Дзянісу Сцепаненку 34 гады. Ён нарадзіўся і жыў у Гродна, тут жа скончыў хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 2019 годзе з’ехаў у Літву працаваць бармэнам, а дадому вярнуўся вясной 2020 года. Увечары 11 жніўня ён выйшаў на шпацыр і сустрэў супрацоўнікаў АМАПа. Наступныя 14 гадзін сталі самымі страшнымі ў яго жыцці: затрыманых выпадковых мінакоў катаваннямі прымушалі разблакаваць тэлефоны, білі і прыніжалі. Карэспандэнт Hrodna.life запісала маналог мужчыны.

Ад аповяду Дзяніса Сцепаненкі стыне кроў. Рэдакцыя Hrodna.life не рэкамендуе чытаць гэты тэкст людзям са слабой нервовай сістэмай.

«Мэты, задачы на сёння? Хто сувязны? Колькі табе заплацілі?»

Увечары 11 жніўня я, як звычайна, выйшаў на шпацыр. Я худзею і імкнуся прайсці за дзень не менш за 10 000 крокаў.

Ішоў адзін па цэнтры горада, слухаў у навушніках музыку. Я нават не збіраўся ісці за мост, дзе магла быць перакрытая дарога.

Дзяніс на пешаходнай вуліцы Савецкай. Гэта тут ён сустрэў АМАП увечары 11-га жніўня

Днём раней я таксама шпацыраваў і наткнуўся на ачапленне. Тады я спытаў у міліцыянтаў, дзе лепш прайсці і мне паказалі.

Скрын экрана з крокамерам. Цяпер Дзяніс больш не выходзіць на вячэрнія прагулкі

Калі 11-га я ўбачыў супрацоўнікаў міліцыі, да іх было каля 500 метраў. Я мог бы сысці, але нават не падумаў, што сустрэча можа быць небяспечнай. Вакол мяне не было ні мітынгаў, ні шэсцяў. Толькі безгаспадарная котка некаторы час ішла побач са мной.

Самотную котку на пустой пешаходнай вуліцы Дзяніс зняў на відэа. Гэта скрын з роліка. Праз тры хвіліны ён убачыў АМАП

Калі я дайшоў да міліцыянтаў, спытаў дзе лепш прайсці, мяне адразу ж «павязалі». Штурхнулі на калені, потым кінулі на зямлю. Далей дагляд, дубінкі. Яны аралі: «Мэты, задачы на сёння? Хто сувязны? Колькі табе заплацілі?»

Мой тэлефон забралі і доўга вывучалі змесціва — усё мэсэнджары, падпіскі, сацсеткі, дыялогі, гісторыю браўзера. Разумеючы іх настрой, пароль я сказаў адразу. Потым зразумеў, што зрабіў правільна. Хлопца, які не хацеў разблакаваць тэлефон, палівалі нейкай атрутай у твар. Гэта быў не газ, але ён крычаў ад болю, кашляў і хрыпеў. Працягвалі, пакуль ён не паведаміў код.

Лежачы на зямлі я чуў, як па рацыі перадавалі інфармацыю пра мінакоў. Калі тыя падыходзілі, з імі адбывалася тое ж, што і са мной. Нас назбіралася некалькі чалавек.

«Зялёны маркер — значыць — буяны, біць не шкадуючы»

Мне шчапілі вялікія пальцы рук пластыкавай сцяжкай. Зацягнулі так, што я думаў, будзе некроз. Просьбы аслабіць прыводзілі да ўдараў.

Наогул казаць нешта, калі цябе не пыталіся, — значыла зноў быць пабітым. Так я праляжаў на зямлі каля гадзіны. Потым пад’ехаў аўтазак, нас паднялі, заламалі, запіхалі ўнутр. У нейкім сэнсе мне пашанцавала — мяне пасадзілі ў заднюю камеру з лаўкай. Астатніх засунулі ў маленькія камеры, такія мабільныя карцэры, па два-тры чалавекі ў кожны.

Яшчэ калі я ляжаў на зямлі, адзін з АМАПаўцаў дастаў маркер і размаляваў мне твар. Як потым высветлілася, гэта былі асаблівыя пазнакі, якія вызначаюць твой лёс пасля дастаўкі ў РАУС. Такое «пасланне» той брыгадзе, што прыме нас.

Зялёны маркер — значыць — буяны, біць не шкадуючы.

Чорны — агент з-за мяжы, каардынатар або наогул, асоба, якая мае дачыненне да арганізацыі беспарадкаў. Гэты маркер — самы суровы. Адзначаных ім чакалі допыты і бязлітасныя пабоі. Па сутнасці, з іх выбівалі прызнанні.

Астатнія колеры я не ведаю. Мне, мабыць, дзеля жарту, размалявалі твар зялёным, хоць я быў ветлівы і маўчаў, калі трэба.

Дзяніса «пазначылі» зялёным маркерам. Гэта значыць — буяны, біць не шкадуючы.

Перыядычна ўсіх нас штурхалі. Каля твару ставілі велізарны яркі ліхтар, уключалі і задавалі тыя ж пытанні — хто сувязны, мэты-задачы, колькі плацяць.

Было адчуванне, што трапіў у секту. АМАПаўцы вераць у ідэю ўмяшання звонку і, як сапраўдныя сектанты, у сваёй веры непрабіўныя.

«Мы павінны глядзець тэлевізар. Там усё, што нам трэба ведаць»

Мы ляжалі на зямлі, а яны, калі хадзілі ці стаялі побач, спецыяльна ставілі берцы вельмі блізка да твару. Казалі, што мы павінны глядзець тэлевізар. Там усё, што нам трэба ведаць. За наяўнасць падпісак на апазіцыйныя Telegram-каналы білі.

На мяне ніколі ў жыцці так не крычалі. Я наогул не думаў, што так бывае. Фашысты ў кіно — ветлівыя людзі па параўнанні з імі.

Па прыездзе ў РАУС (не ведаю, які) нас зноў пад крыкі заламалі, сказалі глядзець толькі ў падлогу. Калі глядзіш па баках або наперад — б’юць. Вось так, сагнутымі з вывернутымі ў болевы прыём рукамі, нас завялі ў падвал і кінулі на падлогу. Прымусілі прыняць позу з трыма апорамі — два калена і лоб. Зад трэба было трымаць высока. Калі апусціш — зноў б’юць. Аднаго хлопца прымушалі цалаваць бел-чырвона-белы сцяг прама з падлогі, не пакідаючы гэтай позы.

Ля брамы турмы кіроўца сказаў: «Пацаны, я вам спачуваю…»

На пераклічцы я пачуў, што з намі ёсць грамадзянін Расіі і яшчэ мужчына з Польшчы.

Потым мяне забралі на допыт, павялі наверх. Пакуль ішоў, бачыў: усюды на зямлі ляжаць людзі. У кабінетах было па некалькі затрыманых. Ім камандавалі «зваліцца», «адціснуцца», «устаць», «прысесці», «устаць», «паўтарыць». Калі людзі не выконвалі, іх білі. Відаць, што ім проста па кайфу было нас біць, крычаць на нас, зневажаць, адчуваць сваю ўладу і беспакаранасць.

Допыт прайшоў адносна бязбольна. Мяне аформілі і павялі на вуліцу. Ніхто з супрацоўнікаў не прадстаўляўся. Усе АМАПаўцы і міліцыянты былі ў балаклавах.

Каля брамы гродзенскай турмы кіроўца сказаў: «Пацаны, я вам спачуваю…»

Пакуль ехалі з РАУС, мы з хлопцамі спрабавалі неяк паміж сабой паразмаўляць, але гэта каралася пад пагрозай біцця.

Каля брамы гродзенскай турмы кіроўца сказаў: «Пацаны, я вам спачуваю…», брама пачала адчыняцца, на машыну накіравалі пражэктар. Ва ўнутраным двары нас чакалі чалавек 40−50 людзей у масках і камуфляжы. Яны крычалі і свісталі. Гэта было сапраўды страшна.

Велізарны АМАПавец адкрыў дзверы і закрычаў дурным голасам «Каму сядзім, жывёлы? Выбегаем, блядзь!» Сагнутых і заламаных, нас даставалі з машыны і білі. Потым паставілі тварам да сцяны, рукі за спіну, ногі паасобку. Абшукалі, агледзелі адзнакі на тварах. Мне паабяцалі, што праз пару дзён я буду ўвесь сіне-зялёны.

Сінякі на целе Дзяніса засталіся яшчэ праз праз тыдзень пасля вызвалення з турмы

Далей зноў заламалі, сагнулі так, што бачыш толькі красоўкі і прымусілі максімальна хутка бегчы праз двор, я ледзь твар там не пакінуў. Мабыць, на гэта і быў разлік гэтай «працэдуры» — «сам упаў».

«Палітычных» ежай не песцілі

У памяшканні нас зноў паставілі тварам да сцяны. Рукі гэтым разам загадалі падняць на сцяну ўверх і вывярнуць далонямі да іх. Гэта балюча, але так відаць і задумана. Яшчэ адзін ператрус, зноў агляд адзнак, пытанні. Хлопца з чорнай пазнакай білі так, што ён крычаў. Здаецца, ён упаў ад удараў па нагах, бачна было не вельмі. Глядзець у той бок забаранялі. Мы павінны былі стаяць каля сцяны, ногі максімальна паасобку.

Пасля гэтага поўны дагляд рэчаў, выманне шнуркоў і рамянёў. Потым сказалі распранацца цалкам і глыбока прысядаць з выцягнутымі наперад рукамі. Так правяралі, ці не праносіш ці ў прамой кішцы кантрабанду ў турму. Працэс зневажальны, але зневажальна там было ўсё, ад пачатку да канца.

Успамінаць пра парадак надглядаў у турме Дзянісу не лёгка. «Працэс зневажальны, але зневажальна там было ўсё, ад пачатку да канца»

Пасля сагнулі і зноў бягом, уверх па лесвіцы, у камеры. У чатырохмеснай камеры нас было пяцёра.

На гэтым фізічны гвалт скончыўся, але былі псіхалагічныя трукі. Святло ў камеры заўсёды гарыць. Адзінае закратаванае акно пад столлю ледзь адкрыта, шкло непразрыстае. Усе вакол як у сярэднявеччы. Ложкі жудасныя, матрацы і падушкі брудныя. Санвузел ніяк не аддзелены ад агульнай плошчы, трэба патрэбу спраўляць ва ўсіх на вачах.

Калі не спалі, размаўлялі пра ўсякае. Сусед па камеры пра падарожжы распавядаў. Вельмі спадзяваўся, што гэта непаразуменне хутка скончыцца і нас адпусцяць. Казаў, што калі яго білі, прыгаворвалі, што ён нейкі гумовы, — палкі ад яго адскокваюць. Усе рукі і ногі ў яго былі ў слядах ад дубінак, спіна таксама.


Читайте также: Схватили, избили, посадили. Танго-диджея из России обвиняли в финансировании протестов в Гродно


Потым мы неяк успомнілі пра нашы адзнакі і ў халоднай вадзе так-сяк адцерлі маркер. Я прапанаваў зафрэндзіцца на Facebook, тыпу яшчэ ўбачымся, пасмяемся з усяго гэтага.

Мы чулі, што іншых кармілі, але нас, «палітычных», ежай не песцілі. Вада была толькі з крана. Акно выходзіла ва ўнутраны двор. Пастаянна брахалі турэмныя сабакі.

Гадзінніка ні ў каго не было, ніхто не ведаў, якая гадзіна, што і калі з намі будзе далей. Гэта прыгнятала асобна.

Было чуваць, як за дзвярыма пра штосьці казалі і смяяліся ахоўнікі. Для іх гэта былі звычайныя будні. Гэтак жа было чуваць, што людзей ноччу вадзілі на допыты. Перыядычна хтосьці крычаў. Думаю, гэта быў не допыт, а катаванні. Ноччу ў турме, напэўна, усё праходзіць без адваката. Сядзіш, слухаеш гэтыя крыкі пад брэх сабак. Галодны, пабіты і запалоханы. Чакаеш, што, магчыма, наступным ты ідзеш на «допыт».

«Я адчуў страх смерці»

Калі я выйшаў, то падлічыў. Ад затрымання да суда прайшло 14 гадзін. Пасяджэнне праходзіла прама ў турме. На судзе як каму шанцавала. Там была «манетка». У выпадковым парадку табе даюць турму ад 5-ці сутак, або штраф. Вельмі хацелася штраф.

Як я зразумеў, калі затрыманы не падпісваў згоду з пратаколам, то з турмы не выпускалі. Таму я пагадзіўся, атрымаў штраф і ўзрадаваўся. Хоць сума ў 405 рублёў для мяне немалая. Пасля суда была размова з псіхолагам або ідэолагам. Ён сказаў «на дарогу» пра наступствы. Калі коратка: «Не смейце больш з’яўляцца побач з акцыямі пратэсту. Інакш турма свеціць надоўга».

Дзяніс Сцепаненка: «Выхад з турмы — адчуванне з найпрыемнейшых у жыцці. Хочацца, каб яно было ў памяці ў адзіным экзэмпляры»

Пасля гэтага мне аддалі рэчы і адпусцілі.

Выхад з турмы — адчуванне з найпрыемнейшых у жыцці. Хочацца, каб яно было ў памяці ў адзіным экзэмпляры.

Свой тэлефон я прадаў. Карыстаюся старым.

Праз тры дні пасля вызвалення да мяне дайшлі, нарэшце, эмоцыі. Учора ўвечары стала страшна. Я адчуў страх смерці. Я ведаю дакладна — калі зноў патраплю туды і мяне такі пасадзяць на працяглы тэрмін, я пакончу з сабой.

Раней Дзянісу падабалася заходзіць у Фарны касцёл на Савецкай плошчы. Ён не заўважаў, што побач — Гродзенская турма № 1

Раніцай я плакаў. З’явілася трывога і пастаяннае адчуванне пагрозы. На вуліцы напружваюць мікрааўтобусы з танаваным шклом. Раней я заўсёды хадзіў з музыкай у слухаўках. Цяпер іх не апранаю, каб чуць — раптам хто бяжыць, або падыходзіць да мяне. Летні адкрыты абутак я больш не нашу. Хаджу толькі ў красоўках, каб быў шанец уцячы.

Усе акцыі абыходжу бокам за многія кіламетры. У цэнтры пасля тых падзей быў адзін раз. Заходзіў у камп’ютарную фірму. Зразумела, пайшоў днём, туды і назад на таксі.

Дзяніс Сцепаненка на пустой Савецкай плошчы 19 жніўня. Гэта яго другі выхад у цэнтр пасля вызвалення

Рэдактарка спецпраектаў, рэпарцёрка, фатографка і відэографка. У журналістыцы з 2015 года. Удзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі рэбрэндынгу выдання «Твой стыль» і стварэнні «Hrodna.life». Паводле адукацыі Ірына інжынер-механік, таму не цураецца тэхнічна-складаных фарматаў.

Найчасцей піша сацыяльныя рэпартажы. Любімая справа — вынаходзіць ровар і ставіць амбітныя мэты для ўсіх, хто не паспеў схавацца.

Матэрыялы Ірыны Новік былі адзначаны дыпломамі многіх конкурсаў.