Бязвізавы ўезд у Беларусь для грамадзянаў Польшчы дазволены з 1 ліпеня, паведаміла прэс-служба Дзяржпагранкамітэта. Мэтай называюць падтрыманне добрасуседскіх адносін.

Рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка. Новаўвядзенне будзе дзейнічаць з 00 гадзін 1 ліпеня па 31 снежня ўключна.

З 15 красавіка бязвізавы ўезд на месяц дазволілі грамадзянам Літвы і Латвіі. Пазней тэрмін «бязвізу» працягнулі да канца 2022 года.

«Практыка „бязвізу“ прадэманстравала наяўнасць значнай цікавасці ў замежных грамадзян да Беларусі. Пасля працяглага кавіднага перапынку нашы суседзі атрымалі магчымасць сустрэцца са сваякамі, наведаць магілы родных, вырашыць бытавыя пытанні. Традыцыйна вельмі запатрабаваныя лячэнне і адпачынак у Беларусі. Не сакрэт, што такія паездкі сталі і добрай эканамічнай падмогай для людзей, якія маглі набыць тавары беларускай вытворчасці па больш нізкіх цэнах, чым у сябе на радзіме», — адзначылі тады ў Міністэрстве замежных спраў.

З пачатку дзеяння «бязвізу» ім скарысталіся 88 649 замежнікаў: 58 697 грамадзян Літвы, 7593 неграмадзяніна і 22 359 грамадзян Латвіі, удакладніў Дзяржпамежкамітэт 27 чэрвеня.

Незадоўга да ўвядзення першага «бязвізу» Польшчу, Літву і Латвію прызналі «несяброўскімі» дзяржавамі.

Чытайце таксама: