Людзі і справы

«Валанцёрым сем’ямі!» Каманда веламарафона «Суседзі» распавяла пра падрытоўку спаборніцтваў

Веламарафон «Суседзі» за 7 год свайго існавання стаў адметнай падзеяй рэгіёна. Каб зрабіць яго сапраўдным святам для аматараў ровара, яго падрыхтоўкай займаецца вялікая каманда арганізатараў і амаль сотня валанцёраў. Для многіх з гэтых людзей веламарафон стаў не толькі асабістай, але і сямейнай справай. Удзельнікі сустрэнуць іх усіх на трасе, а зараз мы распавядзем, як ідуць апошнія прыгатаванні да падзеі.

Суддзя і дырэктар на старце спаборніцтваў

Колькасць удзельнікаў марафона расце з кожным годам. Сёлета «Суседзі» гатовы прыняць каля 1000 удзельнікаў, чакаецца, што іх будзе не менш за 700. Кажуць, раней спраўляліся камандай каля 20 чалавек, а зараз толькі валанцёрская каманда налічвае больш сотні.

«Тыя, хто пачынаў некалі арганізоўваць веламарафон, за гэты час назапасілі шмат досведу і перайшлі ў арганізатары. Хаця правесці мяжу паміж гэтымі часткамі каманды амаль немагчыма», — распавёў дырэктар веламарафона Аляксандр Фядотаў.

Галоўны суддзя спаборніцтваў Іван Найдзёнаў (злева) і дырэктар веламарафона «Суседзі» Аляксандр Фядотаў за апошнімі падрыхтаваннямі да імпрэзы
Разам з адміністратарамі ў камандзе па падрыхтоўцы веламарафона працуюць людзі, што займаюцца распрацоўкай трасы — «разведкай» і падрыхтоўкай.

«Яны глядзяць, якія цікавыя адрэзкі дарог можна ўключыць у сёлетні велапрабег, якія замяніць, каб ранейшым удзельнікам было не менш цікава праехаць трасу, чым тым, хто „прысуседзіўся“ першы раз. Таксама яны робяць разметку трасы на мясцовасці. Гэтай камандзе таксама трэба распланаваць і схемы руху валанцёраў, каб яны не перашкаджалі ўдзельнікам і маглі як мага больш эфектыўна дзейнічаць падчас марафона», — тлумачыць дырэктар.

Картографам трасы стаў Ігар Скарабееў, а распрацоўшчыкам — Сяргей Нікулін. Праўда, сустрэць гэтых людзей у офісе не ўдалося. «Яны ўжо два месяцы амаль што жывуць у лесе», — жартуюць калегі.

Колькі званкоў адбываецца за дзень падчас падрыхтоўкі марафона, нават палічыць цяжка, кажа Аляксандр Фядотаў. Тэлефон садзіцца і вуха гарыць ужо пад абед — бо размоваў нашмат больш, чым у звычайныя дні. Ці сніцца арганізатарам марафон? Не, бо і спаць толкам няма калі, кажа Аляксандр.

«Шкадую, як і амаль усе з арганізатараў і валанцёраў, што падрыхтоўчая праца не пакідае шанцаў асабіста праехацца. Бо адразу пасля старта марафона трэба быць гатовым да фінішу міні-заезда, сачыць за ўнясеннем вынікаў, аператыўна апрацоўваць інфармацыю ад валанцёраў. У арганізатараў свой марафон, і ён не менш напружаны, чым ва ўдзельнікаў».

Сям’я на гэты час вучыцца абыходзіцца амаль без таты, бо падрыхтоўка паглынае ўвесь час. Узаемаразуменню спрыяе тое, што роварамі ўсе захоплены. Сын Глеб сёлета будзе стартаваць у дзіцячым заездзе, а жонка Аксана паедзе міні-марафон з дачкой у дзіцячым крэсле.

Суддзя Іван Найдзёнаў таксама правядзе дзень марафона на трасе, але побач са сваімі блізкімі. На паўмарафон выйдзе яго жонка Ольга, а дзеці, Ванюшка і Алена, не першы год запар паўдзельнічаюць у дзіцячым заездзе. «Нядаўна на Алісіным ровары снялі падпорныя колкі, і зараз яна трэніруецца ездзіць без іх, па-даросламу». У самыя напружаныя хвіліны падрыхтоўкі, са словаў Івана, дапамагае думка, што марафон рыхтуе таксама і для іх.

Ці ёсць у суддзі любімчыкі? Іван толькі ўсміхаецца. Маўляў, тут дзейнічаюць іншыя падыходы. А лепшым вынікам імпрэзы, на яго думку, з’яўляюцца не лічбы і паказчыкі, а той станоўчы настрой, што атрымаюць удзельнікі.

Наталья Каваленка, сакратар веламарафона

«Валанцёрская група рэгістратараў ужо некалькі тыдняў працуе. Спачатку прайшлі навучанне, а зараз вядзем папярэднюю рэгістрацыю ўдзельнікаў. Таксама на нашай групе падрыхтоўка стартавых пакетаў для ўсіх удзельнікаў - ад распрацоўкі дызайну нумароў да камплектацыі пакетаў».

Наталля Каваленка: «Можна сказаць, што ў стартавы пакет абавязкова уваходзіць і камплект усмешак ад нашых валанцёраў-рэгістратараў»
Падрыхтоўцы рэгістратараў, са словаў Наталлі, заўжды надаецца шмат увагі, бо яны — першыя людзі, з кім камунікуюць удзельнікі веламарафона. Ад іх у многім залежыць, з якім настроем раварысты выйдуць на старт.

Што да раздзялення асабістага жыцця і веладзейнасці - то раздзяліць іх ніяк не атрымліваецца. Рэцэпт поспеху, наадварот, у іх спалучэнні, мяркуе яна. Муж Наталлі, Максім Сандракула, таксама заангажаваны ў працы па арганізацыі веламарафона. На ім - камп’ютарнае забеспячэнне спаборніцтваў.

Адзіным выключэннем, калі перавагу перад марафонам аддалі асабістаму жыццю, стаў дзень іх вяселля — 12 ліпеня яны пабраліся шлюбам. Праўда, адказваць на тэлефонныя званкі прышлося нават на вяселлі.

«Калі заканчваецца марафон для арганізатараў? Ніколі, — кажа Наталля. — Яшчэ некалькі начэй пасля спаборніцтваў сняцца калонкі лічбаў з вынікамі, а неўзабаве трэба і падрыхтоўку новага марафона пачынаць».

Максім Сандракула, адказны за камп’ютарнае забеспячэнне

Зараз час самы напружаны. Усю тэхніку трэба праверыць, праграму яшчэ раз пратэставаць. А ужо ў дзень марафону на ім - стабільная праца камп’ютараў, электразабеспячэнне працы штаба, фотафініш, унясенне дадзеных ад валанцёраў аб дыскваліфікацыях…

Максім Сандракула: «Што можа пайсці не так? Напрыклад — можа пайсці дождж, а ў нас разеткі, праводка — то трэба адключаць сілкаванне. Тут можа высветліцца, што ў часткі кампоў батарэя не трымае. Многа што можа здарыцца ў палявых умовах»
«Калі нешта ідзе не так, то ўдзельнікі гэтага могуць і не заўважыць, — дзеліцца таямніцай арганізатараў Наталля. — Мы тады ўсім усміхаемся, а Максім хутка-хутка выпраўляе сітуацыю».

Павал і Лена Воранавы

Лена валанцёрыць на рэгістрацыі і лічыць, што гэта праца на марафоне — самая важная. Удзельніцай валанцёрскай каманды яна стала 4 гады таму. Павал далучыўся да каманды валанцёраў тры гады назад. Да слова, і пазнаёміліся яны таксама праз роваравыя спаборніцтвы — на заездзе «Тры вярсты».

Павал і Лена Воранавы пазнаёміліся на «Трох вярстах», а зараз сям’ёй валанцёраць на «Суседзях»
«Зараз на марафоне я — маршал. Так называюць тых валанцёраў, што стаяць у пунктах трасы, дзе трэба дапамагаць удзельнікам не збіцца з маршрута. Бываюць складаныя развілкі, дзе трэба накіраваць удзельнікаў розных заездаў кожнага на свой шлях. Маё месца на трасе — за 2 кіламетры да фінішу. Таму ад мяне ўдзельнікі атрымаюць добрую навіну — хутка фініш. З сабой заўсёды ёсць аптэчка першай дапамогі і велааптэчка. Калі трэба, то і чалавеку дапамагу, і ровар па-хуткаму наладжу. Летась нават аддаў свой ровар аднаму з удзельнікаў, што прабіў кола перад маім пікетам. Таксама заўсёды бяру з сабой фотаапарат, каб удзельнікі ўжо пасля спаборніцтваў маглі паглядзець на сябе».

Дзеніс Чараповіч, разам з братам адказвае за буфеты на трасе

Гэты марафон ужо трэці, на якім мы з братам Юрам будзем валанцёрыць. Брат, да таго ж, прыязджае з жонкай, Вольгай. Так што, таксама — сямейны падрад. На нас - арганізацыя буфета для ўдзельнікаў. Такіх кропак на трасе будзе дзве. Напярэддні марафона мы заночым у лесе каля Аўгустоўскага, а ўжо, а шостаў рана ў дзень марафона выедзем на трасу ставіць столікі, рыхтаваць ваду, шклянкі і бананы для ўдзельнікаўна гэтых кропках.

Юрый, Надзя і Дзяніс Чараповічы забяспечваюць удзельнікам «піт-стопы» на трасе
Каб марафонцы як мага хутчэй і эфектыўней прашлі нашу кропку, звычайна становімся ў шэраг з інтэрвалам у некалькі метраў, і, як чуем, што пад’язджае чарговы удзельнік — бяжым насустрач з вадой. Некаторыя просяць іх абліць, некаторыя — папіць, некаму трэба падпампаваць кола — буфет ператвараецца ў такія моманты ў падабенства піт-спопаў Формулы-1.

Валанцёрыць на веламарафоне, не менш цікава, чым самім удзельнічаць. Прынамсі, эмоцый потым на цэлы год, да наступнага марафона хапае.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024