Сляпы музыка Уладзімір Жыраў у канцы ліпеня прыехаў у Гродна з Навагрудка і стаў граць на пешаходнай вуліцы Савецкай. Многім гродзенцам ён знаёмы па выступах на пачатку 2000-х у летніках і навучальных установах. Чаму Уладзімір вырашыў граць на вуліцы, ён распавёў Hrodna.life.
Хлопцу 32 гады. Ён не бачыць з нараджэння, выхоўваўся без бацькоў. Уладзімір скончыў у Гродне школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Там ён і пачаў займацца музыкай. Сёння ён жыве ў Навагрудку і працуе ў філіяле гродзенскага прадпрыемства «Фільтр» БелТІЗ (Беларускага таварыства інвалідаў па зроку).
«У мяне з’явілася ідэя выступаць на вуліцы, — распавядае Уладзімір. — У Гродне знайшліся людзі, якія дапамаглі. Я вельмі рады выступаць у гэтым горадзе, тут прайшло маё дзяцінства і юнацтва. І тут мяне пазнаюць, як прыемна. Хочацца падарыць гродзенцам часцінку радасці».
У пачатку 2000-х гадоў Уладзімір актыўна выступаў у летніках і навучальных установах. Выконваў папулярныя песні з 90-х. У 2015 годзе хлопец ажыццявіў сваю мару і выступіў на Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў, які праходзіў у Віцебску ў дні «Славянскага базару». Там ён заняў другое месца з песняй «Хрустальны замак» Віктара Каралёва.
«У мяне была мара выступіць на „Славянскім базары“ і я гэта зрабіў. Пасля гэтага я зразумеў, што мне трэба далей займацца музыкай. Адзін час я граў на вуліцы недалёка ад Навагрудка, зараз у Гродне. Па водгуках, людзям падабалася».
Сёння Уладзімір марыць пра турнэ па Беларусі і, калі атрымаецца, то ў будучыні - па суседніх краінах.
«Я малады, хачу далей развівацца і дзяліцца з людзьмі сваёй творчасцю. І не хаваю — мне хацелася б палепшыць сваё фінансавае становішча. Сёння не ўсё па нашых магчымасцях, на жаль. А заўсёды хочацца чагосьці новага і больш».
Чытайце таксама: «Дворник для творческого человека — работа хорошая». Уличный музыкант Александр Зимин, — о работе в больнице Гродно из-за пандемии