“Моўны інспектар” Ігар Случак быў чытачом-тэсціроўшчыкам нашага сайта ад 13 да 19 сакавіка. Сёлета ён упершыню наведаў Гродна. Быў госцем “Мовы нанова” і ўдзельнікам дыскусіі пра беларускамоўны бізнес у Цэнтры гарадскога жыцця. Але знаёмства з горадам пачалося нашмат раней – менавіта з нашага партала. Калі Hrodna.Life яшчэ меў назву “Твой стыль”, Ігар даваў каментары Руслану Кулевічу па выкарыстанні беларускай мовы футбольным і хакейным “Нёманам”.
Таму зусім не “супадзеннем” выглядае цікавасць Ігара да нашага сайта. За тыдзень тэставага чытання Ігар так “пагрузіўся” ў гродзенскую тэматыку, што прапанаваў працягнуць супрацу. Хутка ён пачне весці на нашым сайце блог “Гародня па-гомельску”.
Вось як піша Ігар пра свае ўражанні ад Гродна і Hrodna.Life:
У дажджлівы дзень, упершыню прыехаўшы ў горад, куды я адразу патрапіў? На планёрку рэдакцыі Hrodna.Life! Руслан забраў мяне сюды з вакзала. З журналістамі рэдакцыі правёў амаль паўдня. А зараз пішу аб тым, як чытаў сайт цэлы тыдзень. Супадзенне? Не думаю!
Больш за ўсё мне падабаецца тое, што сайт зручны для ўспрымання і ў навігацыі, што на ім вельмі шмат аўтарскіх матэрыялаў аб гісторыі Гародні і, у першую чаргу, аб яе сучасным жыцці. Чытаць было – адно задавальненне. У нас у Гомелі платформы такога фармату няма і гэта вельмі засмучае.
Увесь тыдзень я сачыў на сайце ў раздзеле “Спорт і здароўе” за тым, як разгортваліся падзеі ў супрацьстаянні хакейных “Гомеля” і “Нёмана”, што змагаліся за права гуляць у фінале чэмпіянату Беларусі. Цікава было сачыць за падачай матэрыялу аб гульнях з гарадзенскага боку і параўноўваць як аб гэтым пісалі ў Гомелі.
На жаль, мой “Гомель”, цудоўны горад на Сажы, прайграў ва ўсіх чытрох гульнях паўфінала і ў фінал не патрапіў, але ад усяго сэрца жадаю “Нёману” перамогі ў фінале над мінскім “Юнацтвам” – калі ўжо не “Гомель”, то гарадзенцы павінны быць чэмпіёнамі.
Таксама ў раздзеле “Навіны” ўважліва сачыў за падзеямі, што былі звязаныя з сацыяльнымі пратэстамі – як гарадскія ўлады рыхтаваліся да іх, прыбіваючы камеры да бяроз, як людзі выйшлі ў дзень пратэсту, як пасля гэтых людзей падвяргалі рэпрэсіям.
Цікава было чытаць таксама раздзелы “Спадчына” і “Горад”, дзе, як я ўжо адзначаў, шмат аўтарскіх і арыгінальных матэрыялаў.
Спадабалася таксама, што на сайце ёсць раздзел “Блогі” і знаходзіцца ён на самым лепшым месцы – павага да блогераў відавочная. Вось і я сам бы з задавальненнем завёў на Hrodna.Life блог, напрыклад “Гародня па-гомельску”. Калі няма магчымасці жыць тут, то пісаць для Гародні можна і з Гомеля.
Выбар ТОП-3 матэрыялаў, што мне спадабаліся, пачну з оф-топу і адзначу матэрыял не з “майго” тыдня, але які я не змог абыйсці, чытаючы навіны.
Даўно думаю аб татуіроўцы, але ўсё рукі майстра да мяне ніяк не даходзяць – пасля такога натхняльнага аповеду мая рашучасьць надзвычай узрасла.
А зараз і сам ТОП-3:
Мяне надзвычай зацікавіла навіна
Нават сабе ў закладкі дадаў, што адбудзецца фестываль «Гарадзенскi бераг». Скандынаўская тэма цалкам і тэма вікінгаў у прыватнасці мяне дужа цікавіць, то абавязкова трэба фестываль наведаць. І па Гародні ўжо сумую – цудоўны ж горад.
Вельмі змястоўным і цікавым для мяне было і даследванне
Мяне, як жыхара Гомеля, дзе старажытныя будынкі можна пералічыць па пальцах, вельмі клапоціць, каб такі лёс не спасцігнуў Гародню.
Ну і, вядома, я не мог абыйсці бокам матэрыял па матывах майго другога наведвання Гародні з “моўна-інспектарскім” візітам
Мне выдалася падзяліцца вопытам у прасоўванні беларускай мовы ў сферы гандлю і паслуг, а таксама даведацца аб вопыце тых, хто вядзе ў Гародні бізнес па-беларуску. Аказваецца, гэта не толькі Еўраопт, але і беларускамоўныя таксісты, турыстычныя кампаніі і крамы будматэрыялаў. Шырокі спектар! Спадзяюся, у Міністэрстве гандлю і антыманапольнага рэгулявання гэты матэрыял таксама прачытаюць і зменяць сваю пазіцыю адносна беларускай мовы ў лепшы бок.
У канцы адзначу, што толькі тыднем чытанне сайта ў мяне не абмяжуецца – на добрыя старонкі прыемна заходзіць, а якасныя матэрыялы прыемна чытаць.



