Калі глядзіш відэа з выкананнем Вольгай Корбут алімпійскай праграмы — у цябе проста захоплівае дух. Усё гэта глядзіцца настолькі касмічна і небяспечна, што выглядае не столькі як спорт, колькі як знаходжанне чалавека недзе па-за межамі Зямлі і яе прыцягнення. Выступленні сучасных гімнастак куды больш мастацкія і спакойныя.

Гэта здорава, што Вольга Корбут нарадзілася і першыя поспехі зрабіла ў Гродне. Выдатна, што менавіта тут яна сустрэла таленавітага маладога трэнера Рэнальда Кныша. Не ведаю, ці зрабіла іх гэтая сустрэча больш шчаслівымі, але менавіта Гродна запісала іх назаўсёды ў гісторыю сусветнага спорту.

Поспех Вольгі Корбут быў не толькі вялікім поспехам для беларускага і навогул савецкага спорта. Гэта была выдатная магчымасць выкарыстаць спартыўныя поспехі для прарыва ідэалагічнай блакады СССР пасля пагашанай у 1968 г. «пражскай вясны». Бо ў той час нават некаторыя спартсмены з краін сацыялістычнага лагера адкрыта дэманстравалі сваю непрыязнь да калегаў з Савецкага Саюза, за што ім канешне даставалася і ад уласных трэнераў і партыйных работнікаў. Вольга Корбут дэманстравала поспехі савецкага спорту, савецкай дзяржавы, а для Гродзеншчыны навогул стала брэндам.

Getty Images

Пра яе здымалі фільмы, яе здымкі друкавалі ў фотаальбомах і кніжках пра Гродна. Па матывах поспехаў Вольгі быў нават мастацкі зняты фільм «Цуд з касічкамі» ў якім героі неаднойчы намякалі - гімнастычныя элементы накшталт «пятлі Корбут» занадта небяспечныя для дзяўчат… Але тое мала каго навучыла. Чарговая алімпійская надзея СССР Алена Мухіна спрабавала ўскладніць элемент Вольгі Корбут і атрымала такую цяжкую траўму пазваночніка, што чвэрць стагоддзя, да самай смерці, была прыкаваная да інваліднага крэсла.

Вольга Корбут падчас выступу на Кубрке СССР па спартыўнай гімнастыцы ў 1976 годзе Фота: Аляксандр Якаўлеў / Фотахроніка ТАСС /

«Вось, паглядзіце, чаго мы вартыя» — гаварылі пра гродзенцаў савецкія публіцысты, ставячы спартсменку ў адзін шэраг са знакамітымі даяркамі і зваршчыкамі-мантажнікамі, якія будавалі «Азот» і іншыя фабрыкі-гіганты.

Але Вольга Корбут не была ні даяркай, ні зваршчыкам-мантажнікам. Савецкая ўлада сапраўды дала ёй усё — славу, грошы, магчымасць пабачыць свет. Дала заслужана — за цяжкую спартыўную працу і за магчымасць выкарыстаць у сваёй прапагандысцкай рабоце. Інакш тады было нельга.

Вольга Корбут на плячах прыхільнікаў у родным Гродне. Фота: sputnik.by

Хутка пасля сваіх ашаламляльных поспехаў Вольга Корбут назаўжды з’язджае з Гродна, а ў пачатку 90-х гг. перабіраецца ў Злучаныя Штаты, дзе жыве дасюль.


Чытайце таксама: «Як гэта магчыма?». Вольга Корбут пракаментавала лісты фанатаў, якія знайшліся ў Гродне


Апошнія некалькі гадоў цікаваць да асобы Вольгі Корбут чарговы раз узрасла. Недзе ў 2011 г. гродзенская тапанімічная камісія хацела даць назву вуліцы ад Новага моста да скрыжавання з вуліцай Вольгі Соламавай імя Васіля Быкава. Гэту ініцыятыву хутка зарэзалі і з’явіліся прапановы назваць вуліцу з прыгожымі 19-павярховікамі ў гонар алімпійскай чэмпіёнкі. Маўляў вуліца Вольгі Соламавай будзе пераходзіць у вуліцу Вольгі Корбут. Такая своеасаблівая пераемнасць.

Але ініцыятыва не атрымала падтрымкі ўладаў, ды і гродзенцы пачалі жартаваць — за жыцця вуліцы называлі ў нас толькі ў гонар партыйных лідараў і яшчэ касманаўтаў. Таму проста механічна працягнулі вуліцу Соламавай да Новага моста.

Вольга Корбут і Рэнальд Кныш. Фота: Getty Images
Вольга Корбут і Рэнальд Кныш. Фота: Getty Images

Не ведаю ці з’явіцца калі ў Гродне вуліца Вольгі Корбут, але калі ўжо з’явіцца, то недзе побач трэба зрабіць і вуліцу Рэнальда Кныша. Хай бы яны перасякаліся пад нейкім незвычайным, гімнастычным вуглом.

Фота: ТАСС / Уладзімір Герда