Аляксей Сцяпанычаў гэта той самы хлопец, які 1 чэрвеня паставіў рэкорд Гродна па адцісканнях. За гадзіну ён адціснуўся 1500 раз. Гродзенец рыхтаваўся да гэтага рэкорду на прыродзе з групай аднадумцаў. Пра сваю падрыхтоўцы і пра правільныя трэніроўкі хлопец распавёў Hrodna.life.
У спорце Аляксей з ранняга дзяцінства. 12 гадоў ён аддаў плаванню і стаў майстрам спорту. Некалькі гадоў працаваў у міліцыі - дэпартаменце аховы, а цяпер ён інструктар у трэнажорнай зале.
«Я заўсёды быў звязаны са спортам. Спачатку на секцыі плавання ў мяне была сур’ёзная падрыхтоўка, пасля хадзіў у трэнажорную залу. А з канца 2018 года стаў практыкаваць кросфіт. Знайшоў аднадумцаў. Пакуль было холадна займаліся толькі ў зале, а як пацяплела, то ўсе трэніроўкі перайшлі на вуліцу. Гэта не толькі турнікі і брусы, але і іншыя фізічныя нагрузкі, у тым ліку і бег. З часам з’явіліся практыкаванні з камянямі і рознымі бярвёнамі. Як аказалася, каб пракачаць сябе, не абавязкова цягаць жалеза ў зале, можна выкарыстоўваць і падручныя сродкі ў тым жа лесе. Гэта натуральна і больш пасуе чалавеку. Бо нашы продкі са старажытных часоў займаліся менавіта так».
Запісаліся многія, прыйшло некалькі чалавек
Калі Аляксей стаў папулярызаваць свае трэніроўкі ў лесе, з’явіліся зацікаўленыя гродзенцы, якія хацелі далучыцца. Але з 20 тых, хто запісаўся на першую трэніроўку, прыйшло толькі некалькі чалавек.
«Спачатку быў ажыятаж у каментарах, але ў выніку прыйшло 5−6 чалавек. Але і гэта ўжо вынік. Нехта да гэтага часу займаецца.
На пастаяннай аснове пакуль толькі я і мой сябар Віталік — мы як заснавальнікі больш зацікаўлены ў гэтым. У гарачы перыяд трэніроўкі перайшлі на пляж. Там сталі выкарыстоўваць і гіры. Такім чынам прыцягваем да спорту і адпачываючых. Людзі падыходзяць, знаёмяцца і цікавяцца трэніроўкамі».
Трэніроўкі з друідамі
Агульную трэніроўку для ўсіх жадаючых Аляксей з Віталікам праводзяць па нядзелях. За дзень у сацыяльных сетках яны заўсёды паведамляюць пра месца трэніроўкі. У асноўным гэта лясная пляцоўка на Паповіча. Хлопцы называюць сябе друідамі.
«Неяк прыйшла такая назва, так і замацавалася за намі. Зараз мы ўжо ні пад каго не падладжваемся, выконваем свае комплексы. Калі будзе жаданне і попыт, мы складаем трэніроўкі і кансультуем пачаткоўцаў па ўсіх пытаннях. Любы чалавек можа да нас прыходзіць і займацца. Трэніроўкі бясплатныя».
Давідыч паставіў лайк
Рэкорд Аляксея па адцісканнях у Гродне яшчэ ніхто не пабіў. Хлопец ужо думае пра новыя рэкорды.
«Ёсць ідэі, але патрэбна падрыхтоўка. А так 1500 адцісканняў за гадзіну ў Гродне дакладна яшчэ ніхто не зрабіў. У іншых гарадах і краінах, я не ведаю. Мне ніхто яшчэ не пісаў. Дарэчы, пасля майго рэкорду сам блогер Давідыч зайшоў да мяне на старонку ў інстаграме і паставіў лайк. Нечакана было, але прыемна. Бо ён пачаў гэты чэлендж.
Насамрэч адціснуцца 1500 разоў за гадзіну гэта вельмі складана. Мой поспех у тым, што я доўга займаўся сілавымі і кардыятрэніроўкамі. Да такой нагрузкі трэба падрыхтаваць сэрца і цягліцы. Не ўсё так проста. Да мяне прыходзяць займацца такія хлопцы, што і 30 раз не могуць зрабіць. Але чалавечы арганізм на многае здольны. Можа ён зараз з цяжкасцю 30 адціскаецца, а праз месяц і сотку здужае. Усё залежыць ад жадання чалавека і яго правільных трэніровак".