Фота пашпарта і бюлетэня з адзнакай адправіць на пошту кандыдата, за якога прагаласавалі. Знізіць на 30% колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова. Зацікаўленым людзям увайсці ў склад выбарчых камісій і пракантраляваць падлік галасоў. Прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка на сустрэчы ў Гродне расказаў, як збіраецца перамагчы на выбарах-2020.
Сустрэча прайшла на рынку «Карона» 6 чэрвеня. Каманда Бабарыкі надала ўвагу прафілактыцы заражэння каранавірусам. Сам прэтэндэнт у прэзідэнты выступаў без маскі, але ў пальчатках і захоўваючы бяспечную дыстанцыю, акрэсленую лініямі. На ўваходзе можна было ўзяць маску і апрацаваць рукі антысептыкам. Задаючы пытанні, людзі не бралі ў рукі мікрафон. Яго трымаў мадэратар сустрэчы журналіст Алесь Залеўскі.
Прэтэндэнта сустрэлі 30-секунднымі апладысментамі. «Адчуваю сябе артыстам», — пажартаваў Віктар. Ён сказаў, што Гродна — адзін з яго любімых гарадоў. Гэта звязана ў тым ліку з тым, што ён у свой час 40 дзён служыў у вайсковай частцы на Фолюшы. Яшчэ з горадам звязаная таямніца, якую Бабарыка раскрые пазней, паабяцаў ён у канцы сустрэчы.
Віктар пахваліў умовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу і паабяцаў нарэшце арганізаваць лоўкост-рэйсы з гродзенскага аэрапорта.
Плаўна Віктар Бабарыка перайшоў да свайго бачання рэгіянальнай палітыкі ў Беларусі. Кожны яго адказ публіка сустракала апладысментамі.
«Прызначаць старшыняў райвыканкамаў - гэта татальны кантроль»
Важна выраўноўваць дысбаланс паміж сталіцай і рэгіёнамі і ўлічваць іх асаблівасці. Развіццё рэгіёну трэба аддаваць у рукі мясцовых кіраўнікоў. Мясцовыя ўлады змогуць займацца горадам і раёнам, а вось абласцямі будуць кіраваць са сталіцы. Так Бабарыка бачыць рэгіянальную палітыку.
«Калі адчыняеш „СБ“ і чытаеш, што прэзідэнт даў згоду на прызначэнне нейкага чалавека старшынёй райвыканкама… Мне здаецца, гэта татальны кантроль», — сказаў прэтэндэнт у прэзідэнты.
Што яшчэ прапануе Віктар Бабарыка?
Прыватная ўласнасць. Віктар — прыхільнік прыватнай уласнасці, у тым ліку на зямлю. Ён лічыць, што трэба спрасціць працэдуры атрымання зямлі і прадпрыемстваў у прыватную уласнасцю. На прыкладзе іншых краін можна бачыць, што гэта павышае эфектыўнасць працы, сказаў прэтэндэнт у прэзідэнты. Да таго ж, гэта знізіць узровень карупцыі, таму што яна выцякае з дзяржаўнай уласнасці.
Пераразмеркаванне бюджэтных сродкаў. Віктар прапануе сфарміраваць сістэму бюджэтных арганізацый, якія забяспечаць і падтрымаюць найбольш важныя для краіны напрамкі. Для яго гэта ахова здароўя і адукацыя.
Ахова здароўя. Базавае медыцынскае абслугоўванне павінна быць бясплатным і якасным. Платная прыватная медыцына таксама павінна развівацца. «Пасярэдзіне» будзе страхавая медыцына. У Мінску ёсць шмат прыкладаў, калі страхавая медыцына ўваходзіць у сацпакет кампаній, распавёў Віктар.
Армію трэба рэфармаваць. Студэнтам трэба даць магчымасць «давучвацца», а стаць афіцэрам запасу можна ў рамках 40-дзённых збораў, сказаў прэтэндэнт у прэзідэнты.
Форма праўлення. Віктар прапануе зрабіць незалежнымі заканадаўчую, выканаўчую і судовую галіны ўлады і паглядзець на ролю прэзідэнта як арбітра і кантралёра. Праз пяць гадоў, пасля заканчэння першага прэзідэнцкага тэрміну, вырашыць, якой будзе рэспубліка — прэзідэнцкай або парламенцкай.
Смяротнае пакаранне. Спачатку варта патлумачыць народу, чаму смяротнае пакаранне недапушчальнае, а потым выносіць гэтае пытанне на рэферэндум. Пакуль варта прыпыніць выкарыстанне такога віду пакарання.
Знешняя палітыка. Беларусь прадэманструе аднолькавае стаўленне да суседзяў, будзе «сябраваць» і з Захадам, і з Усходам. Саюзы будуць узаемавыгаднымі, а Беларусь у іх — незалежнай.
Мову і сімвалы. Віктар прапануе спачатку «адсунуць» ад Беларусі небяспеку страты суверэнітэту, а пасля гэтага вырашаць пытанне з мовай і культурай. Але беларуская мова будзе адной з галоўных, паабяцаў прэтэндэнт у прэзідэнты.
Пры правакацыі тэлефанаваць у міліцыю
— Вузкая група прадстаўнікоў улады паводзіць сябе неадэкватна. Мы бачым правакацыі. Відавочна, што інцыдэнт, які здарыўся з Ціханоўскім і які атрымаў развіццё ў іншых гарадах, паказвае, што ўлада спалохалася і гатовая да правакацыі. <…> Пакуль не было ніводнага інцыдэнту, які б нагадваў правакацыйныя дзеянні ў адносінах да нас, і гэта добра. Але мы павінны быць да гэтага гатовыя, — сказаў Бабарыка.
4 чэрвеня ён пісаў у тэлеграм-канале, што супраць яго можа рыхтавацца правакацыя. Маўляў, адміністрацыі асобных прадпрыемстваў заяўляюць, што іх работнікі павінны прыйсці з пашпартамі для здачы подпісаў за Віктара Бабарыку. Ён паведаміў, што не будзе прымаць такія падпісныя лісты і напіша заяву ў пракуратуру.
Бабарыка даў інструкцыі членам ініцыятыўнай групы: пры спробе правакацыі тэлефанаваць у міліцыю або згортваць пікет і не ўступаць у спрэчку. «Хто зробіць тысячу [подпісаў - Hrodna.life] - не застанецца незаўважаным», — заахвоціў Бабарыка членаў групы.
Увайсці ў камісіі і назіраць за выбарамі
На думку Віктара Бабарыкі, 60% выбаршчыкаў гатовы пайсці на выбары. Тых, хто не збіраецца ісці ці вагаецца — па 20%.
— Трэба дастукацца да гэтых 40%. Фальсіфікацыі і ўкід магчымыя толькі за тых, хто не прыйшоў. Укід — гэта не выманне, а дакладанне [бюлетэняў - Hrodna.life]. Таму не прыйсці на выбары — азначае прагаласаваць за дзеючую ўладу, — сказаў Бабарыка.
Члены яго ініцыятыўнай групы не паспелі ўвайсці ў акруговыя выбарчыя камісіі. Бабарыка плануе падтрымаць людзей, якія самастойна вылучаюцца ва ўчастковыя выбарчыя камісіі і пойдуць на выбары ў якасці назіральнікаў.
— Мы хочам змяніць стаўленне да членаў камісій. Да іх ставяцца негатыўна, маўляў, яны падманваюць, яны фальсіфікуюць. Мы ж хочам, каб яны адчулі сябе людзьмі, ад якіх залежыць будучыня, — сказаў Бабарыка.
Магчымая кааліцыя Бабарыкі з іншымі прэтэндэнтамі
— Я — прыхільнік любых саюзаў з агульным разуменнем мэты. Я бачу супадзенне мэтаў з многімі з тых, хто вылучаецца кандыдатам. У той жа час частка з іх кажа, што не пойдзе на выбары, — сказаў Бабарыка. З імі Бабарыка саюз заключаць не будзе, бо ён заклікае выбаршчыкаў ісці на выбары 9 жніўня.
Чытайце таксама:
- «Прэзідэнт — не бог і не цар». Што Валерый Цапкала гаварыў на пікеце ў Гродне
- Засталося два тыдні. Колькі подпісаў сабралі прэтэндэнты ў кандыдаты
- Валер Цапкала расказаў, што будзе рабіць з дзяржсімволікай, калі выйграе выбары
- «Мы просто забыли, что были лучшими». Виктор Бабарико о национальной идее белорусов и фальсификации выборов
- «Закрытие ПВТ в Гродно — большая ошибка». Претендент в президенты Валерий Цепкало высказался о региональных центрах
- «Дапамажы Рыгоравічу». Алесь Таболіч сабраў у Гродне амаль 200 подпісаў
- Бабарико: Президент — это менеджер, если мне эту работу не дадут — не поражение
- Как сделать Гродно и Гродненщину богаче: 5 идей Валерия Цепкало
- Лукашэнка выказаўся пра магчымых кандыдатаў і жанчын. Прэтэндэнтка ў кандыдаты: «Так мог сказаць толькі слабы чалавек«
- "Все убито, развалено, одни обещания». Гродненцы про выборы-2020
- Цепкало не первый. Как другие гродненцы пытались стать президентами Беларуси