Пра беларускую мову ў бізнесе размаўлялі на чарговым паседжанні Гродзенскага дыскусійнага клуба ў Цэнтры гарадскога жыцця. Выступілі гродзенскія прадпрымальнікі і госць з Гомеля Ігар Случак, натхняльнік кампаніі «Справаводства па-беларуску».

На спатканні кожны з іх падзяліўся ўласным досведам ужывання роднай мовы ў бізнесе і справаводстве.

Расіянам мова падабаецца, беларускім дзецям — не

Уся рэклама турыстычнай фірмы «Мерцана» — па-беларуску. Нават там, дзе ёсць нейкае супрацоўніцтва, напрыклад, з аграсядзібамі, часта рускамоўнымі, яны ўсё адно схіляюць партнёраў рабіць супольную рэкламу на беларускай мове, кажа кіраўнічка фірмы Ганна Шарэнда.

«Мы прадаем для турыстаў Беларусь, таму на якой мове працаваць, ад пачатку пытанне не паўставала. Маем пераважна пазітыўны досвед працы з кліентамі па-беларуску. Тыя ж расіяне, якія прыязджаюць, насамрэч знаюць Беларусь лепей за саміх беларусаў і ставяцца да мовы станоўча, як да неад’емнай часткі краіны. З беларускімі дзецьмі цяжэй — як правіла, яны хочуць па-руску», — кажа Ганна.

"Для маладой генерацыі чыноўнікаў мова будзе каштоўнасцю". Беларускамоўны бізнес абмеркавалі ў Гродне
У турфірмы «Мерцана» ўся прадукцыя па-беларуску. У тым ліку візіткі
Таму, ужо пад час саміх экскурсій, паступова, супрацоўнікі «Мерцаны» спрабуюць устаўляць слоўца за слоўцам па-беларуску. Часам такім спосабам удаецца цалкам перавесці расповед на родную мову.

Галоўнае — быць простым, адкрытым і не камплексаваць

Юры Галянеўскі, уладальнік крамы будматэрыялаў «Юрась», бізнесам займаецца амаль 20 гадоў. Да беларушчыны прыйшоў крыху раней, у першыя гады незалежнасці. І калі Беларусь пачала спаўзаць у савецкае мінулае: змянілі сцяг, герб, прынізілі родную мову — ён пачаў задумвацца пра несправядлівасць у дачынні беларускасці. Зразумеў - трэба пачаць з сябе.

«На той момант я быў ужо дарослым чалавекам, які вывучыўся ў рускамоўнай школе, асяроддзе было рускамоўным. Але вяртацца да каранёў было лёгка. Хоць не ўсё адразу выходзіла чыста па-беларуску. Я і зараз дзе-нідзе магу не ведаць, як сказаць нешта на роднай мове, дык скажу па-руску», — расказвае Юры.

Юры Галянеўскі
Юры Галянеўскі
Здаралася, пакупнікі папраўлялі мову, але ён толькі дзякаваў: маўляў, будзем разам вучыцца. Самае галоўнае — быць простым, адкрытым і не камплексаваць. Тады і людзі ветліва ставяцца і падтрымліваюць.

Людзі пачалі заступацца за мову

«У пачатку былі і негатыўныя рэакцыі, што дзіўна, асабліва з боку саміх жа беларусаў: „почему разговаріваешь не на правільном языке?“ Але апошнія гадоў 5−7 адчуваюцца змены стаўлення людзей да беларускай мовы, — заўважае Юры. — Зараз у маёй краме працуе рускамоўны хлопец. Заходзіць нядаўна адна пакупніца і пытае: а чаму гэта ў вас па-беларуску не размаўляюць?»

[irp posts="2301″ name="Самая беларуская будаўнічая крама: асаблівасці трымання беларускамоўнага бізнесу ў Гродне"]

Іншым разам зайшла наведвальніца, як аказалася пазней, з Расіі. Юры толькі прывітаўся з ёю беларускай мовай, як яна заенчыла: «только не по-белорусскі». Іншыя кліенты, якія знаходзіліся ў краме, пачалі ў яе пытацца: «А адкуль вы гэта, што беларускай мовы не разумееце?! Можа з вамі трэба па-англійску ці па-літоўску?».

«Людзі так пачалі заступацца за мову, што я ледзь абараніў гэтую пакупніцу, — узгадвае Юры. — Важна не ўпадаць тут у варожасць, а спакоем і цярпеннем схіляць да беларускасці пакупінкоў.

Сустрэча дыскусійнага клубу праходзіла ў Цэнтры гарадскога жыцця
Сустрэча дыскусійнага клубу праходзіла ў Цэнтры гарадскога жыцця
Бізнесмен лічыць, што трэба ствараць беларускамоўнасць у камфортнай атмасферы для кліентаў. І ўзгадвае легендарную кавярню «Батлейка», дзе ў 1990-я гады нават паўкрымінальныя элемэнты ведалі, што трэба замаўляць не «бутэрброды», а «канапкі».

Мова гэта не толькі зручна, але і выгадна

Таксіст Сяргей Верамеенка прынцыпова пачынае размову з кліентамі па-беларуску. Калі здараецца, што кліент сапраўды не разумее, ён дае на выбар яшчэ тры мовы камунікацыі. А замежныя турысты наогул вельмі станоўча ставяцца да беларускай мовы: яна для іх ёсць адной з адметнасцяў таго, што яны трапілі ў іншую краіну — не Расію.

Таксіст Сяргей Верамеенка
Таксіст Сяргей Верамеенка
«Хачу даць пасыл для бізнесоўцаў: беларуская мова гэта не толькі зручна, але можа быць і выгадна. У мяне ёсць цэлы спіс пасажыраў, якія адмыслова выклікаюць беларускамоўнага кіроўцу, згодныя пры абставінах пачакаць нават 20−25 хвілін, каб магчы пагутарыць па-беларуску, ці хаця б для таго, каб такім чынам здзівіць сяброў, суседзяў, гасцей. Ну і чаявыя адпаведныя».

«Учіте русскій язык — расшіряйте кругозор…»

Ігар Случак, каардынатар кампаніі «Справаводства па-беларуску», актыўна займаецца папулярызацыяй роднай мовы з 2009 года. Тады ён удзельнічаў у чарговым З’ездзе Беларусаў Свету, як студэнт Тартускага Універсітэта. На З’ездзе міністр культуры Павел Латушка заявіў, што хоча зрабіць усё міністэрства цалкам беларускамоўным.

«Таксама тады ўразіла лепшае чым у мяне валоданне беларускай мовай у тагачаснага пасла Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана, — узгадвае Ігар. — Такі порух беларушчыны мяне і натхніў да дзеяння».

Ігар Случак
Ігар Случак
Напачатку справа ішла цяжка і марудна. Апроч перапіскі з рознымі міністэрствамі Ігар ліставаўся з беларускімі ВНУ. Даходзіла да камічных калізій: Ігар папрасіў у рэктара Мінскага Інавацыйнага Універсітэта Мікалая Сушы даць адказ па-беларуску, а той адказаў: «Уважаемый Ігорь, учіте русскій язык — расшіряйте кругозор…».

[irp posts="14 766″ name=""Моўны інспектар" у гродзенскім «Евроопте»: ці атрымаецца прадаваць «буракі» замест «свеклы»?"]

«Я зразумеў, што трэба нешта змяняць у заканадаўстве. А з прадстаўнікамі ўлады і адміністрацыі розных узроўняў трэба размаўляць на іх „слове“: сухім юрыдычным слове бюракратыі», — кажа Ігар.

Атрымалася праз адпаведных дэпутатаў ў Парламенце зрабіць дапаўненні ў Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, дзе прапісалі, што адказ на пісьмовы зварот мае быць на мове, на якой быў напісаны гэты зварот.

«Ад 2012 года ніхто не мае права мне заявіць, каб я „расшірял свой кругозор“. Пасля такой удачы я вырашыў паспрабаваць пайсці з беларускай мовай да бізнесу, рэкламы, да спорту, — кажа Ігар. — Найбольш удалося гэта з футбольнымі клубамі. У гэтым сезоне будзе ўжо восем каманд, якія пішуць свае прозвішчы на футболках па-беларуску».

Гродна парадаваў

Гродзенскі «Нёман», па версіі Ігара Случака, — адзін з самых беларускамоўных клубаў краіны: ёсць паўнавартасная беларускамоўная версія сайта, карткі заўзятараў, слоўнік тэрмінаў, дыктары размаўляюць на мове падчас гульняў. Наогул, Гродна парадаваў Ігара: на сустрэчы ён пабачыў, што па-беларуску можна не толькі турызм весці, але нават будматэрыялы прадаваць.

Мінгандлю — супраць мовы

Зараз найбольш супраціўляецца беларускай мове Міністэрства гандлю, кажа Случак. «На нашыя звароты яно дае адказы, што беларуская мова на этыкетках значна павялічыць кошты прадукцыі, што знізіць паступленні падаткаў у бюджэт. І гэта пры тым, што буйныя прадпрыемствы, як Вэлком, МТС, Керамін, Гарызонт і іншыя сцвярджаюць, што няма праблем з беларускай мовай!»

Ігару няясна, чаму дзяржава так упарціцца зменам, якія ўжо не спыніць — варта паглядзець, колькі нават рэкламы ў тэлевізіі па-беларуску.

Удзельнікі дыскусіі
Удзельнікі дыскусіі
Тая ж бяда і з БелДзяржСтандартам. «Ганебны Закон СТБ, паводле якога адкрыта дыскрымінуецца беларуская мова: інфармацыя павінна даводзіцца на рускай альбо на рускай і беларускай мовах. Папросту няма ўмоваў, каб для Беларусі ва ўмовах Мытнага саюзу інфармацыя была абавязкова на дзвюх дзяржаўных мовах. Я ўжо маўчу, каб толькі па-беларуску. Беларусы робяць ганьбу самі сабе!»

Спадзеў - на маладых чыноўнікаў

З кожным годам абнаўляецца чынавенскі апарат, туды прыходзіць усё больш маладых людзей. Для гэтай новай генерацыі чыноўнікаў, якія ўсё жыццё пражылі ў суверэннай Беларусі, беларуская мова будзе не нейкі «мёртвый нікому ненужный язык», а нацыянальная каштоўнасць, упэўнены Ігар.

Прыклад Бацькі

Грамадская думка таксама ўсё больш пазбаўляецца правінцыйных комплексаў у дачыненні да беларускай мовы. Яна будзе штурхаць улады да нарматыўнага павароту ў бок беларушчыны. Хоць, Ігар не адмаўляе, лягчэй прасоўвалася б родная мова ў грамадстве з вышыняў.

«Паглядзіце на выступы нашага прэзідэнта, калі ён, хоць і зрэдку, размаўляе на роднай мове — лепей чым па-руску: без акцэнту, нават голас становіцца лагаднейшы. Калі ён лічыцца Бацькам, дык вось няхай ён, як добры бацька, і дае сваім гадаванцам прыклад, як размаўляць у роднай мове».