Гродзенскія аматары клубнай музыкі ведаюць Насту Міклашэўскую. DJ Curly сёння — адзіная ў горадзе дзяўчына, якая грае музыку ў начных клубах. Як гэта быць дзяўчынай-дыджэем у Гродне, яна распавяла Hrodna.life.

У клубнай індустрыі Анастасія больш за тры гады, а з музыкай звязаная з ранняга дзяцінства: вучылася на музыканта, потым выкладала ў вакальнай студыі ў Медыцынскім універсітэце, выступала на гарадскіх мерапрыемствах.

Справа выпадку

Насця кажа, што стала дыджэем па волі выпадку. «Ідэя паўстала не па маёй ініцыятыве. Маім любімым кірункам у музыцы быў deep house і я збірала якасныя падборкі для хатняга праслухоўвання. Аднойчы чалавек, які ведаў, што ў начны клуб шукаюць дзяўчыну-дыджэя, прапанаваў навучыць мяне і паспрабаваць заняць вакансію».

Паўгода трэніровак і падбору музычнай калекцыі - і DJ Curly стала рэзідэнткай клуба «БАЗА». Было цяжка ўявіць сябе ў ролі дыджэя, кажа Насця, бо гэта не проста чалавек, які пераключае трэкі, у яго павінен быць свой стыль звядзення, ён павінен любіць музыку, умець адчуваць настрой і энергетыку публікі.

Чаму Curly

«Мяне ўсё жыццё называлі кучаравай, таму сцэнічнае імя я выбрала хутка. Curly з ангельскай — кучаравы. У „БАЗЕ“ пад такім імём я працую ўжо тры гады».

Кучарашка Curly. Гродзенская дзяўчына-дыджэй аб ідэальным клубе, выступах топлес і "Міс Гродна"
Дыджэя не ўсе бачаць

Быць дзяўчынай у мужчынскім калектыве — велізарная перавага, лічыць Анастасія: табе саступаюць, дапамагаюць і ставяцца паважліва. А наведвальнікі клуба па рознаму рэагуюць на дзяўчыну за пультам. «Для адных я проста танцорка, якая стаіць за пультам і робіць выгляд, што грае, а для іншых — добры дыджэй. Ёсць нават адсотак людзей, які зусім мяне не бачыць».

Паколькі DJ Curly — рэзідэнт клуба, то ёсць крытэрыі ў выбары музыкі. «У начных установах, калі яны не вызначанага фармату, граюць камерцыю. І я не выключэнне. Але мае любімыя напрамкі - Deep House, RnB і Hip-Hop».

Ідэальны клуб

Сёння ў начных клубаў вялікая канкурэнцыя: адкрылася шмат дыска-бараў і людзям камфортней у невялікім памяшканні, дзе і 30 чалавек могуць стварыць атмасферу весялосці. У той жа час, для начнога клуба 50 чалавек — гэта пустата.

«Развіццё дыджэінгу ў Гродне пакідае жадаць лепшага. Горад маленькі, прафесійных дыджэяў няшмат, у асноўным усе вучыліся самі або хадзілі ў школы дыджэяў, якія даюць базавыя веды. А для далейшага развіцця спецыялістаў няма», — лічыць Анастасія.

Яна кажа, што ідэальны начны клуб — гэта месца, у якім чалавек павінен адчуваць сябе камфортна і нязмушана. Установа не можа быць ідэальнай для кожнага, у кожнага свае погляды на адпачынак. Хто-небудзь хоча паслухаць добрую музыку і выпіць, хтосьці смачна паесці, некаторыя — паглядзець добрую шоў-праграму. Хтосьці прыходзіць для знаёмстваў і размоваў.

«Задача арганізатараў - якасна і крэатыўна стварыць усе ўмовы для гэтых інтарэсаў. Добра, калі адміністрацыя разумее,
што якасная праграма сапраўды патрэбна, і гатовая спансаваць мерапрыемствы».

Кучарашка Curly. Гродзенская дзяўчына-дыджэй аб ідэальным клубе, выступах топлес і "Міс Гродна"
Топлес — гэта шоў

«Не магу назваць аднаго канкрэтнага дыджэя, на якога я раўняюся. Шмат у каго ёсць чаму павучыцца. Вядома, для мяне паказальныя дыджэі сусветнага ўзроўню: Dimitri Vegas, Hardwell, Tiesto і іншыя. Яны пішуць музыку — гэта важна ў гэтай дзейнасці. Ёсць дыджэі, якія не пішуць музыку, але валодаюць бездакорнай тэхнікай. Яшчэ я захапляюся дыджэямі, якія валодаюць тэхнікай скрэтч: Jazzy Jeff, Skratch Bastid, Nu-mark, Dj Erik і іншыя. Фаварытка сярод дзяўчат дыджэяў - DJ Mattn».

Многія дыджэі ствараюць цэлыя шоў. Так, сярод дыджэяў-жанчын ёсць варыянты з go-go або працай топлес. Анастасія лічыць, што ў гэтых выпадках большы ўпор робіцца на шоў. «Ва ўсіх свае ідэі для заробку, мне няма чаго сказаць з гэтай нагоды. Сама ўдзельнічала ў пастановачных нумарах з танцорамі. Гэта відовішчна і нічога дрэннага ў гэтым не бачу».

Хобі стала працай

Анастасіі пашанцавала — яе хобі стала прафесіяй. Акрамя дыджэінгу і вакалу яна любіць падарожнічаць. Асабістаму жыццю начная праца не перашкаджае: «Хлопец паважае мае інтарэсы, таму да працы ставіцца станоўча».

Пачаткоўцам, якія думаюць паспрабаваць сябе ў дыджэінгу, Анастасія гатовая даць пару парадаў.

«Трэба валодаць вялікай сілай волі і разумець, нашто табе гэта трэба. Дыджэй, як і любы музыка, павінен мець пачуццё рытму. Дыджэю, як любому артысту, трэба мець уласны стыль і харызму, упэўненасць у сабе.

Каб проста пачаць зводзіць трэкі патрэбна рэгулярная практыка, якую адразу пасля курсаў атрымліваюць не ўсе. Калі чалавек хоча зарабляць на дыджэінгу, яму варта адразу ж купіць апарат для практыкі. З вопытам можна пачынаць граць ва ўстановах. Там атрымліваеш самы важны досвед: вядзенне публікі за сабой, стварэнне энергетыкі і атмасферы танцпола. Толькі з вопытам пачынаеш разумець, якой музычнай падборкай ты здабудзеш поспех у вачах публікі".

Кучарашка Curly. Гродзенская дзяўчына-дыджэй аб ідэальным клубе, выступах топлес і "Міс Гродна"

«Перадужаць страх можна толькі прайшоўшы праз яго, таму проста дзейнічайце, выходзьце і рабіце, прайшоўшы праз усе ўнутраныя перажыванні і хваляванні. Я хвалявалася доўгі час, калі трэба было выходзіць на сцэну, і хвалююся дагэтуль перад выступамі на іншых пляцоўках.

Наконт навучання дыджэінгу — пішыце ў Інстаграм дырэкт @curly_dj, я асабіста пракансультую, дзе можна атрымаць базавы вопыт".

«Міс глядацкіх сімпатый»

У 2017 годзе Настасся ўдзельнічала ў конкурсе «Міс Гродна». Праўда, яна лічыць, што не столькі ён дапамог кар’еры дыджэя, а наадварот — кар’ера дыджэя дапамагла атрымаць як мінімум адну стужку «Міс глядацкіх сімпатый».

«Многія з гледачоў ведалі мяне як дыджэя. Пасля конкурсу паступалі прапановы выступаць на розных гарадскіх пляцоўках.
У гэтым ёсць і заслуга конкурсу.

Я ніколі не магла б падумаць, што ў мяне з’явіцца ідэя праявіць сябе ў ролі мадэлі, але ідэя прыйшла і я разумела, што сапраўды змагу, чаму б і не. Пасля конкурсу я стала больш жаноцкай і грацыёзнай. Гэта тыя якасці, якія дапамагаюць мне сёння ў працы як дыджэя, так і вакалісткі".

Кучарашка Curly. Гродзенская дзяўчына-дыджэй аб ідэальным клубе, выступах топлес і "Міс Гродна"