другі бок пайсці, аднавіць. Але часам раззлуюся і кіну», — усміхаецца Станіслаў.

Два гады на адну выцінанку

Звычайная выцінанка займае ў мастака ад адной гадзіны да чатырох. Але над некаторымі працуе з перапынкамі. Адна з самых «доўгіх» — выцінанка «1863 год. Пахаванне паўстанца». Яе аўтар ствараў у некалькі этапаў амаль два гады.

Станіслаў Муліца выцінанка паўстанне 1863

«Да мяне прыйшоў вобраз касцёла, які перарабілі ў царкву. Бо на Беларусі пасля паўстання 1863 года за ўдзел ў ім каталіцкіх святароў выганялі, а касцёлы аддавалі пад праваслаўныя цэрквы. І вось на выцінанцы — вежы-цыбулькі, але наверсе яшчэ застаўся каталіцкі крыж над званіцай».

«Касцёл-царкву» Станіслаў выразаў у 2017−18 годзе. А ў 19-м, пасля перапахавання Кастуся Каліноўскага ў Вільні, сюжэт атрымаў развіццё.

«На ніжнім плане я дадаў пахавальную працэсію. Крыж, харугві, конік, цяжарная жанчына з дзіцём, жабрак з малітвай… Гэта было моцнае ўражанне, перажыванне таго часу».

Зараз выцінанка захоўваецца ў Польшчы, на радзіме Кастуся Каліноўскага пад Беластокам.

Антыстрэс па-беларуску

Выцінанка, лічыць Станіслаў, з усіх відаў творчасці самая простая і даступная. А яшчэ яна дае адчуване радасці і далучэння да тайны.

«Часам унучак сваіх саджу і „чыкаем“ разам. А пасля як разгорнуць паперу — глядзі, што атрымалася! Майстры раяць займацца з дзецьмі, бо гэта добра ўплывае на іх развіццё», — расказвае Станіслаў.

Узоры выцінанак нечым нагадваюць папулярныя зараз размалёўкі-антыстрэс

«Так, ёсць ў выцінанкі такое, — пагаджаецца майстар. — Чалавек, калі яе робіць, застаецца сам на сам і супакойваецца. Да мяне нават звярталіся гродзенскія дактары, што лечаць людзей з анкалогіяй. Я прапанаваў даваць хвораму чалавеку ў рукі нажніцы, каб ён адыходзіў ад беспакойных думак».

На ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды

Дзякуючы выцінанцы гродзенец мае сяброў з усяго свету. Аказваецца, у падобнай тэхніцы працуюць і майстры з іншых краін.

«Незвычайныя працы ў сябраў з Ірану, Швейцарыі. Польскія і літоўскія выцінанкі падобныя да нашых. Але ў Польшчы, напрыклад, захавалася рэгіянальнасць, выцінанкі адрозніваюцца паводле мясцовасці. У Беларусі ў савецкія часы гэта было страчана, нават мясцовы строй не захаваўся. Таму мы дакладна не ведаем, якой была гродзенская выцінанка».

Аднойчы ўсё ж удалося знайсці ў гісторыка-археалагічным музеі выцінанку, зробленую на Гродзеншчыне ў 1936 годзе. Яна была квадратная, з пеўнікам і колам пасярэдзіне. Паводле яе матываў майстар зрабіў серыю падобных твораў.

Станіслаў Муліца вывучаў этнаграфію, таму многія выцінанкі прысвечаныя народным святам, абрадам, традыцыям. На красавіцкай старонцы каляндара Hrodna.life - вербная нядзеля і яўрэйскае свята Пурым

Гродзенская тэма таксама адбілася ў цыкле, прысвечаным гістарычнам помнікам. Станіслаў выразаў з паперы Каложу, Фарны касцёл, Стары лямус. А яшчэ з выцінанкі ў нашым горадзе пачаўся кірмаш «Казюкі». Станіслаў Муліца быў яго першым арганізатарам: «Мне хацелася зрабіць свята для майстроў, дзе яны будуць галоўнымі, а не дадаткам на гарадскім мерапрыемстве».

Чытайце таксама: «Пачыналі з 20 рамеснікаў, а сёння іх сотні». Арганізатар першых «Казюкоў» пра адраджэнне кірмаша ў Гродне

Станіслаў абменьваецца работамі з іншымі майстрамі. Часта выцінанкі просяць даслаць знаёмыя. Так працы гродзенца разышліся па свеце. Ёсць яны нават у Японіі, Індыі, Егіпце, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША — на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Зараз Станіслаў рыхтуе бандэроль у Таіланд.


майстар Станіслаў Муліца робіць выцінанкі

Станіслаў Муліца нарадзіўся ў вёсцы Дайліды Іўеёскага раёну. Працаваў у Гродзенскім палацы культуры хімікаў, на «Гродна Азот». Выцінанкай займаецца з 1994 года. З’яўляецца сябрам Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, уваходзіць у склад Таварыства майстроў народнай творчасці Гродна. Заснаваў суполку майстроў народнай творчасці пры ГА «Саюз палякаў на Беларусі». У 2005 годзе атрымаў ад польскага Міністэрства культуры ганаровы тытул заслужанага дзеяча культуры Польшчы.