Алена Міронаўна Ашурак, маці загінулага ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка, памерла 27 траўня. Яна перажыла сына на тры гады.

У апошнія гады здароўе Алены Ашурак пагоршыўся, піша «Радыё Свабода». Ёй было цяжка хадзіць, у тым ліку наведваць магілу сына ў Бярозаўцы. Яна памерла ва ўзросце 86 гадоў.

 Алена Міронаўна Ашурак на пахаванні сына
Алена Міронаўна Ашурак на пахаванні сына 26 траўня 2021 года. Фота: архіў Hrodna.life

Хто такі Вітольд Ашурак

50-гадовага актывіста з Бярозаўкі (Лідскі раён) Вітольда Ашурка затрымалі восенню 2020 года, а ў студзені 2021 года асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Вясной таго ж года Ашурак памёр у папраўчай калоніі № 17 Шклова. Аб яго смерці СМІ паведамілі 21 траўня 2021 года. Меркаваная прычына смерці — спыненне сэрца. Да таго лістоў ад Вітольда сваякі не атрымлівалі апошнія два тыдні. Сваякі і блізкія памерлага мяркуюць, што смерць стала вынікам катаванняў. Актывіста пахавалі на могілках у Бярозаўцы 26 траўня 2021 года. Праз паўтара гады пасля пахавання на магіле ўсталявалі помнік.

«Вітольд Ашурак заўсёды стаяў на сваім і ўсім даказваў свой пункт гледжання. Ён шмат паліў і не мог пагадзіцца з тым, што людзі не разумеюць простых рэчаў і не могуць адказаць на простыя пытанні. Ён заўсёды смела размаўляў са зняволенымі, з канвоем і супрацоўнікамі», — расказваў «Вясне» пра Ашурка былы вязень калоніі № 17 на ўмовах ананімнасці. Па яго словах, на Вітольда Ашурка аказвалі моцны ціск: ірвалі лісты, рэзалі рэчы, ламалі цыгарэты, абзывалі заходнім клоўнам. Кожны дзень яго вадзілі на пакаранне. Перад апошнімі пасадкамі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) Вітольд казаў, што яго пасадзяць, бо ён жорстка размаўляў з начальнікам калоніі і настойваў на сваім.

Чытайце таксама: «Его было не сломить, поэтому его убили». Брат и друг Витольда Ашурка — о его смерти и пытках в тюрьме