Разгрузіць дарожны рух у Грандзічах — першарадная задача. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі нарады ў гарвыканкаме — сустрэчу прысвяцілі транспартнай камунікацыі ў Гродне, паведамляюць у Telegram-канале Гродзенскага гарвыканкама.
На нарадзе абмеркавалі развіццё транспартнай інфраструктуры ў мікрараёнах Грандзічы, Панямунь, а таксама па вуліцах Вясенняй і Астроўскага. Разгледзелі пытанні па арганізацыі руху на кольцах Таўлая (Брыкеля) і Магістральная-Касманаўтаў.
Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель сказаў, што кожны з маршрутаў мусіць быць максімальна зручным для жыхароў мікрараёнаў. Разгрузка Грандзіч — першасная задача. Магчыма, арганізуюць дадатковыя рэйсы. Пакуль прапановы будуць падрабязна прапрацоўваць.
Яшчэ ў пачатку студзеня 2026 Хмель заяўляў, што дастаўляць дзяцей са спальных раёнаў у цэнтральныя дзіцячыя сады — не складана, таму што «большасць гараджан працуюць у цэнтры». Гэтую ж ідэю падтрымліваў і дэпутат Мазайла — прапаноўваў вазіць дзяцей у цэнтр, а пасля «не спяшаючыся з працы забіраць, ехаць дадому».
Тым не менш чыноўнікі ўжо тады заяўлялі аб магчымым пуску спецыяльнага “школьнага” аўтобуса.
Чытайце таксама: У Гродне запрацавала сістэма бескантактнай аплаты праезду



