У ліквідаванага ў Беларусі «Таварыства беларускай школы» з’явілася магчымасць адкрыць суботнія школы ў розных гарадах Польшчы. Ёсць магчымасць адкрыць 24 класы. То бок калі ў адным горадзе адкрыюць класы з першага па адзінаццаты, то на іншыя гарады застанецца 13 класаў. Заяўкі ўжо пачалі паступаць. У клас трэба набраць не менш за сем чалавек. Аб гэтым на сустрэчы з актывістамі ў Беластоку расказаў старшыня ліквідаванай арганізацыі Алесь Лозка.

У межах школы будуць праходзіць чатыры-пяць урокаў па суботах. Вывучаць будуць прадметы «беларускага кампаненту». Але таксама будуць праводзіць кансультацыі па іншых прадметах, якія дзецям можа быць складана вывучаць праз моўны бар’ер.

У Варшаве ўжо існуе платная афлайн-школа і бясплатная — анлайн. Яе наведваюць дзеці з 16 краін свету. «Адчуваецца па прозвішчах — Алеся Коба, Сэм. Адчуваецца, што яны прадстаўнікі не гэтай эміграцыі, а, можа, даўно прыехалі. Яны хочуць вучыць беларускую мову і гісторыю», — расказваў Алесь.

Алесь Лозка
Алесь Лозка. Фота: svaboda.org

«Беларускую школу ў Варшаве» запусцілі ў 2022 годзе. У анлайн-школу запісаліся нават дзеці з Беларусі. Таксама зрабілі набор у асобныя мастацкія гурткі і студыі: харэаграфічныя, спеўныя. Заняткі праводзяцца афлайн у Беларускім моладзевым хабе.

У стваральнікаў ёсць магчымасць аплаціць працу настаўнікаў. Наконт памяшкання будуць дамаўляцца з польскімі ўладамі. Настаўнікаў, упэўнены Алесь Лозка, яны знойдуць. У эміграцыю з’ехалі настаўнікі вышэйшых катэгорый і прафесары, якія вымушаны працаваць, напрыклад, нянямі.

Алесь Лозка мяркуе, што гэта важна, каб дзеці эмігрантаў, якія вернуцца ў Беларусь, не пачыналі навучанне занава, а мелі базу.

Беларускія класы ў Гродне

У Гродне не было ніводнай школы з вывучэннем прадметаў на беларускай мове. Беларускамоўных класаў - адзінкі. У 2021 годзе беларускі клас адкрылі у «польскай» школе № 36. Бацькі выступалі супраць.

Чытайце таксама: У Гродне набіраюць беларускамоўныя класы. У школе Кастрычніцкага раёна пакуль усяго адна заяўка