У Гродне адкрылася крама вінілавых пласцінак і кампакт-дыскаў «Вініл». Там можна знайсці і старыя прайгравальнікі. Асартымент налічвае больш за 7 тысяч пазіцый — ад рок-альбомаў і джаза да савецкай эстрады і сучаснай музыкі.
Крама размешчана на вуліцы Камсамольскай, 4 і адкрылася летам 2025 года. Цэны на пласцінкі розныя: «Ёсць скрынка са стокам — усё па 5 рублёў, неафіцыйныя выданні ад 10, ліцэнзія ад 15, фірмовыя ад 20», — адзначаецца ў Instagram крамы.
Мяркуючы па відэа ў сацсетках, пакупнікі рознага ўзросту шукаюць тут як вінтажныя рок-пласцінкі, так і хіты сучаснасці. Ёсць нават рускі рэп. Каталог ёсць у Instagram.

Таксама ў краме можна купіць стары, але спраўны прайгравальнік вінілу Denon DP-300F. Кошт апарата — 810 рублёў. Ёсць дастаўка па Беларусі. Рэгулярна бываюць новыя паступленні. Таксама ў шапцы профілю пазначана, што можна прадаць вініл — відаць, самой краме.
У прасторы таксама функцыянуе ініцыятыва «Море к вершине», у межах якой праходзяць канцэрты.
З 1995 па 2016 год у Гродне працавала музычная крама «Шоўтайм» на вуліцы Горкага, 64. Яе ўладальнік, Юрый Грыгер, расказваў: «Мы былі першымі. Да нас прыязджалі з усяго горада па эксклюзіўныя фірмовыя дыскі і якасны запіс».
Пакупнікі прыязджалі не толькі з Гродна, але і з Мінска, Беластока, Гданьска, Кракава, Каўнаса і Таліна. У апошнія гады працы «Шоўтайм» абслугоўваў каля 50–60 пастаянных кліентаў, плошча крамы скарацілася ў пяць разоў. У выніку яе прыйшлося закрыць, а рэшткі вінілу ўладальнік распрадаў.




