У гродзенцаў дома захоўваецца нямала старых рэчаў з цікавай гісторыяй. У рэдакцыю Hrodna.life нясуць фатаграфіі, дзённікі, карты і многае іншае. Гэту таблічку паказаў нам Віктар Пелуновіч. Яе ў 1939 годзе з прыходам савецкай улады зняў са школы ў вёсцы Ласосна прадзядуля Віктара. Шыльда праляжала ў хляве амаль 80 гадоў, пакуль ёй не зацікавіўся малады гродзенец.
Тое, што ў хляве сярод усякага хламу ляжыць старая шыльда, Віктар нават не ведаў. Усё пачалося, калі хлопец стаў займацца гісторыяй сваёй сям'і. Рарытэт паказаў Віктару дзядуля, а яго гісторыю распавяла бабуля.
«Бліжэй да 20 гадоў я стаў цікавіцца гісторыяй сям'і і часта пытаўся ў дзеда і бабулі пра родных, пра старыя фатаграфіі і розныя рэчы, — распавядае Віктар. — Аднойчы дзядуля мне кажа: „Глядзі, якая шыльда ёсць у хляве“. Шыльда апынулася сапраўды цікавай і са сваёй гісторыяй».Па ўспамінах бабулі Віктара, шыльду са школы зняў яе бацька, Адольф Малевіч, прадзядуля хлопца.
«Пры якіх абставінах ён яе здымаў, я не ведаю, — кажа Віктар, — Але тады быў 1939 год, той перыяд, калі ў Заходнюю Беларусь прыйшлі Саветы. Чаму ён рызыкаваў, я не ведаю, але магчыма, гэтая родная школа была яму вельмі дарагая і ён верыў, што калі-небудзь зноў гэтую таблічку павесіць на дзверы гэтай установы. Пачалася вайна, улада мянялася. Школу з часам знеслі, а шыльда захавалася ў нашым хляве».
Адольф Малевіч ўсё жыццё пражыў у Ласосне, служыў у польскай арміі, пры саветах быў асуджаны на 7 гадоў лагераў за свой невялікі магазін. Пражыў ён 98 гадоў.Драўляную школу развалілі ў пачатку 1950-х гадоў. Побач у 1955 годзе быў пабудаваны новы цагляны будынак Ласоснаўскай школы.
«Шыльду я забраў, пачысціў ад іржы і пакінуў у сябе ў кватэры. Можа прыйдзе час і аддам яе ў музей. Вось толькі ў які, яшчэ не ведаю», — сказаў Віктар.
Сёння ад старой драўлянай школы ў Ласосне засталіся толькі ўспаміны і фатаграфіі. У новай школе, якую пабудавалі ў савецкія гады, ўжо ў іншым месцы, пра старую нічога практычна і не ведаюць. Музейнага пакоя там няма.
Што яшчэ хавалі ў Гродзенскай вобласці?
Журналіст Анджэй Пачобут расказвае, што жыхары Заходняй Беларусі ў 1939 годзе актыўна хавалі розныя рэчы ад савецкай улады. Хавалі фатаграфіі, гербы, дакументы, шыльды і сцягі. Камуністы за знойдзеную рэч папросту маглі саслаць у Сібір.
«Напрыклад, у Наваградку ў белым касцёле [Фары — рэд.] захоўваецца герб Польшчы, які вісеў на станцыі ў Наваельні. Зняў працоўны і ўсё жыццё захоўваў, чакаў, што Польшча вернецца, тады і аддасць. Калі ён паміраў, пра герб распавёў сваім дзецям. Сказаў, каб яны аддалі гэтую рэч ксяндзу ў касцёл», — распавёў Анджэй Пачобут.
У Гродзенскай вобласці вядомы яшчэ выпадак, калі ў лідскай школе падчас рамонту знайшлі сцяг з імем першага прэзідэнта Польшчы Габрыэля Нарутовіча. Ён белы з аднаго боку, чырвоны — з другога, на ім вышытая Маці Божая і герб у выглядзе арла з каронай. Магчыма, яго таксама схавалі ў 1939 годзе.
Хавалі патрыёты сваёй дзяржавы
Гісторык Ігар Мельнікаў адзначае, што насамрэч жыхары Заходняй Беларусі не вельмі часта хавалі рэчы, такія як гэтая шыльда. Яны былі праявай польскай улады, да якой не ўсё ў нас ставіліся лаяльна, а пасля 17 верасня 1939 года хутчэй імкнуліся знішчыць.
«Такія рэчы хавалі этнічныя палякі, патрыёты сваёй дзяржавы, або ворагі бальшавіцкай сістэмы. Дарэчы, калі б нешта такое знайшлі падчас ператрусу супрацоўнікі НКУС, уласніка маглі б надоўга адправіць у ГУЛАГ. Першымі «ахвярамі» 17 верасня сталі польскія памежныя шыльды са Стоўбцаў, якія чырвонаармейцы знішчалі бязлітасна.
Найбольш кранальнай гісторыяй з’яўляецца лёс аднаго з супрацоўнікаў Пасольства Польшчы ў Маскве, якому ўдалося выратаваць сцяг, які вісеў на будынку. Пасля 17 верасня бальшавікі загадалі польскім дыпламатам з’ехаць з будынка. Адзін з супрацоўнікаў зняў сцяг з флагштока і забраў. Але неўзабаве яго арыштаваў НКУС і накіраваў у лагер. Чалавек захаваў сцяг і ў 1941 годзе ўступіў у Армію Андэрса, а пасля вайны перадаў гэтую рэліквію ў Польшчу. Цяпер той сцяг зноў знаходзіцца ў будынку польскай амбасады ў Маскве".