17 верасня 1939 года савецкае войска ўвайшло ў Заходнюю Беларусь. У Савецкім саюзе гэты дзень назвалі днём уз’яднання Беларусі. Адна з трагічных старонак тых падзей — забойствы памешчыкаў, асаднікаў, чыноўнікаў, якія называліся ў савецкім друку «народнай помстаю», здзекі і рабаванні. Як у той час «Усходнія крэсы» сталіся скрыняй Пандоры, піша гродзенскі гісторык Васіль Герасімчык.

«Насельніцтва сустракае нас як вызваліцеляў. Мы праходзілі побач з сёламі, упрыгожанымі чырвонымі сцягамі. На хатах былі вывешаны лозунгі: „Дзякуй таварышу Сталіну за вызваленне Беларусі ад польскага ярма“, „Братэрскае прывітанне Чырвонай Арміі“. Дзяўчаты дораць чырвонаармейцам букеты кветак. Гэтыя дні сталі для народа радасным святам», — пасля ўваходжання 18 верасня савецкіх войск у Навагрудак распавёў палкоўнік Місюеў карэспандэнту газеты «Праўда».

Расправы пачаліся пасля навіны на радыё

Пераважная частка насельніцтва Заходняй Беларусі вітала «вызваленчы паход» Чырвонай Арміі, прычым не толькі чырвонымі, але і бел-чырвона-белымі сцягамі, якія ў міжваенны час зрабіліся адным з найважнейшых сімвалаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы і за які шмат беларускіх актывістаў былі накіраваныя польскай паліцыяй за краты. Адна з трагічных старонак тых падзей — забойствы памешчыкаў, асаднікаў, чыноўнікаў, якія называліся ў савецкім друку «народнай помстаю». Яна стала адказам на сацыяльныя бар’еры і дыскрымінацыю, якія існавалі ў так званых «Усходніх крэсах», названых прафесарам Мар’янам Здзяхоўскім скрыняй Пандоры, адкрытай 17 верасня 1939 года.

За пару тыдняў была знішчаная магутная абшарніцкая інфраструктура, разрабаваныя сотні маёнткаў, тысячы людзей былі забітыя. Сярод ахвяраў, у першую чаргу — «паны»: ва «Усходніх крэсах» знішчана каля 200 памешчыкаў, з якіх 2/3 — у Заходняй Беларусі, дзе амаль у кожнай вёсцы слухалі савецкае радыё. Таму не дзіўна, што расправы пачаліся адразу пасля атрымання навіны пра пераход Чырвонай Арміі ўсходняй мяжы польскай дзяржавы.

Закапывалі жыўцом, залівалі вапнай

Жыўцом былі закапаныя ўладальнікі фальварка Калеснікі ў Ваўкавыскім павеце. Уладальнікаў фальварка Рута ў Навагрудскім павеце зарэзаў іх парабак, якога яны выхоўвалі з маленства. Тады ж былі забітыя Генрык Грабоўскі з аднаўляемага цяпер маёнтка Грушаўка, радзімы Тадэвуша Рэйтана, беларуская сям’я Трафімюкоў з маёнтка Ярылаўка, уся сям’я Ягалкоўскіх з маёнтка Дзяжковічы ў Слонімскім павеце…

З надыходам ночы на 18 верасня колькасць забойстваў павялічылася. У Калпаках, непадалёк ад Гродна, ахвярамі сталі ўладальнік маёнтка Мінявічы Клеменс Стралкоўскі з сынам. Аднак найбольш вядомым у гэты час стала забойства Антонія і Людвікі Валкавіцкіх у Малой Бераставіцы: рукі абшарнікаў звязалі калючым дротам, затым іх кінулі ў яму, залілі вадой з вапнаю, і закапалі жыўцом. Разам з імі былі забітыя войт гміны Казімір Вялічка і яшчэ пяць чалавек, сярод якіх паштальён і настаўнік.

Многія памешчыкі намагаліся ўратавацца бегствам. Аднак гэта атрымоўвалася далёка не ва ўсіх. Так, У ваколіцах Зэльвы быў схоплены і забіты Вітольд Хайноўскі, уладальнік маёнтка Случ Шчучынскага павету. Францішак Эдвард Гутэн-Чапскі, уладальнік маёнтка Навасёлкі ў Ашмянскім і Наруцэвічы ў Нясвіжскім павеце быў абрабаваны і павешаны па дарозе ў Вільню.

Шэраг забойстваў адбыліся паказальна, як у выпадку Оскара Мейштовіча, уладальніка маёнтка Рагозніца Ваўкавыскага павета. У 1920-я гады ён актыўна выступаў супраць беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і нават забіў аднаго з кіраўнікоў беларускіх партызанаў. 21 верасня Мейштовіча застрэлілі ў Зэльве, а цела пакінулі на вуліцы з надпісам: «Прашу пахаваць. За клопат будзе заплочана як належыць».

Усяго ў Зэльве былі забітыя 12 чалавек, у тым ліку 76-гадовы мясцовы ксёндз-прабашч Ян Крынскі і 71-гадовы праваслаўны бацюшка з царквы Св. Тройцы Давід Якабсан, а таксама дэпутат польскага Сойма Ежы Балондзь. Сярод удзельнікаў расправы засвяціўся чырвонаармеец Фралук з 11-й кавалерыйскай дывізіі. Ён забраў рэчы забітых, за што і быў арыштаваны.

Нават пасля авалодвання Чырвонай Арміяй тэрыторыі Заходняй Беларусі экзекуцыі працягнуліся. Група беларусаў з Ярмолавічаў арыштавала ўладальніка маёнтка Мандзін у Гродзенскім павеце Тадэвуша Урсына-Нямцэвіча і 26 верасня той быў забіты. Такі ж лёс напачатку кастрычніка напаткаў у Парэччах Пінскага павета Рамана Скірмунта, былога прэм’ер-міністра БНР, сябра Канстытуцыйнай камісіі Сената міжваеннай Польшчы, дэпутата Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі.

Распраналі, змушалі танцаваць

Ахвярамі станавіліся не толькі памешчыкі, але і арандатары, і адміністратары маёнткаў. Так у Кухчы ў Пінскім павеце сяляне забілі адміністратара Стэфана Гродзкага. У маёнтку Гольня Гродзенскага павета, які належыў Біспінгам, была забітая сям’я арандатараў Казлоўскіх.

Помнік савецкім салдатам, загінулым у верасні 1939 года ў час баёў за Гродна

Аднак далёка не заўсёды вынікам народнага гневу станавілася забойства. Напрыклад графа Раствароўскага распранулі да ніжняй бялізны і адпусцілі. Абшарніка з Навагрудскага павета Баляслава Жывіцкага разам з сям’ёю распранулі дагала, прымушалі танчыць і спяваць, спраўляць фізічныя патрэбы на вачах натоўпа. А затым самога Жывіцкага адправілі за краты, а яго жонку і дзяцей накіравалі ў хлеў і прымусілі даіць кароў. Яшчэ ў адным выпадку жонку забітага памешчыка з ваколіц Дзятлава распранулі і кінулі ў хлеў да свіней.

Зоф’я Кажон-Любінецкая, уладальніца маёнтка Красуля Навагрудскага павета, адзначаная ў польскай дзяржаве Крыжам Заслугі за грамадскую працу на карысць сялянаў, узгадвала: «Я бегла пад градам камянёў, некалькі трапілі мне ў галаву. Я не адчувала болю. Што ўвогуле адчувала? Жывёльны страх. І чула дзікі крэч, найагіднейшыя праклёны і словы, што яны са мною зробяць. Той крэч пранікаў у мяне. І я чула, што „дзіця ўтопім“. У той час нешта зламалася, пякло ў сэрцы, у мозгу. І тое была нейкая псіхічная смерць, рана, якая змяніла ўсю існасць і ніколі не загаілася…». У іншым выпадку памешчык Тадэвуш Орда з маёнтка Дастаева каля Пінска ўратаваўся толькі дзякуючы таму, што прыкінуўся забітым.

«Рэвалюцыйныя камітэты» патрабавалі больш рэпрэсій

Творцамі «народнай справядлівасці» былі, у першую чаргу, так званыя «рэвалюцыйныя камітэты», ствараемыя мясцовымі прасавецкімі актывістамі, у асноўным з ліку былых удзельнікаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), распушчанай у жніўні 1938 года па рашэнню Выканкама Камінтэрна. Так, рэўкам з вёскі Квасоўка Гродзенскага павету забіў князя Міхала Красінскага, ягонага эканома Валяр’яна Адамчэўскага, адміністратара Яна Сапацькінскага, дырэктара школы з Свіслачы Леанарда Палькоўскага, войта гміны Лаша Уладыслава Шоту, солтыса вёскі Кавалічы Анджэя Моцьку, а таксама Станіслава Скаржынскага і Уладыслава Хаманоўскага. Толькі трое з іх былі застрэленыя. Астатнія — забітыя рыдлёўкамі.

Першы сакратар КП (б)Б П. Панамарэнка са здзіўленнем пісаў Сталіну пра дзейнасць камітэтаў: «Яны патрабуюць больш рэпрэсій. Можна атрымаць уражанне, што яны хочуць помсціць або з’яўляюцца правакатарамі… З’яўляюцца і рэгіструюцца вялікая колькасць людзей, якія называюць сябе камуністамі-канспіратарамі і партыйнымі супрацоўнікамі. У вёсцы Падстарынка Баранавіцкага павета сабралося 12 такіх камуністаў, абвесцілі сябе вясковым камітэтам і не пытаючы меркавання сялянаў пачалі імі кіраваць. У Баранавічах з’явіліся два сябры ЦК КПЗБ — Райскі і Шцірэр. Нягледзячы на супраціў Часовага кіраўніцтва пастанавілі распачаць арганізацыйную працу… Райскі ў дасланых лістах называе сябе кіраўніком вайсковага рэвалюцыйнага камітэту. Яны звярнулі ўвагу Часовага кіраўніцтва, што тое даволі ліберальна адносіцца да мясцовых жыхароў».

Для дапамогі Чырвонай Арміі яшчэ да «вызваленчага паходу» загаддзя былі падрыхтаваныя кіраўнікі і для некалькі партызанскіх атрадаў, аснову якіх складалі працаваўшыя па найму ў памешчыцкіх маёнтках і цяпер збеглыя ў лясы батракі. Такая баявая адзінка была арганізавана пад Гродна супрацоўнікамі маёнтка Жорнаўка, якім валодаў Станіслаў Клімашэўскі. Гэты атрад актыўна супрацоўнічаў з Чырвонай Арміяй, праводзіў дыверсіі, збіраў разведвальную інфармацыю і знішчаў невялікія часткі польскіх жаўнераў.

Новая ўлада даволі рэдка арыштоўвала выканаўцаў народнага гневу, паколькі не жадала скампрамітаваць савецкія судовыя органы «ў вачах працоўных масаў». Тое ж спачатку датычыла і салдат Чырвонай Арміі. Першай іх ахвярай стала ўзарваная гранатай 17 верасня Эльжбета Ясевічаўна, дачка ўладальніка маёнтка Янава Дзісненскага павета Віленскага ваяводства, размешчанага пры самай мяжы з СССР. Некаторыя абшарнікі былі забітыя ў выніку перастрэлкі, як уладальнік маёнтка Вяжыконьцы Ашмянскага павета Юзэф Венцкель, які разам з жонкаю сустрэў савецкіх салдат са зброяю ў руках.

Але ў большасці выпадкаў забойствы адбываліся падчас рабавання. Так, Юзэфа Плаўская, уладальніца маёнтка Халастова Ваўкавыскага павета, была забітая савецкім афіцэрам пасля адмовы аддаць каня. 22 верасня недалёка ад Гродна па дарозе ў бок літоўскай мяжы савецкія салдаты затрымалі аўтамабіль генерала Юзэфа Альшын-Вільчынскага, які камандаваў Асобнай аперацыйнай групай «Гродна», і яго ад’ютанта Мечыслава Стржэмескага, уладальніка маёнтка Струмень Вілейскага павета. У іх адабралі каштоўныя рэчы, а пасля катаванняў застрэлілі. Цяпер магілы Вільчынскага і Стржэмескага знаходзяцца ў Сапоцкіне.

Новы клопат савецкай улады

Аднак за некалькі тыдняў узровень марадзёрства і п’янства, якія ў некаторых вайсковых частках дасягнулі «скандальных памераў», прымусілі да правядзення паказальных пакаранняў. У гэтай сувязі санітарны інструктар Заяц атрымаў 3 гады лагероў пасля таго, як завалодаў роварам абшарніка. Пасля рабавання і забойства Кунтоўскай, уладальніцы маёнтка Лыктубы, Вайсковым Трыбуналам 11-й арміі быў прыгавораны да смяротнага пакарання вайсковы тэхнік Васіль Новікаў.

Адбываліся і партыйныя пакаранні, як у выпадку В. Сарокіна, члена ВКП (б) з 1931 года, якога накіравалі на працу ў вёску Талынкі Слонімскага павета. Ён атрымаў вымову з папярэджаннем пасля таго, як завалодаў 23 рэчамі аднаго з памешчыкаў, якія захоўваліся ў гмінным камітэце. Ад турмы яго ўратавала толькі тое, што скрадзеныя рэчы ён перадаў ва ўласнасць дзяржаве.

Аднак найбольшую заклапочанасць у савецкага кіраўніцтва выклікалі выпадкі забойстваў чырвонаармейцамі мясцовых жыхароў, якія прыязна ставіліся да савецкай улады. Так, 21 верасня падчас рэквізіцыі коней былі забітыя супрацоўнік маёнтка Жырмуны і яго жонка. Пасля таго два савецкія афіцэры і салдат атрымалі па 8 гадоў лагероў. Найбольш жа вядомым выпадкам стала забойства каля Паставаў радавым Міронавым за ровар селяніна П.Н. Жука, «які паходзіў з беднай сялянскай сям'і, з радасцю вітаў уваходжанне Чырвонай Арміі». Міронаў быў асуджаны на смяротнае пакаранне.

Акрамя абшарнікаў «народная справядлівасць» абрынулася на асаднікаў - ветэранаў польска-савецкай вайны 1920 года, якія атрымалі ад уладаў зямлю ў Заходняй Беларусі. 4 кастрычніка 1939 года гэтае пытанне нават было ўзнята на нарадзе старшыняў Часовых упраўленняў Заходняй Беларусі ў Ваўкавыску, падчас якога Панцяляймон Панамарэнка заявіў: «Калі вяскоўцы дадуць ім па мордзе, мы не будзем гэтаму супрацьдзейнічаць, але асаблівага свавольства падтрымліваць таксама не будзем. Іншая рэч — адносна асаднікаў, якія маюць 40−50−60 гектараў зямлі і ніколі не працавалі, жывучы за кошт сялянскай працы. Калі такіх асаднікаў сяляне патурбуюць, то не трэба ім перашкаджаць, няхай дадуць ім на здароўе. У гэтым не будзе нічога дрэннага». Як следства такога патурання, у Заходняй Беларусі было знішчана 29 хутараў асаднікаў, з якіх найбольш жудасныя забойствы адбыліся ў Гродзенскім павеце. Тут выдзяляўся Абухоўскі рэўкам на чале з Уладзімірам Янучэняю, які да 1938 года кіраваў адной з суполак КПЗБ.

Каля вёскі Жытомля пасля двухдзённых катаванняў былі забітыя 10 асаднікаў з хутара Будоўля, а затым на хутары Лерыполь забітыя яшчэ 12 асаднікаў. Пры гэтым мясцовыя жыхары ў шэрагу выпадкаў былі супраць расправаў. Так, жыхары вёскі Саволеўка каля Зэльвы, дзе пераважалі праваслаўныя сяляне, схавалі некалькіх польскіх асаднікаў.

«Народная помста» як прыкрыццё забойстваў святароў

«Народная помста» таксама выкарыстоўвалася прасавецкімі актывістамі для прыкрыцця забойстваў рэлігійных дзеячоў. У верасні былі забітыя пяцёра праваслаўных святароў. Сярод іх протаіерэй Міхаіл Бароўскі з в. Лаша Гродзенскага павета, які па сведчаннях дыфензівы, быў «…варожа настроены да Польскай дзяржавы. Мае моцныя ўплывы на праваслаўнае насельніцтва, як беларус сярод сваіх прыхаджан ажыццяўляе беларускую агітацыю, імкнецца замяніць у Лашы польскую школу на беларускую». Забойствы адбываліся звычайна падчас «народных гулянняў». Так, Леанід Грэцкі з Лашы ўзгадваў: «Усе жыхары вёскі сабраліся ў клуб, а ў гэты час два жыхары Рудавіцк і адзін з Каваліч прыехалі на возе да царкоўнага дома, схапілі бацюшку разам з дыякам і вывезлі 800 метраў у бок развалін панскай сядзібы. Там выстралілі, але не смяротна, затым дабілі рыдлёўкамі».

Помнік на магіле святара з в. Шчара Слонімскага павета Нікандра Гаскевіча забітага прасавецкімі актывістамі ў верасні 1939 года

«Народная помста» ішла паралельна з распачатымі рэпрэсіямі з боку органаў НКУС, якія па стану на 22 кастрычніка арыштавалі ў Заходняй Беларусі 4315 чалавек, дзякуючы, у першую чаргу, звесткам з захопленых польскіх архіваў.

«Кожны браў, што мог»

Вясковае насельніцтва ў гэты час знішчала панскія маёнткі, многія з якіх проста разбіраліся па цаглінах, вырубаліся лясы, нішчылася гадоўля рыбы ў азёрах былых абшарнікаў… Як узгадвалі сведкі таго часу: «Кожны браў, што мог, не ўзіраючы на тое, ці патрэбна гэта яму было». Рабаванням падпалі нават «панскія» пахаванні, у якіх шукалі скрабы, прыкладу Пуслоўскіх у в. Сенна Навагрудскага павета.

Юзэф Біспінг са Струбніцы, тлумачачы падзеі верасня 1939 года, адзначаў: «Беларускае сялянства з’яўляецца наогул пасіўнае і пакорлівае, але мае ў сабе скрытыя рысы дзікасці, якія становяцца відавочнымі ў моманты беспакаранасці».

Паводле савецкай статыстыкі, на тэрыторыі Заходняй Беларусі было разрабавана 3170 з 4695 маёнткаў, якія тут меліся. У выніку праведзенай у далейшым зямельнай рэформы, было раздадзена 430 982 га зямлі, 14 086 коней, 33 400 кароў і іншага жывога інвентару (без уліку таго, што было скрадзена падчас рабаванняў). Нездарма парабак з Ашмяншчыны заяўляў: «Нялегкім было жыццё парабка ў панскай Польшчы. Я марыў толькі аб сваім кавалачку зямлі, аб сваёй гаспадарцы, але зарабіць грошы, каб купіць хоць бы гектар зямлі, не было магчымасці… Савецкая ўлада дала мне два гектары зямлі, адабраўшы яе ад абшарніка, у якога я быў парабкам, а таксама плуг і іншы інвентар… Я адчуў сябе не толькі гаспадаром у сваёй хаце, але і гаспадаром у сваёй дзяржаве».

Аднак ужо хутка насельніцтва Заходняй Беларусі, на якое лягло ўтрыманне арміі вызваліцеляў, рашчаравалася ў новай уладзе. Ужо з чэрвеня 1941 года з захаду разам з немцамі вярнуліся многія з тых, хто зведаў на сабе «народны гнеў» у верасні 1939 года. Скрыня Пандоры адчынілася ў чарговы раз.