На сустрэчы з працоўнымі Мінскага трактарнага завода днём 29 траўня дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў, як ён ставіцца да сваіх магчымых суперніках на выбарах. Таксама ён патлумачыў, чаму лічыць немагчымым, каб у Беларусі пасаду прэзідэнта заняла жанчына. Патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты Вольга Кавалькова і кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2015 году Таццяна Караткевіч распавялі, што яны пра гэта думаюць.

Лукашэнка прызнаўся, што пакуль мала ведае сваіх магчымых канкурэнтаў, але эмацыйна выказаўся пра самых папулярных з іх.

Цапкала «хітруе», Бабарыка трэба шукаць працу, а Канстытуцыя не пад жанчын

Пра Цэпкала. «Ён, праўда, хітруе. Не гаворыць, чаму яго прэзідэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытаеце — чаму я яго звольніў. Хай праўдзіва распавядзе. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён шчыра не скажа. Трэба — скажам, але мы не хочам займацца гэтым кампраматам», — цытуе belta.by Аляксандра Лукашэнку.

Пра Бабарыка. «Я разумею, што гэта банкір дзесьці зрабіў, — бачыў у інтэрнэце заяву, што яму нібыта да выбараў нешта прапаноўвалі. Гэтаму банкіру якраз падумаць, дзе ён будзе працаваць пасля выбараў. І наогул са школы і вас, і мяне вучылі: ня хлусі. У Беларусі толькі адзін чалавек па Канстытуцыі мае права прапанаваць пасаду прэм’ер-міністра і ўнесці кандыдатуру ў парламент для зацвярджэння. Я нікому нічога не прапаноўваў. Тым больш яму. Які вопыт у яго, каб быць прэм’ер-міністрам», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. «Магчыма, гэтаму чалавеку прапаноўвалі пасаду прэм’ер-міністра ў іншай краіне. Але я так прыкінуў, думаю: у адной нядаўна прызначылі Мішусціна. Там маглі яму прапанаваць. Вы ведаеце, на чые грошы ён вылучаецца. Ва Украіне Уладзімір Зяленскі нядаўна наогул памяняў прэм’ер- міністра. Таму, па-мойму, гэта блеф. Такі дробны блеф і падман».

Пра Ціханоўскую. «Ужо вушы тырчаць у гэтага чалавека [Ціханоўскага — Заўв. Hrodna.life]. Ён нават не кандыдат у прэзідэнты, за жонку [Ціханоўскую — заўв. Hrodna.life] там дбае. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі».

Пра Ціханоўскага. «Гэта накшталт незалежная газета ў Расіі [выданне „Коммерсант“ — Заўв. Hrodna.life]. Але мы ведаем, хто яе фінансуе… Нібыта інтэрв'ю бярэ ў аднаго шалудзівага [пра Ціханоўскага — Заўв. Hrodna.life], інакш не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Мінску больш, ды і ў іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён ездзіць, хто яго фінансуе. Мы ведаем, адкуль ён прыехаў, якое ў яго грамадзянства і іншае… Мы ўсё гэта ведаем. Ды я ўжо гляджу, мне даюць інфармацыю, ужо нашы людзі ўбачылі».

Чытайце таксама: Блогер Сергей Тихановский задержан в Гродно

Пра жанчын. «Яны ціха, спакойна збіраюць гэтыя подпісы. Нядаўна пацікавіўся — гэтыя жанчыны сабралі больш подпісаў, чым усе мужыкі, якія ў інтэрнэце піярацца».

«Вось я часта кажу: Наталля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Заўвага. БЕЛТА), за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты прапалены ўжо, гатовы прэзідэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай. У нас прэзідэнт — не Літва. Там прэзідэнт, была Даля Грыбаўскайтэ, прыйшла, паўсміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парламенцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзідэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы».

Пра мужчын. «Мужыкі там кіпіш паднялі, недзе нехта ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратар далажыла: міліцыянта абразіў (удзельнік пікету. — Заўвага. БЕЛТА), калі яму зрабіў заўвагу. Яны прыязджаюць крутыя, на джыпах усё — па 10−12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах…».

«На гэтага пацаненка (супрацоўніка міліцыі. — Заўвага. БЕЛТА) наваліліся. Ён, напэўна, толькі ў гэтым годзе прыйшоў на працу, нечае ж дзіця. Што ты на яго накатваеш. І потым, рызыкоўныя людзі, я б на іх месцы з міліцыяй акуратней быў. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасць, так адкажа. Мне ўжо нялёгка прыходзіцца, стрымліваючы іх. Нарывацца. Правакацыя — гэта лепшая рэклама. Яны гэта так разумеюць».

Чытайце таксама: «Все убито, развалено, одни обещания». Гродненцы про выборы-2020

Прэтэндэнтка ў кандыдаты: «Сэксізм у найгоршай праяве»

Патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта Вольга Кавалькова лічыць такую заяву адным з паказчыкаў слабасьці Аляксандра Лукашэнкі як лідэра, піша «Радыё С**бода».

Лукашэнка выказаўся пра магчымых кандыдатаў і жанчын. Прэтэндэнтка ў кандыдаты: "Так мог сказаць толькі слабы чалавек"
Вольга Кавалькова

«Лукашэнка аказаўся слабым лідэрам у крызіснай сытуацыі з каранавіруснай пандэміяй, у якой апынулася наша краіна. Ён фактычна схаваў галаву ад праблемаў і аказаўся няздатны вырашыць гэтае пытаньне для краіны. На яго месцы я як жанчына ў першую чаргу паклапацілася б пра людзей, пра бізнэс, прыняла б пакет захадаў, якія б дапамаглі нашаму грамадзтву, нашай краіне справіцца з пандэміяй.

Такія заявы паказваюць якраз мужчыну, які, маючы такія вялікія паўнамоцтвы, якія надае яму Канстытуцыя, ня справіўся з праблемай, у якой апынулася наша краіна, таму тут відавочна, што мужчына ці жанчына ва ўладзе — ня мае значэньня. Маюць значэньне найперш прафэсійныя якасьці і тое, для каго ты працуеш.

Што да рэплікі наконт Далі Грыбаўскайце, зразумела, што калі ён такія заявы робіць, ён паказвае сябе слабым, Калі ён яшчэ з суседзямі спрабуе пасварыцца, то гэта ненармальна. Сэксізм у найгоршай праяве. Ня першы раз мы гэта чуем, але пытаньне ў тым, што чарговым разам тое, што ён кажа, не адпавядае рэальнасьці. Маючы такія паўнамоцтвы, ён за 26 гадоў краіну проста зруйнаваў, а кажа пра гэта як пра прарыў. Ён павінен сысьці і аддаць краіну маладым і тым, хто хоча прафэсійна працаваць дзеля людзей".

Кандыдатка на прэзыдэнта на выбарах 2015 году і першая жанчына-кандыдатка на прэзыдэнта ў гісторыі незалежнай Беларусі Тацяна Караткевіч лічыць, што так сказаць можа толькі слабы і залежны чалавек.

Лукашэнка выказаўся пра магчымых кандыдатаў і жанчын. Прэтэндэнтка ў кандыдаты: "Так мог сказаць толькі слабы чалавек"
Тацяна Караткевіч

«Досьвед 2015 году паказаў, што грамадзтва сасьпела ўжо і для жанчыны-прэзыдэнта. Пра гэта сьведчыла вялікая колькасьць галасоў, якія за мяне аддалі. Паводле незалежных сацыялягічных службаў, гэта мільён. Сацыялягічныя дасьледаваньні сьведчылі пра тое, што пасьля прыкладу нашай працы большасьць рэспандэнтаў адказвалі, што няма розьніцы, жанчына ці мужчына прэзыдэнт. Сёньня мы бачым, што ўвогуле грамадзтва сасьпела да таго, каб не было інстытуту прэзыдэнцтва. Выявілася гэта падчас каранавіруснага крызісу, калі людзі былі пакінутыя сам-насам са сваімі праблемамі, і нічым гэтая моцная ўлада ім пэрсанальна не дапамагла, і вымушаныя былі грамадзяне аб’ядноўвацца, падтрымліваць адзін аднаго, мэдыкаў, шукаць інфармацыю. І тая актыўнасьць, якая ёсьць у прэзыдэнцкай кампаніі, кажа пра тое, што грамадзтва гатовае і да такіх зьменаў у Канстытуцыі, як адмена інстытуту прэзыдэнцтва.

Я лічу, што прэзыдэнту ў краіне, у якой большасьць насельніцтва жанчыны, паводле дадзеных Белстату, трэба больш паважліва ставіцца да чалавечага рэсурсу, да магчымасьцяў мужчын і жанчын. Калі большасьць жанчын, гэта можа быць у некаторай ступені і небясьпечна. Якраз сёньня жанчыны не пачутыя ў нашым грамадзтве, нягледзячы на тое, што фармальна ва ўладзе іх шмат, яны публічна не прадстаўленыя. Жанчыны першыя сутыкаюцца з праблемамі адсутнасьці працоўных месцаў, клопату пра дзяцей, іх адукацыі, будучыні. Варта патрабаваць павагі да жанчын у краіне."

Чытайце таксама: «Гарадзенкі». Hrodna.life выдасць кнігу пра жанчын горада. Замаўляйце разам з нататнікам!