Заслужаны трэнер СССР, які выхаваў алімпійскіх чэмпіёнак па спартыўнай гімнастыцы, ганаровы грамадзянін горада Рэнальд Кныш памёр у Гродне ноччу 19 красавіка на 87 годзе жыцця.

За час сваёй трэнерскай дзейнасці Кныш падрыхтаваў чэмпіёнку СССР Тамару Аляксееву, дзвюх алімпійскіх чэмпіёнак Алену Валчэцкую і Вольгу Корбут. Апошняя ў канцы 90-х напісала кнігу, у якой распавяла пра сэксуальныя дамаганні свайго трэнера падчас гульняў у Мюнхене. Рэнальд Кныш называў гэта паклёпам.

Рэналь Кныш і Вольга Корбут

Даведка

З 1953 года Кныш працаваў трэнерам у Гродзенскай дзіцячай спартыўнай школе № 3 у секцыі спартыўнай гімнастыкі. За час працы ён вынайшаў каля 30 новых элементаў у спартыўнай гімнастыцы, за што быў удастоены ганаровага звання «Заслужаны трэнер СССР» у 1964 годзе (званне заслужанага трэнера БССР атрымаў два гады раней). Пасля Алімпіяды 1972 года ў складзе савецкай дэлегацыі сустракаўся з прэзідэнтам ЗША Рычардам Ніксанам.

У 1972 году Кныш стаў Ганаровым грамадзянінам горада Гродна. У 1974 годзе атрымаў званне «Заслужаны дзеяч фізічнай культуры БССР». Пасля Алімпійскіх гульняў 1980 года і канфлікту з Вольгай Корбут быў вымушаны пакінуць спорт.
Жыў у Мінеральных Водах, Таліне, Калінінградзе. У 1989 годзе ён вярнуўся ў Гродна і жыў там да апошніх дзён. Пісаў вершы і мемуары, а таксама рыхтаваў дапаможнікі для спартсменаў.

Рэдакцыя Hrodna.life выказвае свае спачуванні родным і блізкім Рэнальда Кныша.