Спадчына

Вольга Соламава: настаўніца і партызанка, якая дбала пра мову і загінула за айчыну

Вольга Соламава — класічны, можна сказаць, архетыпічны герой (гераіня) беларускага партызанскага эпасу. У літаратуры існуе гераічна-рамантычны вобраз Вольгі - прыгожая маладая дзяўчына, якая мужна змагалася з нямецкімі акупантамі. Наколькі гэты вобраз адпавядае рэчаіснасці - складана сказаць. Бо нават памяць сведкаў, якія ведалі Вольгу і яе сям’ю, сфармавалася пад ўплывам існуючай ідэалогіі і палітыкі памяці. Па-за назвамі вуліц, помнікамі, параходамі і музейнымі экспазіцыямі цяжка ўбачыць сапраўдны вобраз дзяўчыны, якая загінула падчас ваеннай буры не маючы нават і 24 гадоў.

Не Соламава, а Салома

Нарадзілася Вольга Соламава 18 мая 1920 года ў вёсцы Лаша недалёка ад Гродна ў сям'і селяніна. У бацькоў было шасцёра дзяцей, Вольга сярод іх была найстарэйшай. Яна навучалася ў мясцовай польскай школе. Дапамагала бацькам па гаспадарцы.

Вольга Соламава з братам Міхаілам

Шмат моладзі брала ўдзел у падпольным камсамоле, старэйшыя далучаліся да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Ні бацькі Вольгі, ні яна сама ўдзелу ў гэтай антыпольскай барацьбе не прымалі, толькі любілі апранаць Вольгу ў чырвоную сукенку, за што старэйшыя людзі называлі яе «бальшавічкай». Дарэчы, сапраўднае прозвішча Вольгі не Соламава, а Салома. Соламавай яна стала толькі падчас навучання ў школе падпольшчыкаў у Маскве і так ужо перайшла ў гісторыю.

Ролю «Паўлінкі» заўжды аддавалі Вользе

Пасля 1939 году для Вольгі, як і для некаторых іншых маладых вяскоўцаў з бедных сем’яў, адкрыліся магчымасці атрымаць адукацыю і пасаду настаўніка або чыноўніка ў мясцовых органах улады. Вольга Соламава скарыстала гэту магчымасць.

Спачатку яна арганізавала ў Лашы гурток мастацкай самадзейнасці. Аднагодкі Вольгі Соламавай згадвалі, што ролю Паўлінкі ў аднайменнай камедыі Янкі Купалы заўжды бясспрэчна аддавалі Вользе, а вось на іншыя ролі існаваў цэлы конкурс. Удзельнічала ў тэатральных пастаноўках. У 1940 годзе Вользе прапанавалі вучыцца на шасцімесячных настаўніцкіх курсах, якія дзейнічалі пры нядаўна створаным Гродзенскім педагагічным вучылішчы.

Чытайце таксама: Вучылася разам з Соламавай, настаўнічалі ў суседніх вёсках: найстарэйшая жыхарка Пярэселкі распавядае пра сваё жыццё

Вольга Соламава пераехала ў Гродна. Жыла ў сваякоў. Падчас вучобы яна ўступіла ў камсамол. Пасля заканчэння курсаў Вольга была накіравана на працу ў пачатковую школу ў вёску Іванаўцы Гродзенскага раёна. Там яна не толькі працавала настаўніцай, але стварыла і ўзначаліла камсамольскую арганізацыю. Раённыя ўлады рэкамендавалі Вольгу ў дэпутаты Беластоцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных. Восенню 1940 года яна была выбарана дэпутатам. Вольга Соламава пасябравала з сястрой Сяргея Прытыцкага Любоўю, якая таксама была дэпутатам.

Аўтабіяграфія Соламавай (напісана яе рукой)

Вольга заўжды старанна спраўлялася са сваімі абавязкамі - і ў школе, і ў савеце дэпутатаў. Маладую прыгожую камсамолку нельга было западозрыць у жаданні атрымаць нешта коштам землякоў. Падчас аднаго з пасяджэнняў савета дэпутатаў Вольга Соламава паставіла пытанне: чаму на вёсцы ў большасці адкрывалі не беларускія, а рускія школы. Яна казала, што вяскоўцам бліжэй не руская, а беларуская мова. Пры чым яна параўнала сітуацыю 1940 года з сітуацыяй перад 1939 годам. Тады, маўляў, вучылі беларускіх дзяцей па-польску, а цяпер па-руску. Пытанне паставіла ў тупік савецкіх чыноўнікаў і было па тых часах вельмі небяспечным.

Магла перажыць вайну спакойна, але рвалася на фронт ці да партызан

У чэрвені 1941 года Вольга Соламава разам з некаторымі настаўнікамі эвакуіравалася ўглыб СССР. Яна трапіла ў Мардовію, дзе працавала ў школе. Пры гэтым Вольга пастаянна звярталася ў Беларускі штаб партызанскага руху і ў Цэнтральны Камітэт камсамола з просьбамі накіраваць яе на фронт або ў нямецкі тыл, да партызан. Вольга спакойна магла перажыць вайну, аднак завальвала штаб лістамі і нарэшце яе настойлівасць перамагла. Вольгу выклікалі ў Маскву, дзе яна сустрэлася з Сяргеем Прытыцкім, які доўга гутарыў з ёю. Было вырашана накіраваць Вольгу ў спецшколу для падрыхтоўкі працы ў тыле.

Спецшкола знаходзілася спачатку пад Мурамам, а пасля на станцыі Сходня пад Масквой. Тут былі сканцэнтраваныя ўсе дзяржаўныя ўстановы БССР і партызанскія структуры. Школа была суровым месцам. Будучых партызан вучылі страляць, абыходзіцца з толам, нажом, скакаць з парашута. Звычайнымі былі маршы па 15−20 кіламетраў з поўнай выкладкай.

Пасля заканчэння спецыяльнай школы Вольга была адпраўлена ў Ліпічанскую пушчу ў брыгаду імя Аляксандра Неўскага. Амаль з першых дзён Вольга Соламава прымала ўдзел у падрыве нямецкіх эшалонаў.

Падпольны камсамол і планы на вяселле

1 лістапада 1943 года Вольгу зацвердзілі «секретарем Гродненского подпольного горкома комсомола и за ней закрепили Гродненский, Скидельский, Сапоцкинский, Домбровский и Августовский районы для проведения подпольной работы среди молодёжи и оказания практической помощи подпольным райкомам».

Помнік Соламавай на яе радзіме ў вёсцы Лаша

У партызанскай брыгадзе Вольга Соламава пазнаёмілася з Васілём Бібічам з Урала, з якім найчасцей выходзілі на заданні. Сведкі ўзгадвалі, што паміж Вольгай і Васілём былі рамантычныя адносіны і не бачылі ў гэтым нічога дрэннага: вайна вайной, а жыццё бярэ сваё. Рыхтаваліся адзначыць партызанскае вяселле.

Але лёс склаўся іначай. 2 лютага 1944 г. група партызан, сярод якіх былі Соламава і Бібіч, прыйшлі ў вёску Жорнаўка. Спыніліся ў хаце сувязнога. Праз нейкі час група раздзялілася на дзве часткі: адныя вырушылі з вёскі, а Васіль і Вольга засталіся ў хаце, хацелі пагаварыць з мясцовай моладзю.

Як загінула Вольга Соламава

Што здарылася далей, дакладна невядома. У вёсцы раптам з’явіліся немцы. Выпадак або нехта данёс? Васіль і Вольга кінуліся да лесу, але дабегчы да яго не паспелі і вымушаны былі залегчы крокаў за пяцьсот ад вёскі, у лагчыне каля асушальнай канавы. Пад прыкрыццём аўтамата Бібіча Вольга, напэўна, магла б паспець адыйсці да лесу, але вырашыла застацца разам з каханым. Праз некаторы час куля забіла Васіля, а Вольга яшчэ некаторы час адстрэльвалася. Але патроны заканчваліся, а немцы падпаўзалі бліжэй. Яшчэ крыху і яна трапіць у палон. Пачуўся апошні стрэл. Вольга стрэліла сабе ў сэрца.

Пасля вайны целы Васіля Бібіча і Вольгі Соламавай перапахавалі ў брацкай магіле, што знаходзіцца ў парку імя Жылібера.

Табліца на помніку ў парку імя Жылібера. Фота: Шаціла Г. В., commons.wikimedia.org

Трагедыя, калі людзі гінуць на вайне і падвойная трагедыя калі на вайне гінуць жанчыны. Ніхто не ведае як бы склалася жыццё Вольгі Соламавай, калі б яна перажыла вайну. Магчыма, яна стала б узорнай савецкай чыноўніцай высокага рангу, а можа і не. Настаўнічала б, стала маці і бабуляй. Але Вольга загінула зусім маладой, загінула мужна, абараняючы сваю краіну ад ворага. За гэта мы яе і памятаем.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024