За час спектаклю Аляксандр і Анастасія змянілі столькі вобразаў, што і самім ужо складана падлічыць. У межах адной пастаноўкі яны пераўвасабляліся і ў пчолку, і ў вецер, і ў шкарпэтку, і нават у клубок нітак. Гэта быў першы іх выхад на сцэну за доўгі час. Пабачыць вынік працы былых актораў гродзенскага Тэатра лялек Аляксандра Енджэеўскага і Анастасіі Суханосік можна было 6 чэрвеня ў Моладзевым доме культуры ў Беластоку. Пра свой тэатр Pryehali і прэм’еру паводле кнігі Вольгі Гапеевай «Сумны суп» Аляксандр расказаў блогу пра беларусаў «Суполка». Hrodna.life перадрукоўвае гэты тэкст.

Ідэя спектакля з’явілася пасля звальнення
Ідэя паставіць спектакль паводле кнігі беларускай пісьменніцы Вольгі Гапеевай «Сумны суп» з’явілася ў Аляксандра праз два-тры месяцы пасля звальнення з Тэатра лялек у Гродне ў 2022 годзе.
«Беларуская рада культуры запрасіла ўсіх, хто хоча прыняць удзел у тыдні беларускай культуры. Нам на вочы трапілася кніжка Вольгі Гапеевай «Сумны суп» і мы вырашылі зрабіць праект з сямі апавяданняў, каб на ўвесь тыдзень беларускай культуры, — сказаў Аляксандр Енджэеўскі. — Мы зрабілі пілотную версію, адаслалі, усё было добра. І тут вайна пачалася [24 лютага 2022 года Расія пачала вайну супраць Украіны — «Суполка"]. І ўсе грошы і гранты пайшлі ў іншую краіну».
Да думкі паставіць спектакль акторы вярнуліся, калі з’ехалі ў Беласток. Тым больш матэрыял быў на руках.

Аляксандр Енджэеўскі — гродзенскі актор і шоўмэн. Працаваў у Тэатры лялек з 1996 года. Граў у спектаклях «Сон у летнюю ноч», «Зімовая казка», «Каралева снягоў», «Пікавая дама», «Прыгоды доктара Д.Д.», «Царэўна-жаба», «Візіт старой дамы» і іншых. Як рэжысёр паставіў спектакль «Ванільнае марозіва з лімонам». У траўні 2023 года яго затрымалі за распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у Instagram.
Рыхтавалі спектакль вечарамі пасля працы
Падрыхтоўка да спектакля заняла чатыры-пяць месяцаў. Рыхтаваць дэкарацыі не было дзе, таму рабілі гэта дома.
«Таксама то ў хаце, то ў нейкім офісе рэпетавалі. Потым нам вельмі дапамагла фундацыя Tutaka [Фонд беларусаў Падляшша, які займаецца папулярызацыяй беларускай культуры, арганізуе фестывалі Tutaka i Soncahraj — Supolka]. Мы рэпетавалі на іх студыі», — сказаў Аляксандр.

Усе рэпетыцыі акторы праводзілі ўвечары пасля працы.
«Я пасля працы, Наста пасля працы, а ў суботу і нядзелю паліцэальная школа [школа для дарослых у польскай сістэме адукацыі, падобная да прафесійнага тэхнікума — «Суполка"], то трошкі складана. Калі б ты толькі займаўся тэатрам, то за месяц можна было зрабіць», — распавёў Аляксандр.
Змянілі столькі вобразаў, што і не падлічыць
У дзень прэм’еры акторы хваляваліся, ці прыйдуць людзі. Але ў выніку гледачы запоўнілі ўсю залу.
«Спрацавала сарафаннае радыё. Вельмі шмат сяброў прыйшло, сябры сяброў. Не менш за 100 чалавек тут было».

Падчас спектакля Аляксандр сыграў багоўку, пчолку, вецер, суседа, клубок нітак і іншых персанажаў. Анастасія была ў ролі суседкі, слімака, птушкі, шкарпэткі. Колькі вобразаў акторы змянілі падчас пастаноўкі, не змог падлічыць і сам Аляксандр. «Мы не лічылі, бо папросту граеш — і хлоп: мяняешся».

Вольга Гапеева спецыяльна да спектакля напісала верш
З Вольгай Гапеевай — аўтаркай кнігі, паводле якой рабілі пастаноўку — Аляксандр размаўляў яшчэ ў 2022 годзе. «Я ёй напісаў і яна была вельмі здзіўленая», — узгадвае актор. Ганарару ці аўтарскіх адлічэнняў яна не прасіла.
Вольга Гапеева — беларуская паэтка, пісьменніца, перакладчыца, лінгвістка. Сябра беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Спецыяльна для спектакля Вольга, па просьбе Аляксандра, напісала фінальны верш. Кампазітар прыдумаў пад яго музыку — і акторы выканалі твор у канцы пастаноўкі.
Сумавалі па сцэне і стварылі тэатр
«Мы сумавалі па сцэне і вырашылі для сябе такое прыдумаць», — кажа Аляксандр. Сапраўды, і ён, і Анастасія даўно не гралі на сцэне. Спачатку яны хацелі зрабіць спектакль як нейкі асобны праект. А потым вырашылі: «Не, трэба рабіць тэатр».
«Доўга шукалі назву… два дні. А потым прыдумалі — тэатр Pryehali. Гэта аналогія да „Панаехалі!“, а мы прыехалі».

«Мы не прыехаўшыя і не панаехаўшыя. Мы прыехалі. І што мы будзем рабіць далей, залежыць толькі ад нас. Некаторыя могуць на канапе сумаваць успамінамі, самі сябе душыць, а некаторыя могуць проста жыць, жыць далей», — распавёў Аляксандр.

«Хочацца проста заявіць, што ў Польшчы ёсць і іншыя акторы»
Зараз у тэатры два акторы і пашыраць калектыў не плануюць. У планах тэатра Pryehali — «абкатаць матэрыял». Яго хочуць паказаць беларускім дыяспарам у Варшаве, Гданьску, Уроцлаве, Кракаве.

«Можа быць, зробім для дарослых што-небудзь. Бо хочацца проста заявіць аб тым, што ў Польшчы ёсць і іншыя акторы, акрамя тых, пра каго крычаць паўсюль, — сказаў Аляксандр. — Мы таксама можам, хоць у нас іншая тэатральная школа. Тым больш, мы лялечнікі, а яны больш фантазійныя».

28 чэрвеня 2024 года адбудзецца яшчэ адзін паказ спектакля «Сумны суп». Пастаноўку можна будзе ўбачыць у беластоцкім Тэатры лялек. Уваход вольны.