Аляксандр Блахін робіць музычныя інструменты літаральна з усяго. У ход ідуць скрыні з пад сігараў, сітцы для гарбаты, ножкі з-пад тэлевізара. На яго інструментах грае Іван Кірчук з этна-трыа «Троіца», гродзенскі праект «Папараць» і не толькі. Адкуль зацікаўленасць да такой экзотыкі і колькі інструментаў ён зрабіў за ўвесь час, Аляксандр расказаў Telegram-каналу «Радыё „Harodnia“».

майстар музычных інструментаў Аляксандр Блахін. Крыніца: Старонка Аляксандра ў “ВКонтакте”
Аляксандр Блахін. Крыніца: Старонка Аляксандра ў «ВКонтакте»

«Усё пачалося ў сярэдзіне 1990-х. Тады я пачаў цікавіцца музыкай. Хацеў навучыцца граць на гітары. Але ў тыя часы практычна любая гітара, якая трапляла ў рукі, патрабавала рамонту ці нейкай дапрацоўкі. Альбо з дзвюх-трох гітар можна было сабраць адну, якая больш-менш грае», — сказаў Telegram-каналу «Радыё „Harodnia“» майстар Аляксандр Блахін. Тады ён і зразумеў, што яму гэта цікава: складаць з асобных частак, якія не гучаць, інструмент, які будзе выдаваць больш-менш музычныя гукі.

Спецыяльнай музычнай адукацыі ў Аляксандра няма. Рабіць інструменты ён вучыўся па літаратуры і падчас сустрэч з майстрамі. Адзін з іх — майстар народных інструментаў з Адэльска Мар’ян Скрамблевіч.

Майстар народных інструментаў Мар’ян Скрамблевіч. Фота: Hrodna.life
Майстар народных інструментаў Мар’ян Скрамблевіч. Фота: Hrodna.life

Аляксандр — меламан, ён слухае музыку розных стыляў. Сыходзячы з гэтага ён спрабуе рабіць і разнастайныя інструменты. Гэта этнічныя і народныя інструменты альбо нешта эксперыментальнае — духавыя, перкусійныя ці струнныя.

Можа гучаць не прызначаны для музыкі матэрыял

Па словах Аляксандра, у яго няма адмысловай патрэбы шукаць нейкі незвычайны матэрыял. А гучаць часта можа што заўгодна — нават гаспадарча-побытавыя прадметы. Гэтак лідар этна-трыа «Троіца» Іван Кірчук, які таксама паходзіць з Ліды, у калекцыі мае дудку, якую Блахін зрабіў з… ножкі ад тэлевізара!

«Акрамя гэтага ёсць чароткі, жалейкі, метал барабан, варган. У Беларусі ёсць яшчэ падобныя майстры, але не кожны ўкладзе частку сваёй душы ў інструмент. Я паважаю Аляксандра і жадаю яму плёну», — сказаў Telegram-каналу «Радыё „Harodnia“» музыка Іван Кірчук.

Іван Кірчук лідар этна-трыа “Троіца”. Крыніца: Hrodna.life
Іван Кірчук лідар этна-трыа «Троіца». Крыніца: Hrodna.life

Чытайце таксама: «Звуки линиями упали на бумагу». Иван Кирчук рассказал, куда ведут «Лабиринты звука«

Незразумелыя штукі, якія назапашваюцца ў шуфлядзе

Каля пяці гадоў Блахіна цікавіць тэма сігарбокс-гітар. Іх корпус зроблены са скрыні ад сігар, а грыф і ўсё астатняе — з розных незразумелых штук, якія ў майстра назапашваюцца ў шуфлядзе. «Гэта могуць быць дзвярныя ручкі альбо сіцечкі для гарбаты. Але яны больш выконваюць ролю эксперыментальнай ці дызайнерскай гісторыі», — распавёў Аляксандр.

Уладальнік гродзенскай этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч грае на сігарбоксе, які зрабіў Аляксандр Блахін.

«Зімой 2020 года ў „Цудоўню“ на продаж прывезлі два сігарбокса. Адзін з іх мне спадабаўся. Ён прышпільны, у яго цікавы і вельмі незвычайны гук. У плане гучання ёсць свая спецыфіка, бо сігарбокс — д’ябальскі блюзовы і мне на душу гэта кладзецца», — сказаў Telegram-каналу «Радыё „Harodnia“» уладальнік этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч.

сігарбокс, Аляксандр Блахін
Сігарбокс зроблены Аляксандрам Блахіным. Крыніца: cudounia.by

Па словах Андрэя, інструмент лёгка засвойваецца. За некалькі дзён можна навучыцца граць простыя і знаёмыя мелодыі.

«Калі каму хочацца чагосці незвычайнага і клёвага, хто мае слабасць да блюза — сігарбокс гітара самае тое. Яе дастаткова, каб сабе стварыць атмасферу. Яна не займае шмат месца і нікога не нервуе. Наладжваецца добра, гучыць добра, а струны трымаюць строй і не боўтаюцца», — сказаў Андрэй Несцяровіч.

Чытайце таксама: Апошні гарадзенскі хіпі, які адчыніў этнакраму, і яго правілы жыцця

«Ён можа зрабіць усё, што гучыць»

Перкусійныя інструменты могуць быць з дрэва з выкарыстаннем скуры, але не толькі. Цікавы варыянт — бубны з балонаў, якія могуць выдаваць танальныя гукі. Гучыць не як барабан, а хутчэй як гонг альбо металічныя званы.

«У мяне ёсць калюка [абертонавая дудка], танк-драм [жалезны пялёсткавы барабан]. Танк-драм зроблены са старога газавага балона, які скончыўся на лецішчы. Я думаю, што ў Беларусі ёсць яшчэ такія людзі [майстры музчных інструментаў - заўв. «Радыё «Harodnia"], але я з імі не знаёмы. А Аляксандр — ён універсальны. І дудкі, і сігарбоксы, і рэтра-комбікі да іх, і перкусія, нават калімбу ён для сябе некалі зрабіў. Здаецца, што ён можа зрабіць усё, што гучыць», — сказаў Telegram-каналу «Радыё «Harodnia»» музыка праекта «Папараць» Павел Салаўёў.

Ножка ад тэлевізара і скрыня з-пад сігар. Майстар з Ліды амаль 30 год вырабляе незвычайныя інструменты
Танк драм (пялёсткавы барабан) Аляксандра Блахіна. Фота: Радыё «Harodnia»

Аляксандр працуе настаўнікам дадатковай адукацыі. Калі ў яго больш вольнага часу, то ён робіць інструменты на продаж. З імі ён ездзіў на этнічныя фестывалі і кірмашы майстроў.

сігарбокс Аляксандр Блахін
Сігарбокс гітары Аляксандра Блахіна на Фестывалі нацыянальных культур у Гродне ў 2016 годзе. Фота: Радыё «Harodnia»

Хто яшчэ грае на інструментах Аляксандра

Акрамя Івана Кірчука з «Троіцы» і музыкаў праекту «Папараць», інструменты Аляксандра ёсць і ў дуэта «Аляксандра і Канстанцін». Майстар сам падарыў ім адну са сваіх флейт. «Я быў уражаны іх выступам падчас канцэрту і падарыў ім флейту. У некалькіх песнях можна яе пачуць», — кажа Блахін.

Ножка ад тэлевізара і скрыня з-пад сігар. Майстар з Ліды амаль 30 год вырабляе незвычайныя інструменты
Гурт «Папараць». Крыніца: paparats.bandcamp.com

Ён і сам грае на сваіх інструментах. Напрыклад — час ад часу ў «Папараці». А неяк у 2019 годзе на фестывалі ў Карпатах падыграў адну з песень гродзенскаму выканаўцы Івану Пачывалаву.

Ножка ад тэлевізара і скрыня з-пад сігар. Майстар з Ліды амаль 30 год вырабляе незвычайныя інструменты
Аляксандр Блахін і Іван Пачывалаў на фестывалі ў Карпатах. Cкрыншот з відэа

Чытайце таксама: Ад пост-панка да нойза: музыка з Гродна, за якой варта сачыць

«У самы апошні момант не ведаеш, ці загучыць»

«Мне падабаецца сам працэс вытворчасці. Часцей за ўсё ў самы апошні момант не ведаеш, ці загучыць [інструмент — заўв. Радыё „Harodnia“] і якім будзе вынік. Бывае, па выніку гук не адпавядае маім уяўленням. А бывае, пасля ўсіх этапаў стварэння гучыць і гук бывае для мяне нежна-ўражваючым. Вось гэта прыносіць задавальненне», — сказаў Аляксандр.

майстар музычных інструментаў Аляксандр Блахін. Крыніца: Старонка Аляксандра ў “ВКонтакте”
Аляксандр Блахін. Крыніца: Старонка Аляксандра ў «ВКонтакте».

Прафесійна сваімі інструментамі, майстар не валоде. Але па меры магчымасці вучыцца граць. «Бо для таго, каб зрабіць інструмент, трэба хаця б умець атрымліваць увесь яго гукашэраг».

Усе інструменты зроблены практычна на каленцы

Аляксандр ніколі не падлічваў колькасць інструментаў, якія ён зрабіў. «Але на сваіх сігарбокс гітарах я пісаў нумарныя пазнакі ўнутры. Зараз можа які 15-ы нумар. А агулам інструментаў можа 100 ці 150».

Ножка ад тэлевізара і скрыня з-пад сігар. Майстар з Ліды амаль 30 год вырабляе незвычайныя інструменты
Музчыны інструмент Аляксандра Блахіна. Фота: Радыё «Harodnia»

Усе інструменты, якія рабіў Аляксандр, «зроблены практычна на каленцы ў перадпакоі майго жытла ў інтэрнаце, дзе асабліва не разгарнешся і не пашуміш». Па гэтаму ў планах на будучыню — дабудаваць свой дом і мець уласную майстэрню. Туды можна будзе перацягнуць усе матэрыялы, электра- і ручны інструмент, ды паціху рэалізоўваць праекты, якія зараз ляжаць у розных месцах у несабраным выглядзе.