Прамова гродзенскага школьніка Мікіты Кузьмініча “Пяць прычын, чаму беларусы не гавораць па-беларуску” выйшла на ютуб-канале ALL TEENS CAN (Кожны падлетак можа). Гэта пляцоўка дае магчымасць падлеткам з розных краін распавесці пра себе ці падзяліцца меркаваннем з важных для іх нагодаў. Падлеткі, што хочуць паспрабаваць сябе ў блогерстве, могуць дасылаць туды троххвілінны ролік.

Падказак і “наводак” у выбары тэмы не было

Мікіту Кузьмінічу 13 год, ён вучыцца па-беларуску ў сёмым класе гімназіі №10.  Па яго словах, тут вельмі файныя настаўніцы і настаўнікі, так што вучыцца яму падабаецца.

Чытайце яшчэ:  Беларуская з нуля. Гродзенка стварыла дапаможнік па мове для дзяцей і дарослых

Бацька Мікіты, Ігар Кузьмініч, расказаў, што тэму для выступу хлопец выбіраў самастойна. Ніякіх падказак ці «наводак» з боку  дарослых не было. “Я папрасіў яго падумаць над тэмамі. Праз дзень ён прапанаваў дзве: тую, з якой выступіў, пра беларускую мову, і другую – пра бяспеку дзяцей і моладзі ў сацыяльных сетках. Сын папрасіў мяне сказаць, якая з іх лепшая. Я адказаў, што адна і другая актуальныя і вартыя ўвагі, але яму трэба з іх выбраць толькі адну. Ён выбраў пра мову. Не буду хаваць – мне гэта было вельмі прыемна! Але я аніяк не стараўся паспрыяць такому выбару”.

https://youtu.be/WhhDsYoF4b4?list=PLPXAXjeMc38TvyOEwZ813OTqbYEds7FcT.

Які дуб – такі і клін, які бацька – такі сын

У сям’і Кузьмінічаў моўнае пытанне складаным не з’яўляецца. Тут гавораць па беларуску ўвесь час, аргументуючы такі выбар вельмі проста. “Гаворым па простай прычыне – бо мы беларусы! Гэта адзіная прычына. Немцы гавораць па-нямецку, палякі па-польску, арабы па-арабску… Многа ёсць людзей што гавораць на іншых мовах – ну і дай ім Бог здароўя. Акрамя беларускай дзеці ведаюць рускую, вучаць англійскую. Вельмі хацелі платна вучыць нямецкую, але ў школе не атрымалася набраць групу”, – распавёў Ігар.

Чытайце яшчэ:  Беларуская мова ў школах не патрэбная гродзенцам, або Калі на Гродзеншчыне цалкам знікне навучанне на мове тытульнай нацыі

Што да блогерскага досведу, то “прамова пра мову” – першая спроба Мікіты выступіць на шырокую інтэрнэт-аўдыторыю. Інфармацыю пра інтэрнэт-курс навучання прамовам знайшлі ў сеціве бацькі і прапанавалі дзецям.

“Мікіта ўзяўся і паспяхова выканаў усе заданні. Працаваў з ахвотай. І мы з жонкай вельмі радыя, што яму спадабалася і ён рабіў усё самастойна і з ахвотай. Развіваць сваё дзіцё, ці не гэта адна з задачаў бацькоў? Вось, мы стараемся стварыць умовы, каб нашыя дзеці развіваліся, вучыліся, неяк праяўлялі сябе ў розных сферах, пакуль не выберуць нешта, што ім будзе да спадобы”.

Лепш па-беларуску з памылкамі, чым па-руску з тымі ж памылкамі

Пра сябе Ігар Кузьмініч кажа, што захоўваць беларускасць, ці дакладней, жыць па-беларуску – гэта не намаганне: “Гэта і ёсць жыццё! Я толькі так і жыву. Проста хачу, каб мае дзеці выраслі паспяховымі і падрыхтаванымі да жыцця актыўнымі грамадзянамі са сваёй пазіцыяй, поглядамі, прынцыпамі. Так і выхоўваю. Беларуская мова – адзін з цэнтральных складнікаў такога выхавання”.

Рускамоўным беларусам Ігар раіць спрыяць і дапамагаць любому, хто выкарыстоўвае беларускую мову і самім яе абараняць: “Нават калі не гаворыце, але чуеце, што нехта яе зневажае”. А самае галоўнае – усё-такі пачынаць размаўляць па-беларуску, нават калі з памылкамі: “Лепш па-беларуску з памылкамі, чым па-руску з тымі ж памылкамі”. Так што вучыце сваіх дзецей беларускай!


Выступ Мікіты Кузьмініча з’яўляецца часткай праекта “ТэДДі – Трыбуна для меркаванняў дзяцей і моладзі”, які сумесна рэалізоўваюць рэдакцыя газеты “Аргументы і факты ў Беларусі”, РГА “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” і Прадстаўніцтва Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі.

Паслухаць больш прамоваў і падтрымаць лепшых выступоўцаў лайкамі можна на старонцы праекта.