Яшчэ падчас падрыхтоўкі было зразумела: фестываль з такімі імёнамі не можа не атрымацца. Сюды збіраліся і тыя, хто хацеў на паўгадзіны вярнуць «свой 2007-й» пад «Аnimal Джаz», і прыхільнікі этна-року «Вопляў Відаплясава», і тыя, што толькі нядаўна пачуў песні пра «лабутэны» і «сіські» ад групоўкі «Ленинград».

З абеду ў Ліду пачалі сцякацца людзі з усёй краіны. Парасяты на ражне круціліся, шашлыкі на шампурах сквірчэлі, піва і квас разліваліся. Людзей вабіла свабода «міні-Актобэрфэста». Калі яшчэ можна піць пенныя напоі, седзячы на траве ў цэнтры горада, хай і раённага? Дарэчы, разлівалі ў палатках без чаргі, а людзям хапала закусак з каўбасак і шашлыкоў. Толькі вегетарыянцам трэба было пашукаць на фестывалі фалафель. Але і ён быў.

Магчыма, пабілі рэкорд

— Кожны год я думаю: а ці трэба нам рабіць фестываль? Гэта ж столькі працы, — кажа генеральны дырэктар «Лідскага піва» Аўдрыус Мікшыс. — І потым я думаю, што ўсё ж такі гэта добра для нашых аматараў піва — яны могуць пакаштаваць добрыя напоі і добрую ежу. Гэта добра для горада. І кампаніі «Лідкага піва» прыемна ўбачыць тут сваіх спажыўцоў і падзяліцца добрымі эмоцыямі.

У мінулым годзе на фестываль завітала 120 000 чалавек. Сёлета — 130 000.


ФОТА: У Лідзе прайшоў фестываль LIDBEER 2018


Калі б не было канцэртнай пляцоўкі, то LIDBEER цалкам нагадваў бы нейкае свята горада. Такое ўражанне рабілі шашлыкі, шарыкі, сем'і з дзецьмі, кітайскія пластыкавыя цацкі ў палатках, лазертаг і ціры, атракцыёны тыпу «правісі дзве хвіліны на турніку і выйграй 30 рублёў», у якіх выйграць можна хіба што Неймаверны Халк. Але для некаторых такая фестывальная мітусня стала нагодай выбрацца з дому — ну то і добра.

Учора — малая сцэна, сёння — вялікая, а заўтра — хэдлайнеры?

Да вечара наведвальнікаў забаўлялі палаткі з сувенірамі, экскурсіі ў Лідскі замак і на завод «Лідскага піва», атрыкцыёны і малая сцэна з маладымі гуртамі. Самае цікавае пачалося на вялікай сцэне ў 17.30. Адкрываў праграму гурт, які перамог у інтэрнэт-галасаванні ў мінулым годзе — «ЧуVство Полёта». Музыкі кажуць, што шмат хто даведаўся пра іх толькі дзякуючы LIDBEER, таму маладым музыкантам варта прыгледзецца да фестывалю і ўдзельнічаць.

Магілёўцы Nizkiz калісьці выступалі на малой сцэне, а зараз дараслі да вялікай. Музыканты абяцаюць калі-небудзь стаць хэдлайнерамі фестывалю. Зараз яны працуюць над новым альбомам і актыўна выступаюць па Беларусі. Вакаліст прызнаўся, што часта забывае тэксты ў час выступу, але на фестывалі мы такога не заўважылі. Аляксандр Красавіцкі з Аnimal Джаz заўважыў, што беларусы — вельмі музыкальны народ. Але выступы на фестывалях даюцца ўсім музыкантам цяжка, бо гук ніколі іх не задавальняе, публіка часта не падрыхтаваная. Тым не менш, падчас выступу вакаліст прызнаў, што яму спадабалася. «А калі ўсім нашым музыкантам падабаецца выступ, мы граем новую песню», — абяцае музыкант. Аказалася, ён жартаваў, а прагучалі іх самыя вядомыя «Три полоски».

Скрыпка пра feat з беларусамі, а Шнураў - пра б*ядзей

У гурта «Воплі Відоплясова» ёсць песня «Ліда-Ліда», якую яны не гралі каля 20 гадоў і ўзгадалі для фестываля. Таксама прагучалі песні па-беларуску і ўкраінскамоўны кавер «Пачки сигарет» Цоя. Алег Скрыпка сказаў, што ў Беларусі робяць вельмі добрую музыку. Але пра гэта ніхто не ведае. Вакаліст кажа, што не супраць запісаць feat з беларускімі гуртамі і стаць іх «прамоўтарам» у Еўропе.

Сяргей Шнураў выступаў у трэнірах, шмат лаяўся, дэманстраваў падкачаны прэс і расказваў, што курэнне выклікае рак, а алкаголь — б*ядзей. Таму, калі б ён ужываў яго столькі, колькі хочацца, а не колькі можна, то быў бы не на фестывалі, а ў гатэлі з трыма дамамі.

Адыграўшы некалькі песен, Шнураў сказаў: «Прабачце, забыў прадставіцца: я — Сярожа». Выступ атрымаўся сапраўды маштабным: і жаночы вакал, і цэлы аркестр духавых інструментаў, і нешта ад тэатру. Праз паўтары гадзіны канцэрту Шнураў «выйшаў пакурыць», пасля вярнуўся і сыграў яшчэ некалькі песен. Скончыўся вечар святочным салютам.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life