У час будаўніцтва гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра на вуліцы Малой Траецкай, 4 рабочыя знайшлі парэшткі больш за 20 чалавек. Верагодна, будаўнікі натрапілі на невядомыя раней могілкі XVI-XVII стагоддзяў.

«Выявілі больш за 20 касцякоў з археалагічным матэрыялам — косці і чарапы. Акрамя таго, тут прадстаўлены манеты, бутэлькі, кераміка і разнастайныя прадметы начыння. Могілкі яшчэ даследуюцца. Верагодна, яны займаюць усю плошчу будаўнічых работ. Спецыялістам важна сабраць матэрыялы цалкам, бо гэтая частка Гродна ўваходзіць у зону аховы культурнага пласта горада», — расказаў «Гродна Плюс» навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вашанаў.

Знойдзеныя астанкі накіравалі на экспертызу, каб высветліць пол, узрост і магчымыя паталогіі памерлых.

UPD. 15 красавіка стала вядома, што археолагі вызначылі дакладную дату старадаўніх могілак у цэнтры Гродна: гэта сярэдзіна XVI стагоддзя

Дакладную датыроўку ўдалося ўсталяваць дзякуючы знойдзеным манетам. Дзве з іх адносяцца да 1550-х гадоў, яшчэ адна — да 1620 года. Гэта дазволіла зрабіць выснову, што першыя пахаванні з’явіліся пасля 1555 года, а самі могілкі, верагодна, функцыянавалі параўнальна нядоўга.

Дадатковым пацвярджэннем пахаванняў сталі знойдзеныя кольцы ў жаночых пахаваннях — яны па часе цалкам супадаюць з манетамі. Паводле слоў археолагаў, могілкі існавалі адносна нядоўга.

Асаблівую цікавасць у спецыялістаў выклікаў фрагмент галаўнога ўбору юнака, знойдзены ў адным з пахаванняў. Арганічныя матэрыялы звычайна дрэнна захоўваюцца ў глебе, аднак у дадзеным выпадку тканка захавалася дзякуючы кантакту з металічнымі элементамі. Пасля ачысткі і кансервацыі археолагі плануюць удакладніць, што менавіта гэта было — шапачка ці абруч для валасоў, распавядае тэлерадыёкампанія «Гродна».

Што яшчэ знайшлі на месцы раскопак

Сярод іншага археолагі знайшлі шкілет мужчыны з падціснутымі нагамі і без труны. Узрост гродзенца — прыкладна 55 гадоў (або старэй).

Археолагі выказалі здагадку, што з-за таго, што глеба тут — цвёрдая гліна — магіла магла быць выкапана занадта малой, меншай за рост самога чалавека. Магчыма, пахаванне адбывалася зімой, калі капаць было асабліва цяжка. Акрамя таго, у пахаванні не знойдзена ні слядоў труны, ні цвікоў, што здараецца ўкрай рэдка нават для самых старых пахаванняў. Магчыма, мужчыну пахавалі без труны.

Раней на гэтых могілках археолагі знайшлі яшчэ адну незвычайную магілу: сумеснае пахаванне маці і дзіцяці.

Навуковая супрацоўніца аддзела археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марыя Ткачова ўдакладніла: для хрысціянскіх пахаванняў сітуацыя, калі маці і дзіця ляжаць у адной магіле, не самая папулярная. Таму дадзеная знаходка прыцягнула ўвагу спецыялістаў.

Што за будаўніцтва ідзе на Малой Траецкай

Новы офісны цэнтр будуе фірма «РыэлтБудІнвест». Працы пачаліся мінулай восенню і планава мелі скончыцца ў лістападзе 2026. Але, магчыма, тэрмін давядзецца пасунуць, бо цяпер археолагам трэба даследаваць могілкі.

Мясцовыя, якія жывуць або працуюць у офісах і крамах непадалёк ад будоўлі, не здагадваліся, што пад пластом зямлі схаваныя старадаўнія могілкі.

«Бачым будоўлю кожны дзень з акна, але і падумаць не маглі, што месца захоўвае таямніцу. Дзівосна, колькі ў Гродне цікавых гістарычных месцаў», — расказала «СБ» Дыяна Якута, якая працуе ў офісе непадалёк і стала відавочцам знаходкі.

Адкуль у гэтым месцы маглі ўзяцца могілкі

Назвы вуліц Вялікая Траецкая і Малая Траецкая паходзяць ад назвы храма, які раней тут існаваў. Гісторыкі лічаць, што гэта быў касцёл Святой Тройцы з кляштарам аўгусцінцаў, які знаходзіўся паміж вуліцамі Вялікай Траецкай, Дамініканскай і Малой Траецкай – каля 100-150 метраў ад знойдзеных могілак.

Кляштар аўгусцінцаў — самы стары каталіцкі кляштар Гродна. Аб ім захавалася вельмі мала звестак. Упершыню ён згадваецца ў 1494 г. Вядома, што кляштар разам з драўляным касцёлам Святой Тройцы згарэў у час вайны сярэдзіны XVII ст. Быў закрыты ў 1673 г., а ў 1688 г. яго беспаспяхова спрабавалі аднавіць.

Больш пра аўгусцінцаў чытайце ў вялікім гайдзе па каталіцкіх манаскіх ордэнах, якія мелі рэзідэнцыі ў Гродне.

Па некаторых крыніцах, у гэтым раёне магла знаходзіцца таксама так званая “папоўская юрыздыка” з плябаніяй святара Траецкай царквы. Адсюль некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што там магла існаваць і праваслаўная царква Святой Тройцы, але гэта версія сучаснымі даследчыкамі Гродна абвяргаецца.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы