Пра смерць Аляксандра Мілінкевіча паведамілі яго родныя. Яму было 79 гадоў. У лістападзе мінулага года Мілінкевіч перанёс складаную аперацыю. Урачы выявілі тромб, які перакрываў правую сонную артэрыю на 80%.
Таксама Мілінкевіч перанёс два запаленні лёгкіх і кішачную інфекцыю. У выніку пашкоджанні закранулі правую частку мозгу, якая адказвае за рух. У Мілінкевіча не працавала левая рука і захоўваліся сур’ёзныя праблемы з перасоўваннем.
Яго жонка — Іна Кулей распавядала, што яе мужу былі неабходныя пастаянны нагляд урачоў і інтэнсіўная рэабілітацыя. Праз небяспеку паўторнай актывацыі патагенных бактэрый ён не мог вярнуцца дадому і знаходзіўся бальніцы.
Сям’я таксама апынулася ў цяжкай фінансавай сітуацыі. Паводле слоў Кулей, пасля вымушанага ад’езду з Беларусі яны жыліь толькі на уласныя заробкі, а выдаткі на арэнду жытла, лячэнне, лекі і транспарт ужо перавышалі іх магчымасці. Быў абвешчаны збор сродкаў для рэабілітацыі Аляксандра, які закрылі за некалькі дзён.
Аляксандр Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне. Ён скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута і пачаў кар’еру як настаўнік у нашым горадзе. Пазней працаваў інжынерам, старэйшым выкладчыкам і дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
З 1990 па 1996 год Мілінкевіч быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарыканкама. Ён адказваў за адукацыю, культуру, ахову здароўя, спорт, моладзь, СМІ, рэлігійныя пытанні, міжнародныя адносіны і гістарычную спадчыну.
Одна з прыкметных ініцыятыў — арганізацыя рэстаўрацыі старадаўняга вежавага гадзінніка на Фарным касцёле.
У 1996–1997 гадах Мілінкевіч узначальваў баскетбольны клуб «Гродна-93». У 2001 годзе ён кіраваў перадвыбарчым штабам Сямёна Домаша. У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе дэмакратычных сіл быў абраны «адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл» на выбарах прэзідэнта Беларусі. У 2006 годзе ўзяў удзел у прэзідэнцкай кампаніі ў якасці кандыдата.
У верасні 2022 года Мілінкевіч быў прызначаны пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай па еўрапейскім выбары Беларусі.



