Лістапад у банку, стракозы з «носікаў» і мухаморы з жалудоў. Падрыхтавалі для вас некалькі варыянтаў восеньскіх вырабаў з TikTok. Ёсць зусім простыя варыянты, якія можна хутка зрабіць і са спакойнай душой аднесці дзіцяці ў дзіцячы сад або школу. А калі ў вас ёсць час і жаданне затлуміцца, то гартайце да канца.

Можаце аб’яднаць некалькі ідэй у адным вырабе ці рабіць іх паасобку.

Восеньскія вырабы з жалудоў і шышак

Гірлянда мухамораў з шапак жалудоў

Што трэба:

  • шапачкі ад жалудоў;
  • тонкія палачкі;
  • акрылавая фарба чырвонага і белага колеру і пэндзлік;
  • вяроўка;
  • ручны свердзел або шыла;
  • штыфты для біжутэрыі;
  • гарачы клей.

Спачатку трэба падзяліць шапачкі жалудоў, пафарбаваць іх у чырвоны колер і дадаць белыя плямы. Палачкі пафарбаваць у белы колер і разрэзаць на маленькія кавалачкі — гэта будуць «ножкі мухамораў». Зачысціць пілачкай няроўныя краі. Далей трэба свердзелам або шылам прарабіць адтуліну ў шапачках, укруціць штыфты. Гарачым клеем прыляпіць ножку і зацягнуць у адтуліну штыфтоў вяроўку.

Шкляныя жалуды

Што трэба:

  • шапачкі жалудоў;
  • шкляныя шарыкі;
  • дэкаратыўная вяроўка.

Шкляныя шарыкі можна купіць у крамах, дзе прадаюць усё для рукадзелля, або такіх, як FixPrice.

Трэба проста прыляпіць шкляны шарык гарачым клеем да шапачкі жалуда і прымацаваць вяроўку за хвосцік шапачкі.

Стракозы і чалавечак з носікаў і шышак

Што трэба:

  • крылаткі, яны ж: «носікі» і «верталёцікі»;
  • шышкі, капялюшыкі жалудоў, невялікія галінкі;
  • драўляны шарык;
  • гарачы клей.

Усё проста. Нарэжце патрэбнай даўжыні палачкі і прыляпіце да іх у два рады «носікі» — і ваша зграя стракоз гатовая.

Для больш складанага варыянту спатрэбіцца шышка і шапачка ад жалуда. Крылы, галаву і капялюшык трэба склеіць паміж сабой гарачым клеем. Для галавы можна выкарыстоўваць драўляны шарык або проста жолуд з капялюшыкам.

Вожык з шышак

  • шышкі;
  • восеньскае лісце;
  • два шарыкі з пенапласту;
  • круг з кардона;
  • шкарпэтка;
  • гарачы клей.

Для пачатку трэба выразаць круг з кардона і ўпрыгожыць яго восеньскімі лісцем. Іх можна прыляпіць клеем. Затым склеіць паміж сабой два шарыкі з пенапласту і надзець на іх шкарпэтку. Унутр лепш дадаць трохі клею, каб шкарпэтка шчыльна прылягала да асновы. Лішняе абрэзаць і з рэшткаў тканіны зрабіць лапкі. Прыляпіць аснову для вожыка на круглую падстаўку. Шышкамі зрабіць іголкі для звярка — трэба гарачым клеем прыляпляць да асновы па адной шышцы. Носік можна зрабіць з тканіны, як і лапкі, вочкі купіць гатовыя ці намаляваць на паперы. Іголкі ўпрыгожыць па сваім меркаванні.

Восеньскія вырабы з лісця

Матылькі з лісця і сухацветы лагурус

Што трэба:

  • сухацвет лагурус,
  • кляновае лісце,
  • белая фарба, пэндзлік,
  • гнуткі дрот,
  • гарачы клей.

Разрэжце кляновыя лісце па форме жылак з двух бакоў. Яны павінны быць аднолькавыя, так як гэта будуць крылы матылька. Невялікімі палоскамі расфарбуйце лісце, каб было падобна да пухнатых крылцаў. Далей адрэжце галоўку сухацвета і прыляпіце раўнамерна лісце гарачым клеем. Гэта будзе цела матылька. Парэжце на маленькія кавалачкі дрот і прыляпіце там, дзе будзе галава матылька — гэта будуць вусікі. Адрэжце чвэрць сухацвета, прыляпіце зверху вусікаў — гэта будзе галава.

Гном з барадой з лісця

Што трэба:

  • мешкавіна;
  • кардон;
  • кляновае лісце;
  • гарачы клей;
  • грэцкі арэх.

З кардона трэба выразаць аснову ў выглядзе гнома з шапкай. Вымераць мешкавіну па памеры з шапкай і прыляпіць яе на кардон з адваротнага боку гарачым клеем, каб атрымалася шапачка гнома.

Кляновае лісце трэба прыляпіць на гарачы клей. Прыляпляць лісце пачніце знізу і скончыце пад самай шапкай. У самым канцы трэба дадаць нос у выглядзе грэцкага арэха.

Карціна з лістамі

Што трэба:

  • круглае палатно;
  • восеньскія лісты;
  • белы ліст паперы;
  • клей;
  • алоўкі ці фарбы.

Наляпіце восеньскія лісце ў выглядзе гор на палатно. Хвосцікі, якія вылазяць за межы палатна, акуратна адрэжце. З белага ліста зрабіце макет для гор, прыкладзіце да палатна, дзе будуць размяшчацца вашы горы, і з дапамогай нажа насыпце грыфель простага алоўка на макет гор. Расцярыце сурвэткай. Тое ж самае зрабіце з другімі гарамі, толькі зрабіць іх трэба трошкі святлейшымі. Далей намалюйце сонца або той пейзаж, які вам больш падыходзіць.

Розы з бярозавых лістоў

Што трэба:

  • папяровая або шкляная ёмкасць;
  • лісце;
  • гарачы клей.

Для пачатку ў лісця адрэжце хвосцікі. Пажадана знайсці шклянку з вузкай гарлавінай. Калі няма такой, то можна скарыстацца папяровай ёмкасцю і проста адрэзаць у яе дно.

Першы пласт лісця трэба сагнуць пасярэдзіне і загарнуць унутр адтуліны тым бокам, дзе ў ліста быў хвосцік. Лепш за ўсё, калі будзе вялікі нахлыст. Затым на абадок шклянкі з лісцем пакладзіце клей і паўтарыце пласт, толькі цяпер ён павінен быць не такім шчыльным. Так трэба паўтараць, накладваючы лісце адзін за адным, пакуль не атрымаецца пышная ружа.

Восеньскія вырабы ў банках

«Восеньскі шар»

Глядзіце ў TikTok:

Што трэба:

  • слоік;
  • гліцэрына;
  • вада;
  • восеньскія лісты і галінкі.

Для эфекту лістапада трэба сабраць маленькія лісточкі або зрабіць дзіраколам канфеці з восеньскага лісціка. Каб кампазіцыя прыгожа глядзелася, лепш за ўсё знайсці галінку, на якой будзе некалькі атожылкаў, можна з лісцем. Галінку можна прыляпіць на вечка, калі хочаце, каб пры закрыцці вечка яна шчыльна прылягала. Унутр насыпаць рознакаляровых лісточкаў або канфеці, наліць гліцэрыну, якую можна купіць у аптэцы, і заліць звычайнай вадой. Затым шчыльна закрыць вечка, трохі страсянуць, і можна пераварочваць банку.

Гарбуз-лямпачка з банкі

Што трэба:

  • прыгожая шкляная банка;
  • кляновы ліст;
  • бесправадныя лямпачкі;
  • тонкая вяроўка;
  • тоўстая вяроўка;
  • дэкаратыўная або гафрыраваная папера аранжавага колеру;
  • гарачы клей.

Для пачатку адмерайце тонкай аборкай даўжыню банкі і нарэжце некалькі кавалачкаў — гэта будзе імітаваць долькі гарбуза. Кавалкі вяроўкі трэба будзе наклеіць на гарачы клей па дыяганалі да банкі. Далей з тоўстай аборкі зрабіце пяцельку патрэбнай вам даўжыні і прыляпіце да дна слоічка. Трэба задэкараваць дно банкі той жа вяроўкай, але ўкладваючы яе па спіралі, пачынаючы ад цэнтра, дзе прылепленая пяцелька.

Для ўнутранкі гарбуза вазьміце дэкаратыўную паперу аранжавага колера з бесправаднымі ліхтарыкамі, скамячце ўсе разам у невялікі шар і змясціце ўнутр.

Каля пяцелькі прыляпіце кляновы лісцік.

Месяц з фальгі і палак

Што трэба:

  • фальга;
  • папера для выпякання;
  • тонкія галінкі;
  • восеньскія лісты і сухія кветкі;
  • гарачы клей.

Фальгу для выпякання скамячыць і зрабіць з яе форму маладога месяца. Паверх фальгі прыляпіць харчовую паперу. Прасцей за ўсё будзе адрэзаць стужку шырынёй 10−15 см і абгарнуць форму з фальгі. Затым нарэзаць дробнымі кавалачкамі галінкі і прыляпляць іх гарачым клеем на аснову. Трэба, каб галінкі закрывалі ўсю аснову — атрымаўся напаўвянок, падобны да месяца. Упрыгожыць месяц восеньскім лісцем і кветкамі на свой густ.

Вянок-дзверы

Што трэба:

  • вярбовыя галінкі або набыты вянок;
  • кардон;
  • палачкі для марожанага;
  • канцылярскі нож;
  • фарба, пэндзлік, губка;
  • дэкаратыўны мох і ручка для дзвярэй;
  • гарачы клей.

З кардона трэба выразаць невялікі круг. Гарачым клеем прыляпіце палачкі для марожанага. Тое, што вылезла за межы круга, адрэжце канцылярскім нажом. Таксама нажом можна прарабіць некалькі драпін і паглыбленняў, яны будуць імітаваць драўляныя дзверы. Дзверы трэба пафарбаваць у зялёны або карычневы. Лепш за ўсё выкарыстоўваць два адценні для аб’ёмнасці. Першы пласт фарбы — цёмнае адценне, яго нанясіце пэндзлікам. Затым невялікімі мазкамі губкі нанясіце светлае адценне фарбы. Далей трэба прыляпіць вянок гарачым клеем. Вянок можаце вырабіць самі з галінак вярбы або купіць гатовы. Месцамі прыляпіце мох і ручку. Можаце замест ручкі выкарыстоўваць пацеры або грэцкі арэх.

Чытайце таксама: «Назапасьцеся цярплівасцю, разуменнем і вялікай колькасцю зменнага адзення». Як перажыць тое, што дзіця ідзе ў дзіцячы сад