Вольга Вялічка 13 гадоў працуе дырэктаркай дзіцячага хоспіса ў Гродне. Яна ўдзельнічала ў жыцці горада яшчэ да выбараў 2020 года: арганізоўвала дабрачынныя акцыі, дапамогу медыкам падчас эпідэміі каранавіруса, выказвала свой пункт гледжання ў сацыяльных сетках, а падчас выбараў была назіральнікам на адным з участкаў. Пасля жнівеньскіх падзей у Гродне, у верасні 2020 года Вользе сталі прыходзіць дзіўныя паведамленні ад класнага кіраўніка яе дзіцяці з пагрозамі. Карэспандэнтка Hrodna.life пабывала ў кватэры сям'і Вялічкаў і высветліла, што адбылося.

У Вольгі Вялічкі двое дзяцей: дачка і сын. Старэйшаму Міхаілу 14 гадоў, ён ходзіць у 9 клас 39 школы. 7 верасня дзевяцікласнік захварэў і застаўся дома. У панядзелак раніцай Вольга заўважыла два паведамленні ад класнага кіраўніка з перапынкам у 25 хвілін. Паведамленні прыйшлі напярэдадні ў нядзелю.

Класны кіраўнік даведвалася, ці прыйдзе ў панядзелак Міхаіл у школу.

«І потым яна піша, што сумняваецца ў тым, ці атрымлівае маё дзіця медыцынскую дапамогу, і што яна збіраецца вынесці пытанне аб дабрабыце майго дзіцяці ў сям'і», — распавядае Вольга.

Скрыншот перапіскі Вольгі і класнага кіраўніка яе сына

У суботу Вольга была ўвесь дзень на працы, таму што ў хоспісе памірае дзіця. Увечары ў нядзелю сям’я Вялічкаў рыхтавала дзяцей да вучэбнага тыдня. «Я тэлефон не брала ў рукі, а паведамленне ўбачыла толькі раніцай», — кажа Вольга.

Чытайце таксама: Ольга Величко: «За 10 лет руководства хосписом я научилась всему»

Чаму ў сям’ю паступаюць такія пагрозы, і якая логіка ў настаўнікаў Вольга не разумее.

Вольга мяркуе, што гэта ўсё адбываецца з-за яе пазіцыі:

«Не можа быць ніякага апраўдання таму звышгвалту, тым смерцям, якія адбыліся ў Беларусі ў мірны час. І таму бязмежжу, якое творыць сёння міліцыя. Гэта мая пазіцыя, я перакананая ў гэтым. Нічога не атрымаецца, пакуль не пачнецца размова. Органы мясцовай улады павінны сесці за стол перамоваў з людзьмі. Знайсці якіх-небудзь прадстаўнікоў ад людзей і сесці з імі размаўляць», — кажа яна.

«Мяне тузалі ў прынцыпе заўсёды»

«Звычайна гэта праз хоспіс адбывалася. Я што-небудзь не тое скажу — праверка. Не тое скажу — ананімка. Вось 13 гадоў хутка, як я працую дырэктаркай хоспіса», — кажа Вольга.

Міша, сын Вольгі Вялічкі

«Я, у прынцыпе, за сваю пазіцыю атрымлівала перыядычна. Мне проста здаецца, што калі мы дарослыя людзі, і ў мяне пазіцыя, у вас пазіцыя. Дзесьці разуменне, дзесьці непаразуменні. Гэта адна гісторыя. Але на дзецях адыгрывацца — гэта проста анекдот».

«Сёння сказаць, што я дрэнная маці - гэта сказаць, што сёння сонца выключылі. Яны, відавочна, наогул не ў той стэп пайшлі».

Регламент семьи Величко
Рэгламент сям'і Вялічкаў

Узаемаадносіны былі нармальнымі

«У нас былі нармальныя ўзаемаадносіны, мы віталіся, мы размаўлялі», — кажа Вольга пра класнага кіраўніка сына.

28 жніўня Вольга Вялічка напісала заяву з просьбай арганізаваць навучанне дзяцей на беларускай мове, яго арганізавалі. «Я разумею, што для школы гэта было нечакана, нязручна. Але такі закон у Рэспубліцы Беларусь. Бацька вырашае, а не школа».

Ольга и Миша Величко
Вольга і Міша

Са слоў Вольгі, настаўнікі казалі ёй: нас ніхто не вучыў ва ўніверсітэце выкладаць па-беларуску. «Трэба задумацца сістэме адукацыі. Не за бацькамі ладзіць сачэнне, а спачатку са сваімі прафесійнымі пытаннямі разабрацца. А потым ужо чапаць іншых».

Чытайце таксама: Дети и дедлайны Оли Величко. Семья руководительницы детского хосписа рассказала о жизни мамы-директора

На жыццё ў сям'і сын Вольгі Міша не скардзіцца, кажа, што жыве цудоўна. На пытанні пра школу адказвае спакойна:

«У школе да мяне ставіліся нармальна, як да звычайнага дзіцяці. З настаўнікамі заўсёды былі добрыя адносіны. Сярод аднакласнікаў ёсць пэўны круг зносін, з усімі ж не буду сябраваць».

Зменаў у школе пасля падзей у жніўні Міша не заўважыў. Да пазіцыі бацькоў дзевяцікласнік ставіцца станоўча і падтрымлівае іх. Пасля бальнічнага Міша чакае, што ў школе ўсё будзе так, як раней. «Школа — ёсць школа, нічога кардынальна не зменіцца».

Датэлефанавацца да класнага кіраўніка Мішы карэспандэнтцы Hrodna.life не ўдалося.

Раней старшыні страйкаму «Гроднапрамбуда» Юліі Сліўко паступалі званкі з невядомага нумара з пагрозамі яе сыну.

Самы малады журналіст Hrodna.life. Скончыла школу сучаснай журналістыкі ў Гродне. Па адукацыі - эканаміст, але зразумела, што хоча займацца журналістыкай. Спецыялізуецца на тэкстах пра архітэктуру, падарожжы, пра людзей і для людзей.