У цэнтры Гродна адкрыецца новая сталовая. Яна размесціцца ў будынку на вуліцы Замкавай, 21, дзе раней працаваў начны бар «Leon». Установа атрымае назву «Мельница». Адкрыццё запланавана на 6 сакавіка 2026 года. Пра гэта паведамілі ў акаўнце slivki_grodno ў Threads.

UPD. Сталовая ўжо адкрылася ў тэставым рэжыме. Агляд пункту грамадскага харчавання з’явіўся ў Instagram-акаўнце zatestil_grodno.
Унутры — светлы інтэр’ер у бежавых танах з рознымі цікавымі дэталямі. Напрыклад, люстры з макрамэ, беларускія ўзоры на сценах. Таксама адзначаецца прыемны від з акна. Зала прасторная, столікаў дастаткова.
У меню — салаты, супы, гарніры. Ёсць і дранікі. Цэны для цэнтра горада цалкам прымальныя. Так, курыны булён каштуе 2,5 рубля за порцыю, салат з капусты — 1,5 рубля, бульбяное пюрэ — 2 рублі, курыная катлета — 3,8 рубля, катлета «Дамашняя» — 4 рублі, блінчык з курыцай і грыбамі — 5,60, за такі ж кошт можна купіць і блінчык з мясам, ягадны морс — 1,2 рубля.

Начны бар пры рэстаране «Бакст» пачаў працу 19 ліпеня 2022 года. Яго інтэр’ер быў аформлены ў стылі Амерыкі 1920–30-х гадоў. Ва ўстанове было дзве залы: першая — у духу кабарэ і бурлеск-шоу з перавагай чырвонага і чорнага колераў і металічнымі элементамі «пад золата».

Прастору ўпрыгожвалі падвясныя люстры і дэкаратыўныя інсталяцыі. За шырокай барнай стойкай госці маглі заказаць напоі і назіраць за выступленнямі танцораў — як у клетках, так і на сцэне. Другая, «зялёная», зала вызначалася больш спакойнай атмасферай.

У Гродне замест начнога бара, які закрываўся на «рэканцэпцыю», адкрылася сталовая (абноўлена)
Фота: slivki_grodno

Летам 2025 года бар закрыўся. Тады ў сацсетках установы паведамлялі, што яна «зачыняе дзверы на рэканцэпцыю» і неўзабаве прадставіць «абсалютна новы фармат».

Зараз у адной з былых зал ужо працуе кафэ-пякарня «Ссобойка», а ў другой размесціцца сталовая «Мельница». Для яе прадугледжаны асобны ўваход.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы