Дзяржаўны памежны камітэт рэгулярна хваліцца колькасцю жыхароў суседніх краін, якія наведалі Беларусь па бязвізе. Лічбы ўражваюць, але такіх наведнікаў усё ж нельга лічыць турыстамі, мяркуе «Наша Ніва». Разбіраемся, хто і навошта ездзіць па бязвізу ў Гродна.

З пачатку дзеяння абноўленага бязвізавага рэжыму ў Беларусь прыехалі 449 739 замежнікаў, сцвярджае Дзяржаўны памежны камітэт. У 2022 годзе ад пачатку дзеяння бязвізу Беларусь наведала 386 145 замежнікаў, у 2023 паспелі з’ездзіць ужо блізу 65 тысяч. Паводле падлікаў Караніка, дзякуючы бязвізу Гродзенскую вобласць у 2022 годзе наведала ў 10 разоў больш турыстаў, чым у 2021.

Рэжым бязвізу ў Беларусі на больш адкрыты і спрошчаны змянілі з 15 красавіка 2022 года для грамадзян Літвы і грамадзян і неграмадзян Латвіі. З 1 ліпеня 2022 года да іх далучылі і грамадзян Польшчы. Паводле правіл, колькасць у’ездаў ніяк не абмяжоўваецца, але сумарна на тэрыторыі краіны можна знаходзіцца не больш за 90 дзён на год. Неабмежаваная і тэрыторыя перамяшчэння. Палякі мусяць зарэгістравацца па месцы часовага знаходжання цягам 10 дзён, латышы і літоўцы — цягам 30 дзён. Для паездкі спатрэбяцца толькі дзейсны дакумент для выезду за мяжу, страхоўка і «зялёная карта» для аўтамабіля. Для транзітнага перамяшчэння або атрымання віду на жыхарства патрэбна віза. Такія правілы бязвізу для прызнаных раней «несяброўскімі» краін працягнулі да 31 снежня 2023 года.

Пры гэтым прадстаўнікі турыстычнай і сумежных сфер зараз не адчуваюць такога наплыву турыстаў з Еўрасаюзу, які быў да пандэміі, калі турысты па бязвізе прыязджалі ў Гродна на больш складаных умовах. Тады, у 2019 годзе, у выхадныя часам не хапала месцаў на пляцоўцы для турыстычных аўтобусаў. І афіцыйная статыстыка, і мясцовыя экскурсаводы і рэстаратары прызнавалі асноўным бенефіцыярам таго бязвізу Гродна і раён.

Зараз у турыстычнай сферы канстатуюць, што наведвальнікаў з Польшчы і Літвы амаль няма. Засталіся адзінкавыя вандроўнікі або зрэдку невялікія групы, якія замаўляюць экскурсію па горадзе. Па назіраннях уласнікаў кавярняў, колькасць гасцей з суседніх краін Еўропы параўнальна з 2019 годам зменшылася ў 10 разоў: з 10 у звычайныя і 50−60 у пікавыя дні да 5−6 максімум.

турысты ў Гродне на Савецкай
Экскурсія ў Гродне. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Турысты з Еўропы спачатку сталі знікаць праз кавідныя абмежаванні ў іх краінах. Пасля, насуперак спадзевам экскурсаводаў, яны не вярнуліся. Імідж краіны ўпаў праз палітычныя падзеі. Турыстычныя паездкі сюды перасталі быць моднымі, тураператары не хочуць працаваць з сучаснай Беларуссю, а частка патэнцыйных турыстаў лічыць такую паездку небяспечнай.

Асноўную частку турыстаў зараз складаюць беларусы з іншых рэгіёнаў і расіяне. За апошні год асабліва заўважнай стала колькасць расіян.

Для чаго карыстаюцца бязвізам?

Гродзенцы сведчаць, што бачаць у горадзе машыны на літоўскіх і польскіх нумарах. Але часцей яны прыязджаюць у Беларусь з эканамічнымі мэтамі, радзей — да сваякоў.

Паводле Мытнага дэпартаменту Літвы, з увядзеннем новага бязвізу колькасць машын, якія кіруюцца з Літвы ў Беларусь, вырасла ў 5 разоў.

Больш за ўсё літоўскіх машын заўважаюць на АЗС, каля кіёскаў з цыгарэтамі, у крамах і аптэках на выездзе з Гродна ў бок Літвы.

Кошт паліва ў Польшчы, Латвіі і Літве — каля 1,5−1,7 еўра/літр, у Беларусі - блізу 0,80—0,85 еўра/літр. Кошт цыгарэт у Польшчы, Латвіі і Літве — ад 3,5 да 5—6 еўра за пачак.

Прадаўцы цыгарэт з увядзеннем бязвізу заўважылі рост пастаянных кліентаў. Гэта літоўскія і польскія кантрабандысты, якія рэгулярна купляюць цыгарэты блокамі ці карабамі.

Эканамічныя мэты паездак сваіх грамадзян пацвярджае і літоўскі бок. Паводле прадстаўніцы літоўскай мытні, на пытанне пра мэту паездкі ім адказваюць, што едуць закупіцца палівам і цыгарэтамі, рэдка — наведваюць сваякоў.

Хто часцей прыязджае ў Беларусь?

Больш за ўсё ў Беларусь прыехала з Літвы — гэта 294 669 чалавек, сведчаць афіцыйныя дадзеныя. На другім месцы жыхары Латвіі — 98 174 грамадзяніна Латвіі і 29 553 неграмадзяніна. Менш за ўсё бязвізам карыстаюцца палякі: 27 343 чалавек за восем месяцаў.

Больш нізкую цікавасць да наведванняў Беларусі з боку палякаў можна патлумачыць перагружанымі пунктамі пропуску. Зараз на беларуска-польскай мяжы працуе наогул толькі адзін пункт для легкавога транспарту — «Брэст-Цярэспаль». Час чакання ў чарзе не апраўдваецца коштам паліва і цыгарэт. Праўда, з 2 сакавіка Беларусь дазволіла бязвізавы ўезд для грамадзян Польшчы ва ўсіх пунктах пропуску, а не толькі праз польскія.

Варта таксама зазначыць, што гэтыя лічбы не азначаюць, што, напрыклад, кожны дзявяты жыхар Літвы, у тым ліку дзеці, пабываў у Беларусі. Гэтыя лічбы абазначаюць менавіта колькасць перасячэнняў мяжы. Вялікая частка гэтых візітаў прыпадае на некалькіх тысяч жыхароў памежжа, якія ездзяць у Беларусь па паліва і цыгарэты штодзень.

Чытайце таксама: