Гродзенка выступае ў тэатры La MaMa на Манхэтане

У Гродне Яўгенія Рамановіч заслужыла рэпутацыю чалавека, які стварае атмасферу ўвагі і павагі да тэатра. Адкрытага. Новага. Смелага! Хуткасцю думкі, унутраным куражом, здольнасцю да грандыёзных праектаў і фантастычных мэт дзяўчына натхняе аднадумцаў, прыцягвае вучняў. І вось цяпер яна танцуе ў тэатры La MaMa на Манхэтане.

Карэспандэнтка zviazda.by звязалася з Яўгеніяй Рамановіч у разгар прэм’ерных паказаў у Нью-Ёрку. Пагутарылі пра глабальнае і канкрэтнае. Куды ідуць тэатр і сучасны танец? Якія трэнды вядуць рэй? Якая экзотыка ёсць у Гродне ў творчай прасторы «ДОМ46»? Абмеркавалі і вар’яцкія, шалёныя творчыя рытмы Нью-Ёрка.

Амерыканскі ваў-эфект

«Гэта дзівосны горад. У метро сустракаюцца надзвычайныя музыканты, якім бы, здавалася, месца на вялікай сцэне. Але гэта — Нью-Ёрк, варварская канкурэнцыя, — дзеліцца Яўгенія. — Здзіўляе смелая адкрытасць амерыканцаў. Я ехала ў ліфце гасцініцы з незнаёмцам, а ён мне кажа: «Хм… Сёння былі вельмі смачныя булачкі на сняданак». Пажадаць добрага дня прахожаму — лёгка! Іншая атмасфера, іншае грамадства. Маланкавыя хуткасці! Я хадзіла на розныя заняткі ў танцавальныя школы: вулічныя, кантэмпарары, балет.
І хачу сказаць: амерыканцы тэхнічныя, хуткія, яны не ведаюць слоў «не магу», «не ўмею».

Для пастаноўкі «Сонца ўзышло — мы тут» сусветна вядомая амерыканская харэографка Калін Томас-Янг прыляцела ў Польшчу. Яна адабрала 10 чалавек: амерыканцы, палякі, украінец і беларуска. Яўгенія Рамановіч цудам даведалася пра кастынг у Любліне. Пасля Беларускай акадэміі мастацтваў дзяўчына працавала ў лялечным тэатры ў Гродне, былі за плячыма польскія і рускія праекты, французкі фестываль. Але вопыт з амерыканскім харэографам — упершыню.

«Сонца ўзышло — мы тут» — кантэмпарары перформанс, гэта значыць, паказвае сучасны танец, імправізацыю, рухі з джаз-танца, ёгі, усходніх адзінаборстваў і многіх іншых кірункаў. Лічыцца, што кантэмпарары нарадзіўся ад мадэрну, які стаў магчымы дзякуючы вольнаму танцу. Заснавальніцай апошняга лічаць Айседору Дункан, якая першая сказала «не» класічнаму балету. І сёння мы маем сучасны танец як асобную свабодную мову цела, здольную перадаць не толькі папсовую любоўную гісторыю, але і глыбокія сур’ёзныя рэчы.

Гродзенка выступае ў тэатры La MaMa на Манхэтане

«Усе кантэмпарары перформансы неадназначныя, нельга сказаць: «А работа пра тое». Таму што кожны праз уласны вопыт (якія кнігі чытаў, якія фільмы глядзеў, як разбіраецца ў палітыцы, эканоміцы) будзе чытаць мову цела па-свойму, — кажа Яўгенія. — Для мяне наша пастаноўка — пра стан чалавека. Мы дзелім свет на «паці» (вечарынку), дзе ўсё класна, усе тусуюцца, яркае святло, нам весела, і рэальнасць, дзе многа смецця. Гэта ж ставіла харэограф з ЗША. У іх і праўда брудныя вуліцы, столькі смецця, што нам, беларусам, і не снілася. І ў Калін адчуванне свету праз гэту брудную вуліцу. Мы выкарыстоўвалі крафтавую паперу. Яна валялася ў нас паўсюль, вісела камякамі, ляжала. Свет, дзе разруха, дзе ўсё не так, як табе здаецца або хочацца. І для мяне вечарынка, калі мы ў дзяцінстве бачым усё ў агнях, а далей вырастаем і трапляем у свет рэальны. У нашай пастаноўцы чалавек часта нахілены, не стаіць прама, ляжыць, сядзіць няроўна. Вось гэтае адчуванне нязручнасці, калі цябе ўвесь час ламае (паўза). Для мяне мой сэнс вельмі каштоўны. Бо я доўга не разумела, пра што работа. Аднойчы ў Любліне выйшла пасля рэпетыцыі на вуліцу і ўбачыла бамжа, які сядзеў і спаў на лаўцы менавіта так (!), у нахіленым стане. Я зразумела пра што наша работа! Стан нестабільнасці, нахіленасці. Як ты гэта пражываеш, шукаеш шчасце».

«Як жа вас сустрэў глядач?» — пытанне.

«Рэжысёр адразу сказала, што амерыканскі глядач дасведчаны, любіць тэхніку, ваў-эфект. Каб бах, бах! Моцнае шоу! Так, тут сапраўды поп-культура прафесійная, яркая. Паглядзіце на суперкрутыя канцэрты Мадонны, Б’ёнсэ! І ў сучасным танцы амерыканскі глядач таксама дасведчаны. Мы атрымалі пазітыўныя водгукі на пастаноўку, людзі дзякавалі, гаварылі, як ім цікава, як гэта класна. Раскрываліся палітычныя, эканамічныя штукі. Многія падкрэслівалі дружнасць каманды. Я не бачыла работу збоку, але ўнутры яе было вельмі здорава існаваць, бо я разумела, што і для чаго мы робім, і адчувала ў гэтым місію. Дарэчы, нас запрасілі ў Японію. І (смяецца) было б класна выступіць у Беларусі. Рэжысёр пыталася: «Жэня, а гэта рэальна? — усміхаецца Яўгенія Рамановіч і дадае: — Мы хочам прыехаць у Беларусь, але патрэбен арганізатар».

Гродзенка выступае ў тэатры La MaMa на Манхэтане

Быць ці не быць?

Беларуску натхняюць рэчы тонкія, ледзь прыкметныя рухі духу. Памятаеце? «Душа павінна працаваць і дзень і ноч, і дзень і ноч». У выпадку Яўгеніі душа любіць сваю працу і гадзіны не лічыць. І для самаразвіцця ў ЗША працуюць суткамі бесперапынна. Калі танцор за гадзіну зарабляе 17 долараў, а гадзіна майстар-класа каштуе 20, то ён не заробіць, каб вучыцца. У гэтым Яўгенія Рамановіч бачыць зваротны бок медаля. Хоць шмат ёсць і бясплатных заняткаў, а тэатр La MaMa вылучае два мільёны долараў штогод на падтрымку маладых артыстаў. У пастаноўках задзейнічаны акцёры, танцоры з сямідзесяці краін свету.

«Ці адметны стыль работы амерыканскага рэжысёра?»

Гродзенка выступае ў тэатры La MaMa на Манхэтане

«Я б не казала пра менталітэт. Рэжысёры розныя: адзін табурэтку ў акцёра кіне, а іншы — тактоўны. Але ці то гэта ісціна, ці то маё суб’ектыўнае, але ў заходнім падыходзе няма схемы «кіраўнік — падначалены», мы на роўных. У Беларусі я адчувала трапятанне перад рэжысёрамі. Калін Томас амерыканка і будыстка. А таму работа з ёй для мяне вялікае адкрыццё. Яна нічога не навязвала, мы нараджалі пастаноўку ўсе разам, — кажа Яўгенія. — Праўда, розніца ёсць. Напрыклад, ты зрабіў эцюд. Наш рэжысёр будзе доўга тлумачыць, што было кепска вось тое і тое, і ты будзеш перарабляць гэты эцюд разоў 20. Калін дае — увага! — 1 шанц. Не справіўся? Яна кажа з ветлівай усмешкай «окей» і моўчкі не прымае тваю работу (разводзіць рукамі). Ідэя можа быць класная, але калі яна адразу не страляе, яе не бяруць. Мы ж у Беларусі можам доўга капаць, шукаць адзін жэст гадзінамі… А тут: «Ты не знайшоў жэст? Пфф… Усё! Хто-небудзь іншы зробіць гэты жэст!» З аднаго боку жорстка, з другога — класна, мегацікава, мне падабаецца такі стыль. Аднаго для развіцця трэба пагладзіць, другога — біць (усміхаецца)».

Гамлетаўскае пытанне «быць ці не быць» стаіць перад кансерватыўным тэатрам востра. Новы час дыктуе свае ўмовы, і тэатр вымушаны спяшацца. «На оперных фестывалях у Варшаве азіяты спявалі — уявіце! — класічную еўрапейскую музыку. Значыць, цікавасць да яе ў іх ёсць. Але гэта прыватны выпадак. Нельга ўспрымаць асобныя з’явы як трэнд. А вось змяшэнне ўсяго — факт. Так, у Еўропе папулярны кірунак — эксперыментал, калі танцоры, скажам, хіп-хопу разумеюць, што ім цікава не толькі асвойваць тэхнікі, танцаваць пад музыку, але і расказваць гісторыі, шукаць ідэю і канцэпцыю рухаў. І вось гэта ўжо нагадвае тэатр. Цяпер танцор вучыць самыя розныя тэхнікі, і поспех будзе мець той, хто зможа іх граматна злучаць, шукаючы ў гэтым асабістае. І ў ЗША цэніцца індывідуальнасць у любых праявах, — акцэнтуе артыстка. — А яшчэ я заўважыла і такі трэнд: аўдыторыі нецікава проста глядзець танец, яна хоча ўдзельнічаць сама! Танцаваць, спяваць!»

Гродзенка выступае ў тэатры La MaMa на Манхэтане

Родны кут

Танцаваць, спяваць, маляваць вучаць у арт-прасторы «ДОМ46». Яе адкрыла Яўгенія Рамановіч, ускалыхнуўшы творчую атмасферу ў Гродне. «ДОМ46» не проста студыя танца, яго вылучае свая шырокая творчая палітыка і ўласная філасофія мінімалізму. Сучасныя танцы, балет, паэтычныя вечары, музычныя мерапрыемствы, паказы фільмаў, маляванне, лекцыі, сустрэчы ў чорнай і белай залах. Сёння арт-пляцоўка прапаноўвае і экзотыку: бразільскае баявое мастацтва капаэйру, гурджыеўскія рухі, фітнес на батутах. «ДОМ46» — гэта альтэрнатыва для горада, сюды адкрыта дарога людзям смелым, улюбёным у творчасць, каму мала проста тэатра, хочацца перформансу. Такія арт-пляцоўкі частая з’ява ў Маскве, Парыжы, але для Гродна — навінка.

«Я разумею, што вы не той чалавек, які пры цяжкасцях забірае свае цацкі з пясочніцы і ідзе ў іншую… Але, Яўгенія, ці не апускаліся рукі, калі з некаторымі праектамі вы выходзілі ў нуль, а часам у мінус?»

Гродзенка выступае ў тэатры La MaMa на Манхэтане

«На такую арт-пляцоўку трэба чалавек пяць-шэсць, каб падзяліць абавязкі і кожны рабіў сваю справу. Мы ж і вялі заняткі, бухгалтэрыю, арганізоўвалі працэс, займаліся арэндай, мылі падлогу. А вядзенне праектаў — менеджмент. У мяне ў гэтай сферы няма адукацыі, таму ўсё інтуітыўна. Але ёсць вялікае жаданне самой вучыцца і дзяліцца класнымі людзьмі. Напрыклад, пазнаёмілася на фестывалі і бачу, што чалавек валодае ўнікальнымі ведамі, і мне здаецца: «О! Гэта тое, што можа дапамагчы нам у Беларусі!» Запальваюся, запрашаю ў Гродна. Праект заканчваецца, ён сабраў няшмат людзей, але ўсе, хто прыйшоў, атрымалі тое, што хацелі. І я атрымала жаданае, і «ДОМ46», і педагог. І выяўляецца, што мы пайшлі ў мінус. Я заракаюся: больш ніякіх майстар-класаў, але зноў запрашаю», — кажа артыстка.

Гродзенка выступае ў тэатры La MaMa на Манхэтане

Яўгенія Рамановіч прызнаецца, што цяпер у Нью-Ёрку вельмі сумуе без «ДОМа46», сваёй роднай прасторы, дзе так цёпла, камфортна. Але, пачынаючы займацца чымсьці новым, зусім не камфортным для сябе, мы моцна пашыраем спектр магчымасцяў, як у геаметрычнай прагрэсіі. Ты ідзеш насустрач выкліку, і прастора адкрываецца табе. Гэта нагадвае эфект снежнага камяка, які расце, а з ім расце колькасць і маштаб магчымасцяў, прапаноў. Толькі пачні.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: