Беларусы распавядаюць у сацсетках пра скасаванне тураў з Мінска ў Дубай. Прычынай адмены рэйсаў называюць “ваенныя дзеянні на Блізкім Усходзе”.
“Ну што. Ужо афіцыйна. Наш тур з 4-га па 12 сакавіка з Мінска ў Дубай ануляваны. Рэйс адменены. Планы на др пайшлі па звяздзе. Ужо другі раз мы трапім на адмену рэйса ў Дубай. З-за ваенных дзеянняў на Блізкім Усходзе. Хто параіць тур выхаднога дня ў санаторыях РБ?”- напісала карыстальніца ў адной з сацсетак.
Грошы пары “Ваяж Тур” павінен вярнуць у поўным аб’ёме. А вось іншай карыстальніцы аператар TEZ TOUR вяртанне сродкаў пакуль не прапануе – рэйс прызначаны на 1 красавіка. Але яна ўпэўненая, што войны “хутка не сканчаюцца”.
Паводле інфармацыі аўтаркі паста, вывазных рэйсаў у Беларусь не будзе да 5-га чысла. Усім турыстам у Дубаі працягнулі знаходжанне.
Пры гэтым іншай беларусцы з вылетам у ноч з 3 на 4 сакавіка “АнексТур” выслалі анлайн-браніраванне на рэйс. Аўтарка запэўнівае, што паездка ўсё ж не адбудзецца.
У каментарах карыстальнікі жартуюць, што на беларускі санаторый трэба збіраць даўжэй, чым на Дубай.
Як з’ехаць з Дубая?
Напярэдадні стала вядома, што ў краінах Блізкага Усходу цяпер знаходзяцца каля 3000 беларусаў. Сёння, 3 сакавіка, запланаваны рэйс Дубай–Мінск, на якім перавязуць пасажыраў з авіябілетамі на рэйс Дубай-Мінск 28 лютага 2026 года.
Рэгулярныя рэйсы Мінск-Дубай 4 і 5 сакавіка адмененыя. Замест іх таксама прадугледжаныя вывазныя вылеты: самалёт вылеціць з Мінска пустым і даставіць у Беларусь пасажыраў, якія знаходзяцца ў Дубаі. Цяпер авіякампанія атрымлівае неабходныя дазволы.
Таксама МТС абнуліў кошт званкоў для абанентаў, якія знаходзяцца ў ААЭ “ў сувязі са складанай сітуацыяй у рэгіёне”. Абанентам даступныя бясплатныя ўваходныя і выходныя выклікі ўнутры краіны і ў Беларусь. Нулявы кошт дзейнічае па 15 сакавіка. Для тых, хто з 28 лютага карыстаўся галасавой сувяззю, кампанія вырабіць пераразлік. Таксама ёсць пакет інтэрнэту “1 Гб за мяжой+” на 7 дзён.

